Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ніхто дабром не дасць збаўлення...
Ніхто дабром не дасць збаўлення... - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ніхто дабром не дасць збаўлення...

Электронная книга - «Ніхто дабром не дасць збаўлення...». Краткое содержание книги:

«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — трэцяя кніга з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсам ўжо знаёмых нам герояў — менскіх злодзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага.
У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і сталі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады выславілася Камароўка?
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгодаў і авантур, небяспекі, вясёлых і трагічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 93
Перейти на страницу:

— Цалкам.

Яны развіталіся вельмі сардэчна і пяшчотна. Маруся нават была вясёлая. Калі Ясь ішоў на Залатую Горку, яго ахапіў смутак. Ён не ведаў, што пасля ягонага адыходу Маруся замкнула дзверы на ключ, кінулася на ложак і вельмі доўга заходзілася ад плачу.

х х х

Заўтра раніцай да Яся прыйшоў Грамадзянін і ўручыў яму брудную, скамечаную цыдулку. Ясь разгарнуў яе. З цяжкасцю прачытаў пасланне, напісанае друкаванымі літарамі. Змікіціў, што гэта пісаў Баран. Малява была кароткая:

ПАД ДОМАМ МІЛАГА ЛЯЖЫЦЬ ТОЕ, ШТО КУПІЎ АЖУР, У СКРЫНЦЫ. ПАДЗЯЛІ САБЕ І ПАЎЛІНЦЫ. КАРМІ МІЛАГА. МНЕ ХАЛЭМУС. БЫВАЙ.

МАНГОЛ

Ясь адразу ж сцяміў, пра што вядзецца. Толькі адна думка атруціла ягоны спакой. Ён не мог згадзіцца аддаць Паўлінцы тое, што прызначыў ёй Баран. Ён і так яе ніколі не любіў а цяпер глядзеў з гідлівасцю. Паўця зрабіла некалькі спробаў наладзіць стасункі з Ясем і Насткаю, але яны абое ўхіліліся ад гэтага. Хлопец не падазраваў што гэта Паўлінка выдала Барана. Ён ведаў што ператрус у яе правялі так грунтоўна, што яна засталася ў пустой кватэры. Зніклі нават лепшыя сукенкі і паліто. Былі канфіскаваныя ўсе грошы, а з крамы забралі ўвесь тавар.

Паўця на другі дзень пасля вобшуку падалася ў Следчы аддзел. Яна меркавала, што гэта непаразуменне і ёй усё вернуць. Але там Косцік, якога яна выклікала на калідор, прыкінуўся, што яе не ведае.

— Вы ў якой справе?…

— Косцік, даражэнькі, мяне ж абрабавалі, аблупілі як ліпку, што ні на семя, ні на емя...

— Я вас не разумею! Якое семя?.. Я ніякі не Косцік, а прадстаўнік улады! Што вас сюды прывяло? Прашу гаварыць коратка і ясна! Я не маю часу…

Паўця збялела ад разгубленасці. Заікаючыся і запінаючыся, яна замармытала нешта аб прэтэнзіях да праведзенага вобшуку.

— …Мне нават сукенкі… І тавар з крамы… Усё да ніткі…

— Досыць! Прашу паслухаць! — урачыста і напышліва прамовіў агент Семянцоў. — Як каханку і супольніцу бандыта вас трэба было б арыштаваць і пасадзіць разам з ім! Ясна? Калі вас і пашкадавалі, то толькі праз спагаду кіраўніка аддзела, які злітаваўся з вашай дурноты! Ці зразумела? Раю вам як мага хутчэй пакінуць нашу ўстанову і пра ўсё забыць! Да пабачэння!

Семянцоў пакінуў ледзь прытомную Паўлінку на калідоры і знік. Жанчына неяк дабрыла заклякнутымі нагамі дадому. Гэтак яна спалохалася. Плакала і выла, сціскала кулакі і зубы.

— Усё праз гэнага боўдзілу!

Яна мела на ўвазе, аднак, не Косціка, а Барана.

Ясь, прачытаўшы маляву, папрасіў Грамадзяніна пачакаць на падворку, а сам пайшоў, да Насткі. Тая акурат гатавала абед. Паказаў ёй дапіску ад Барана і ўсё расказаў. Перад ёю ў яго не было сакрэтаў. Зрэшты, ён настолькі давяраў дзяўчыне, наколькі Баран быў упэўнены ў адданасці Мілага. Збіраючыся ў лес, ён не хацеў забіраць гэтую таямніцу з сабою, бо не ведаў, які лёс яго чакае ў будучыні. Параіўшыся, яны пастанавілі пакуль не чапаць скарбу, бо Баран мог яшчэ ўратавацца. Калі б ён загінуў, то толькі тады яны мелі адкапаць золата і ўзяць сабе палову. Яны сышліся на тым, што Паўлінцы не дадуць ні капейчыны. Настка аж патрэсла кулаком у бок Паўчынага пакою.

— Чорта лысага ёй! Не дамо нават гарэлага шэлега! Аліка праз гэтую лярву забралі! Я нутром чую, што без яе тут не абышлося! Лепей жабракам раздамо! А ёй шыш, дулю нямытую. Хай золата пакуль тут паляжыць.

— А дасі рады без мяне?

Настка ўсміхнулася.

— Не бойся! Жытло ёсць, дровы, троху сякіх-такіх рэчаў. Працаваць я таксама магу, не зломак жа… Сама выжыву і Мілага пракармлю. Сёння забяру яго. На злосць гэнай…

Яна не хацела нават вымаўляць Паўчынае імя.

— Добра. Хай так і будзе, — пагадзіўся Ясь.

х х х

Канец чэрвеня 1919 года быў у Менску неспакойны. Бальшавікі лютавалі. Яны адчувалі, што супраць іх у горадзе нараджаецца бунт. Спанатрылі, што над іх галовамі збіраюцца грозныя хмары. Таму ад страху і шалу залівалі іскры супраціўлення патокамі крыві. У сваёй утрапёнасці лілі яе направа і налева, запэцкаўшыся дашчэнту. Затое прырода, нібы імкнучыся ўлагодзіць людскія сэрцы, нацешыць вочы смяротнікаў, якіх вялі на расстрэл, зачароўвала цудоўнымі, непаўторнымі барвамі.

Ясь глыбока і сквапна ўцягваў праз ноздры духмянае паветра.

Па вузкіх лясных сцежках ён крочыў следам за сваім правадніком. Ім быў плячысты мужчына блізу пяцідзесяці гадоў. Ён ішоў так лёгка, порстка і ўпэўнена, што Ясь ледзь паспяваў за ім.

Шарэла. Па лесе паўзлі цені высокіх дрэваў. Драбналессе пачало губляць сваю форму і неўзабаве патанула ў змроку. Толькі неба яшчэ свяціла сінню, а вяршаліны соснаў ружавелі ў апошніх сонечных промнях.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)