Закрываўленае сонца
- Автор: Акула Кастусь
- Серия: Гараватка #2
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Закрываўленае сонца». Краткое содержание книги:
Мaруднa й ленa aдмiрaлa летa. Сьпелы верaсень зaбaўляўся кволым пaвуцiньнем, снaвaў сярэбрaныя ўзоры нa бaбкaх ярыны, aздaбляў сувоямi тонкaе прaжы чубы кустоў нa ўзьлесьсi й aржышчы aзiмiны. Буйнейшы вецер кaлaмaцiў пaвуцiнныя кросны, зрывaў сярэбрaныя нiткi з кустоў ды нёс iх уверх дa сонцa. Пaвуцiньнем зaбaўлялiся пaдлёткi. Нaчэплiвaлi яго нa пaлкi, увaжнa рaзглядaлi мaлых чорных мaйстроў дзiўнaе тонкaе прaжы. Зьзялa нa сонцы тое пaвуцiньне чыстым доўгiм серaбром. (Фрагмент)
— Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, — iранiчна кiнуў Алесь.
— Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць! — ахнула Кацярына.
Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.
— Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, — спасьцярог Пракоп.
— Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.
— Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.
Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.
— Ня веруць? — зьдзiвiўся Алесь, коса на жонку зiрнуўшы, — дык цi-ж Абуху Бог трэба? Ён-жа табе любога Бога за пару пудоў жыта на рынак папёр-бы.
— Ды чаму-ж не… папёр-бы, чорт пайсаты, — згадзiўся Пракоп.
Мiнулi доктараў двор, падыйшлi да Пракопавай хаты. Насустрач, абапiраючыся мылiцай, чыкiльгаў пасярод вулiцы дзед Якуб. Патрыярх лiтоўскi занемагаў мусiць апошнiмi часамi, бо рэдка калi з прызбай сыновай хаты расставаўся. Гулкая нясусьвецiца на гацкiм гасьцiнцы даплыла мусiць i да ягоных глухаватых вушэй.
— Здаровы, Пракоп, Алесь, Кацярына, — прывiтаўся здалёку. — Што гэта дзе робiцца? Маiх ня вiдзiлi?
Голас, як на стары век, быў надзiва звонкi й выразны.
— Бальшавiкi на гасьцiнцы йдуць, нi канца нi краю нiма? Дый вашы тамака-ж, — сказаў Пракоп.
— Бальшавiкi? — разiнуўся шчарбаты рот. — Дык праўду мусiць во казалi… А я, цьфу, каб на iх макарэц, узяў дый не паверыў.
— Так, дзядуля, бальшавiкi, мора цэлае, — пацьвердзiў Алесь.
Стары абапёрся на мылiцу, выцягнуў з роту цыбатую люльку, пiльна жмурыўся на суседзяў.
— А Божа-ж мой, бальшавiкi значыцца, — перахрысьцiўся дзед. — От табе й на! А як гэта кажаш, Пракоп, iдуць? Едуць цi што?
— Ды едуць-жа, едуць. Самыя танкi, нi канца нi краю нiма. Схадзiў-бы паглядзеў…
— Ты ўжо, Пракопка, зь мяне нi падтруньвай. Дзе мне старому такую дарогу шкандыбаць?
Дзед пальцам патаптаў табаку ў люльцы.
— Танкi, кажаце? Ня вiдзiў-жа я нiколi якiя гэта яны.
— Ня вiдзiлi-ж да сягоньнiшняга й мы. Надта-ж вялiкiя й страшныя пудзiлы, от гэтак зь Пiтухову хату вiлiчынёй. Кажны арудзiю маiць. Ды нi на калёсах, а на гусянiцах яны. Мусiць i цяжкiя-ж надта, бо так глядзi як гасьцiнец выраўнялi.
Дзед стаяў i думаў. Цi ўяўляў, што такога дажыве?
— А гэтта-ж Пiлiпаў Арсень прыбягаў ды казаў, што старэйшую Макатунiшку палякi павесiлi. Праўда гэта?
— Павесiлi. На самай браме пад Сталiнам, — паясьнiў Алесь.
— На каторай гэта браме?
