Закрываўленае сонца
- Автор: Акула Кастусь
- Серия: Гараватка #2
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Закрываўленае сонца». Краткое содержание книги:
Мaруднa й ленa aдмiрaлa летa. Сьпелы верaсень зaбaўляўся кволым пaвуцiньнем, снaвaў сярэбрaныя ўзоры нa бaбкaх ярыны, aздaбляў сувоямi тонкaе прaжы чубы кустоў нa ўзьлесьсi й aржышчы aзiмiны. Буйнейшы вецер кaлaмaцiў пaвуцiнныя кросны, зрывaў сярэбрaныя нiткi з кустоў ды нёс iх уверх дa сонцa. Пaвуцiньнем зaбaўлялiся пaдлёткi. Нaчэплiвaлi яго нa пaлкi, увaжнa рaзглядaлi мaлых чорных мaйстроў дзiўнaе тонкaе прaжы. Зьзялa нa сонцы тое пaвуцiньне чыстым доўгiм серaбром. (Фрагмент)
Пракоп скончыў чытаць. Усе задумалiся. У спрацаванай, парэпанай руцэ трымаў лiстоўку. Рука, што да гнаявых вiлаў, поручняў плуга, касы й цэпу прывыкла, што ў зьнямозе сьцiснулася ў тую жахлiвую нядзелю, калi басяк Бжончэк у Гаравацкай пушчы Алену забiў, гэта рука цяпер крукам, нязграбна трымала ськiнутую з чужога самалёта паперку.
Рэха прыляцела з далёкай чужой краiны, адкуль калiсьцi ў вагнi рэвалюцыi давялося ўцякаць. I гэта чужая й блiжэй няведамая сiла прамаўляла «нашай» мовай. Што-ж гэта за загадка такая? Надта-ж марудна працавалi цяжкiя да ўзруху сялянскiя мазгi. За плугам, касой, сярпом, цэпам навучыўся чалавек адрозьнiваць сяброў ад ворагаў, па розных прыметах прыроды — угадваць пагоду. Навокал было канкрэтнае, матар'яльнае, намацанае. Навет шчасьце й гора, весялосьць i сум канкрэтнымi зьявамi былi: гэтта ўсьмешка, а там сьлёзы. Бяз хiтрыкаў, казаў той, жылося. Прырода — прыяцель i вораг канкрэтнымi вобразамi прамаўляла. I нiдзе ў гэтым простым няхiтрым жыцьцi моднага й крывадушнага, здавалася, ня было. Чалавек мог выцягнуць руку, памацаць, дый ведаў дзе сябра, а дзе вораг твой.
У пана пры касьбе, малацьбе, цi жнiве потам вочы залiвала. I тая залатоўка мiзэрная, што так нясьмела й сiратлiва ў зрэбнай сялянскай кiшэнi тулiлася, сваей мовай да сэрца прамаўляла. Ведаў, што ашукалi яго, паразiты. Ды за сваё, заробленае, патрабавалi яшчэ каб прасiў, розныя «пеленгнаваныя» рукi цалаваў: будзь ласкавы, паночак, заплацi. Рабiў-жа вунь, вочы на лоб лезьлi.
Iншы сьвет — свае сермяжнiкi. У бальшынi — простыя, сумленныя людзi. Колькi зь iх зубы на палiцы трымала. Ды ў выпадку патрэбы ня людзi зь мяккiмi рукамi, а гэтыя гаротнiкi стануць. Як у гэну нешчасьлiвую нядзелю, цi панядзелак. Забылася пра яго ўлада сьвецкая й царкоўная, сьцяной збоку станула цэлая вёска. Свая кашуля блiзка цела свайго.
Калi зьявiцца ў хату якi ўраднiк, цi абмаскалены царкоўнiк, так i ведай, што па апошняе прыйшоў. Калi-ж «пахвалёны» ля парогу ад сярмяжнiка пачуеш, ведай — сябра ў хаце. I цi нi тая галiта, чужое ярмо паставiла цябе побач зь iм найблiжэй да Бога.
