Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Наступілі гаротныя дні.
Пархомаў болей да яе не прыходзіў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаіўся ён да шафёрскай кампаніі, сядзеў, курыў, размаўляў нароўні з усімі. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па — ранейшаму імкнулася да яго, ні ў чым не вініла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывіць, хлусіць, ашукваць яна не ўмела.
Ёй было вельмі пакутна ў адзінокія ночы ў сваім пакойчыку — думаць, уздыхаць, успамінаць нядаўнія, поўныя хмельнага шчасця, дні. Часта яна зноў адчувала сябе вельмі адзінокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней і нясцерпней, чым у ранейшыя разы.
I тады аказалася, што яна будзе маці.
Спачатку Фрузына вельмі спалохалася ад тае навіны — яе ахапіў жах, калі яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзі. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навісла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з’явілася новая думка, што вельмі дзівіла яе: у яе будзе дзіця — свая маленькая родная істота, самая важная і самая дарагая ў жыцці. Яна прыпомніла знаёмых суседскіх дзяцей, блізнятак Драздовай, і неспадзявана яе ахапіла супярэчлівая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступіцца са сваімі нуднымі пропаведзямі, што будуць насмешкі і сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелі перад новай вялікай радасцю мацярынства.
I Фрузына пакрысе супакоілася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой — у час паесці, не заседжвацца начамі, у меру хадзіць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы — яны так патрэбны ёй будуць тады, як з’явіцца ён. Жанчына зноў, як калісьці ў шчаслівую пару яе адносін з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як і ўсе задаволеныя жыццём людзі. Пра свой новы стан яна не сказала нікому, як мага глыбей тоячы свае надзеі. Яе цяпер вельмі цікавілі дзеці, і яна часта, ідучы дадому, спынялася дзе ў скверы і падоўгу пазірала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках маці.
Так ішоў час, і надышла пара, калі людзі пачалі прыкмячаць перамены ў яе абліччы. Неяк у час зменкі Драздова ўважліва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот і з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцівай гэтай жанчыне, спытала:
— Што гэта ты растаўсцела? Ці не дзіцёнак? Фрузына сканфузілася, затуліла далонямі жывот, але хіба можна было ўтаіць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсміхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах і паведаміла, як найвялікшую сваю таямніцу:
— Ага, дзіцёначак.
— Ах, каб ты правалілася! — са знарочыстай злосцю загаманіла Драздова. — Што ж гэта ты дапусціла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна і нядорага… Ах, каб цябе!..
— Навошта? — зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. — Хай.
— Хай?! — здзівілася тая. — Вось дык гунора! Хай! Што ты сабе думает, баба? Як жа так можна? Не замужам і хай! Ты думаеш, гэта што — дзіця? Гэта катарга, жызні сваёй няўзлюбіш, свет праклянеш! Гэта ты ненавучаная, вядома. А я ўжо шасцярых вырадзіла, хай ім дно з прарэхай — дзецям гэтым. Праз іх да часу ў магілу ляжаш…
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спадніцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, ні ад каго не таілася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваім маленькім і да часу яшчэ ганарылася ім.
А Драздова ніяк не магла ўгаманіцца і кожную раніцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, і за вочы таксама), лаялаўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
— Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабіў бабе! — не зважаючы на людзей, што праходзілі міма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. — Я яму вочы выдрала б, фізіяномію расквасіла. Папомніў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так ціха-гладка. Што стаіш? — крычала яна на Фрузыну. — Ідзі да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягодніка, жаніцца прымусяць.
Але яна не ішла ні да кога, нікому не скардзілася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваіх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылілася ў ім, што залішне панадзеялася на яго прыхільнасць да яе, але хіба ён учыніў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамінах, было добрае і светлае, і калі ён перамяніўся да яе пасля, дык што ж… Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не які там жаніх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як і да яго, жыла марамі аб маленькім, — цяпер ужо ёй не страшна была адзінота і не дужа патрэбны і Пархомаў.