Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
У Беларусь прыехаў балгарскi пiсьменьнiк Найдзен Вылчаў. Як заўжды гэта рабiлася, пасьля нядоўгай гасьцiны ў сталiцы яго скiравалi ў правiнцыю — на гэты раз у Наваградак. Вылчаў быў першы раз у Беларусi i, мабыць, не чакаў такой увагi да сябе. Першай жа ноччу ў наваградзкiм гатэлi яго абрабавалi, але ён нават не распавёў пра тое гаспадарам. Пасьля павезьлi ў Бярозаўку на шклозавод, дзе мелiся быць выступы з удзелам мясцовых пiсьменьнiкаў.
Мы з Карпюком паехалi на сустрэчу. Выступ адбыўся, як заўжды, у перапоўненай залi, усiм цiкава было ня толькi паслухаць вершы, але i паглядзець на паэта з далёкай братняй краiны. На абед, якi наладзiлi на прыгожым нёманскiм беражку, зьехалася ўсё бярозаўскае i наваградзкае начальства ды яшчэ i гродзенскае таксама. Ежы i пiтва прывезьлi цэлую машыну «хуткай дапамогi». Уздоўж Нёмана разаслалi абрусы, i загучалi тосты — у гонар партыi, перадавiкоў вытворчасьцi, за росквiт сацыялiзму i дружбу народаў. Госьць сядзеў моўчкi, падобна, на яго ўжо забылiся, асаблiва як высьветлiлася, што ён ня п’е. Тое трохi засмуцiла беларусаў, але ненадоўга. Да вечару ўсе бутэлькi былi пустыя, а над нёманскiмi плёсамi далёка разносiлiся «Подмосковные вечера». Найдзен цiха папытаў у мяне: «А што, у вас сваiх песьняў няма?».
У тых грозных грымотах, якiя раздавалiся з поваду аповесьцi Быкава, Саюз пiсьменьнiкаў доўга не прымаў нiякага ўдзелу, i я ўжо быў пры думцы, што ягонае кiраўнiцтва на маiм баку. Ды дзе там! Аказалася, што на партсходах таксама iшло бурнае асуджэньне, некаторыя камунiсты патрабавалi прыняць меры. Асаблiва абураўся Iван Новiкаў, зь якiм мы разам ваявалi ў Венгрыi. Другi Iван, якi пры сустрэчы ветлiва i дабражадана вiтаўся, у сваiх лекцыях ва ўнiвэрсытэце падвяргаў жорсткай крытыцы адступнiка ад сацрэалiзму. Толькi маладзейшыя былi абураныя тым, што вакол мяне адбывалася. Сустрэты мной у Менску малады, але паважаны крытык Вiктар Каваленка моцна пацiснуў руку i сказаў, што хлопцы з Акадэмii [навук] — на маiм баку. I ня толькi з Акадэмii. Алесь Адамовiч, якi тады быў звольнены з Маскоўскага ўнiвэрсытэту за адмову падпiсаць прафэсарскi лiст супраць Сiняўскага i Данiэля, ня раз тэлефанаваў зь Менску, каб я трымаўся i не ўпаў у паняверку. Праўда, сам ён тады ўжо абаранiў доктарскую дысэртацыю, здаецца, у Кiеве з дапамогай масьцiтага Леанiда Навiчэнкi. Той жа Навiчэнка аднойчы выпадкам завiтаў у Горадню, каб сустрэцца са мной i падтрымаць. Шкада, мяне не аказалася дома. Затое iншыя ўкраiнскiя пiсьменьнiкi, у тым лiку i мае нядаўнiя сябры, гатовыя былi наладзiць мне байкот. Пры сустрэчы на маскоўскiм пленуме Алесь Ганчар папытаўся, хто даў гэткае iмя прахвосту-сьмершаўцу Сахно? Я сказаў, што аўтар. Тады ён абурыўся: «А мы чулi, што тое зрабiў нейкi жыдок з „Нового мира“. Ад цябе таго не чакалi…». Празь нямала гадоў, як у Кiеве абмяркоўвалася магчымасьць друку гэтай аповесьцi на ўкраiнскай мове, той жа Ганчар сказаў: толькi цераз мой труп! I я думаў: няўжо тут уся справа ў хай сабе i адыёзным прозьвiшчы? А можа, яшчэ ў чым, болей глыбiнным, пра што, аднак, не гавораць? Саромеюцца цi што? Дзякуючы, аднак, прынцыповай пазыцыi маiх сяброў, славутых украiнскiх пiсьменьнiкаў У. Яварыўскага, Д. Паўлычкi, I. Драча аповесьць выйшла на ўкраiнскай мове ў перакладзе нашай мiлай Танi Кабржыцкай.
Неўзабаве пасьля прыезду да нас Найдзена Вылчава прыехаў другі Вылчаў — Георгi, навуковец, унiвэрсытэцкi выкладчык. Ён аказаўся дужа кампанейскiм чалавекам, няблага гаварыў па-расейску. Рыгор Барадулiн узяў яго i яшчэ мастака Барыса Заборава ў Вушачу, на госьцi да мацi. Я наведаў iх па дарозе з дому ў Менск. Бацькоўская хата Рыгора хавалася ў засенi пасаджанага бацькам вяза, ззаду за ёй быў садок. А на ганку стаяла мiлая кабета Акулiна Iванаўна — Грышкава мацi, тыповая ўшацкая аўдавелая з вайны гаротнiца, у якой адзiная ўцеха ў жыцьцi — сынок. Генiяльны нацыянальны паэт, што для мацi, аднак, мала значыла. Для мацi значыла ўсё толькi тое, што ён — сынок. I жыла яна тым вялiзным пад неба пачуцьцём, вышэй ад якога не бывае нiчога. Памятаю, там цi, можа, пазьней я паспрачаўся з Барысам Заборавым, якi ў адрозьненьне ад некаторых з нас ня дужа надаваў хвалы калегу Мiхасю Савiцкаму, што тады шпарка i ўпэўнена ўзыходзiў на беларускi мастакоўскi алiмп. Час, аднак, паказаў, што Забораў меў рацыю, а я памыляўся — на вялiкi мой жаль.