А гэтта што за дзiвы-дзiвосы? Наехалi Бог ведае адкуль, зь неба паперкi кiдаюць, горы залатыя адразу абяцаюць. Што сiла, ну дык сiла! Фанабэрыстыя польскiя паўшабэлкi адно «шабэлькамi» памахвалi, а гэтыя дык тых у тысячу разоў пераплюнулi. Але цi-ж гэта яны сюды табе што даваць прыйшлi? Дагэтуль-жа так было, што як каторага чужнiка сюды чорт прыгнаў, дык паразiт рабаваў, на народным целе тучнеў. А гэтыя i зямлю, i волю даваць маняцца. Эгэ! I на паперцы гэнай пад самым нiзам нейкi Молатаў, старшыня нейкага "саўнаркому" падпiсаўся.
На якi капыл усё гэта мерыць? На ўсе абяцанкi, усю гэту магутную сiлу падае патройны цень: Косьцiк, Лявон i Хведар — злыднi мясцовыя. Калi вось на такiх новая ўлада абаперцiся мае, дык якая яна тады сама ўлада гэна? Якога дабра ад басякоў-галадранцаў чакаць? Цi-ж нi напiсана ў Сьвятым Пiсьме, што з бруднай крынiцы толькi бруднае, а з чыстай адно чыстае можа пацячы? Адвечная, назьменная праўда, ад самаго Бога закон.
Зь лекаравай хаты выйшлi людзi. Барадаты стары мужчына — сьвiтка ў лапiках, працёртыя зрэбныя порткi, босы — падсаджваў на воз захутаную ў кажух жанчыну, што крактала й стагнала. На другую каляску сядаў здаравенны сярэдняга веку дзядзька. Паказаўся й сам Зянькевiч. Перакiнуўся словам зь людзьмi, лянiвым крокам падыйшоў да тыну, паглядзеў на аселiцы, пакруцiў свае даўгаватыя вусы, ды спасьцярогшы людзей ля Пракопавай хаты, накiраваўся да iх.
— Ну што гэта чуваць? Здаровы! — залепятаў.
— Ня чуеш во што на гасьцiнцы робiцца? Сам, нябось, заседзiўся мусiць з хаты нi вылазiш, — адказаў Алесь.
— Хвароба нi дня, нi ночы, нi сьвята нi знаiць. Думаеш мне нi надакучыла? Ай-яй як надакучыла! Алi от нiяк ад людзей адчапiцца нi магу. А гэта-ж бальшавiкi сягоньнiка па радзiву крычаць, ажно апарат падскакваiць… ранiцы гэта слухаў. Зь Менску гэта казалi, што сягоньня на досьвiтку пачалi заходнюю Бiларусь i Ўкраiну вызваляць, от як. Каб вы чулi толька якое нам дабро нясуць, дык проста вушам сваiм чалавек ня хочыць верыць. Ды расказвалi вуньдзiка людзi, што па тым гасьцiнцы, каторы з Докшыц на Глыбокае, дык яшчо болi пруць як гэттака во… Гэты во дзядзька з таго боку, — кiўнуў Зянькевiч галавой на здаравяку, што якраз зь ягонага двару выехаў. - Iдуць, едуць, надта-ж вялiкая сiла, вiдаць, — цягнуў лекар. — А гэта праўда, што Макатунiшку палякi на гасьцiнцы павесiлi?
— Ага, праўда, — адказаў Пракоп.
— Божа мой, от сiла нячыстая.
Яшчэ распытаў доктар што напiсана ў тэй паперцы, каторую з самалёта ськiнулi, буркнуў пра тое, што галодны, завярнуўся й пайшоў. Запраўды мусiць рупiла яму некуды, бо надта-ж пагутарыць зь людзьмi любiў. У хаце ягонай, як у карчме на скрыжаваньнi дарогм заўсёды поўна народу было. Апроч хворых заходзiлi падчас польскае акупацыi людзi "паслухаць што там зь Менску брэшуць". Гэтта й быў цэнтар навакольнае актыўнасьцi. Радыё прыносiла навiны — часта хвальшывыя — са сьвету, а суседзi — з ваколiцы.
— Ну што ты, дзеду, пра абяцанкi бальшавiцкiя думаеш? — спытала Якуба Кацярына.
— Як гэтта сказаць вам? — задумаўся лiтоўскi патрыярх. Вiдаць было, што як рэдка калi, Якуб цяжка думкi зьбiраў. — Пажывём, увiдзiм, — адказаў. Слова — адно, дзела — другое. Пабудуць, пагаспадаруць, тады новага паспытаеце. Дай-жа Бог, каб на лепшае яно… алi-ж ня верыцца, ой-жа ня верыцца нешта…
7
Вышынi й пропасьцi гэнага нязвычайнага дня можна было зьмерыць адно з адлегласьцi часу. I тыя паднечаныя галовы, што ўцалелi, ды пасьля ўзялi на войстры сялянскi зуб развагi тую гiстарычную шумiху, дакаралi сябе за дзяцiнную, зялёную наiўнасьць.
А дзень быў даўгi й бурлiвы. У спакойныя, драмлiвыя лiтоўскiя начоўкi прыплыла магутная чужая хваля. Доўгiя гады загачаная на недалёкай мяжы, рушыла яна вялiкай сiлай на дарогi й гасьцiнцы, калацiла нетрамi зямлi, хваляваньнем поўнiла простыя сялянскiя сэрцы й трывогай азмрочыла будучыню польскiх чужынцаў.
Два дзесяцiгодзьдзi агароджаная незагойнай ранай на жывым народным целе, пакацiлася яна цяпер з усходняй спаралiжаванай паловы Беларусi на абрабаваную заходнюю. А над ей i ейным перадзе лунаў магутны зманлiва-прывабны клiч: вызваленьне.
На пачатку было слова. I ўсё пачалося ад слова, i нiчога ня было перад словам, апроч Аднаго Адзiнага…
I каб даць першапачатак жыцьцёваму працэсу, Той Адзiны стварыў слова…
I з пачатку магiчную вартасьць слова мела: яно цешыла й патолiла, лашчыла й прынаджвала, забiвала й руйнавала, квялiла й гнявiла, узносiла на вышынi й ў прадоньнi кiдала.
Як i кажны кiй, слова два канцы мае. Крывадушныя майстры ўзялi чыстае й прыгожае слова, ды на свой лад перакруцiлi, за словам чыстым i празрыстым злыдняў хвальшу пасадзiлi. I не спасьцераглi людзi добрыя. Адкуль-жа iм, нядоляй мораным, ведаць было, што ў той час, калi рукамi мазолiстымi сьцiплыя плёны зямлi зьбяднелай зьбiралi, нехта на iх новую ды яшчэ больш модную пастку майстраваў.
I як на працягу стагодзьдзяў даўгiх, гэта i цяпер слова магутнае сэрцы й галовы iх паланiла, уяўленьне дурманiла. Галодны на веру бярэ, а прагны й чорту душу з глыток вады прадасьць. Гэтак i ў той дзень. Над нiвамi й сенажацямi прагучэла слова. Палымянае, зманлiвае, валадарнае. Новымi спадзяваньнямi пакрыўджаных людзей падбадзёрыла.
Мала хто ў гэны дзень на сонца глядзеў. Як тут зiрнеш уверх, калi замiнала тое, што пад нагамi паўзло. Шкада. Калi хто прыгледзеўся-б сонцу, спасьцярог-бы, што зацьменiлася яно таўстой павалокай пылу. Магутныя машыны растаўклi на дробны парашок рудую глiну на гасьцiнцы. Пыл сьляпiў вочы, таймаваў дыханьне, асядаў на цела й вопратку, дрэвы й расьлiны, рудой дзяругай узвышаўся над iмклiвай армiяй. На схiле з паўдня сонца налiлося чырвонай медзьдзю.