— Ды на гэнай, што во гэтыя тры галадранцы — Косьцiк, Лявон i Хведар Павалiцкi — за ноч пастроiлi. Дзяўчына-ж iм памагала.
— Госпадзi мой, спасi душу яе, — перахрысьцiўся стары. — А як-жа яны яе? Дзе-ж тыя галадранцы былi? Чаму нi баранiлi яе, каб iх макарэц спапялiў.
— Тамака-ж i былi, а дзе-ж… Ды як нарвалiся палякi, копаўцы гэтыя значыцца, — гэтак нам людзi расказвалi — дык дзяцюкi ў штаны панапускалi, у кусты ходу, от як…
Журботнае бомбканьне дубовiцкiх званоў спынiлася.
— Спасi, Госпадзi, душу ейную, — крактаў дзед Якуб. — Якая яна там нi была, але цi-ж так можна?
Заварожаныя патокам пасьпеўшых падзеяў, стаялi пасярод вулiцы.
— Ты, дзеду, самы ў нас найразумнейшы. Скажы во што настанiць цяперака. Ты-ж некалi ў Расеi быў. Палепшаiць цi пагоршаiць? — пацiкавiўся Алесь.
Дзед хмыкнуў, пальцам пакалупаў пад сьвiткай за паясьнiцай, ды бледнымi ясна-блакiтнымi вачмi пазiраў дзесь у бок Лiпавiчаў.
— Як гэта вам, братцы, сказаць? Хто-ж яго знаiць… Некалi вуньдзiка сама Расея нi тая была. Многа вады з таго часу, як мяне чэрцi на канец сьвету загналi, сплыло. Пры цары-ж — сам знаiш — людзi ў Бога верылi. А гэтыя мусiць чорта на покуцi пасадзiлi. А там, дзе чорт гаспадарыць, дык цi прыходзiцца чаго добрага ждаць? У чорта ўсё пачартоўску. Гэтулькi магу вам, братцы, цяперака сказаць. Пажывём ды ўвiдзiм, як тая прыказка кажыць. Доўга можа i ждаць ня прыдзiцца.
Дзесь з-за Гараваткi даляцеў да вушэй iхных зусiм iншы гул. Янук першы падняў на неба вочы. Натупырыўся й Тапсiк. Зусiм нiзка з-за сугра выплыў вялiкi, з чырвонымi зоркамi на крыльлях, самалёт. Ужо пралятаючы над самай вёскай, пачуўся лёгкi стрэл. З жывата ягонага, як мак, пасыпалася нешта дробнае.
— Тата, тата! — усхапiўся Янук, — iраплан нешта кiнуў! Вiдзiш вунь? Гляньце, гляньце!
— Чаму-ж ня вiджу? Паперкi нейкiя.
Янук, Мiкола й Надзя пагналiся за паперкамi. Нiкуды ня трэба было бегчы. Паперкi асядалi на стрэхах, падалi на вулiцу.
Захарукоў Пятро, калупаючы ў носе, паволi шкандыбаў у гэты бок з другога канца вёскi. Спынiўся, лыпнуў вачмi, спасьцярогшы "манну зь неба". Лавiў i камшыў паперкi ў карэлай руцэ.
Ад бальшака пачуўся грукат каляскi. Спанукаючы гнядога, сьпяшыў на гасьцiнец Захарук, каб забраць труп Макатунiшкi. Людзi адыйшлiся на бок, каб даць яму дарогу. Алесь стрымаў Захарука рухам рукi.
— Гэта ты па пакойнiцу? — спытаў.
— Ага, папрасiла-ж старая.
— А хто-ж гэта пахаваць? Сама Макатунiха рады нi дасьць.
Лейцамi стрымлiваў Захарук нецярплiвага конiка, што ёмка сьцёбаў хвастом па баках.
— Дык брат-жа ў яе ёсьць. А гэтыя во гяроi што, нi памогуць?
— Ты думаеш пра нашых камунiстаў?
— Ну а каго-ж… За iх-жа дзяўчына галавой налажыла. Дый мы-ж нi калекi. Трэба бабе памагчы.
Афiшкi, ськiнутыя з самалёту, усё яшчэ падалi. Захарук узяў адну, што трапiла на воз, ды разглядаў яе.
— Вы гляньце, а гэта што?
— Нешта можа цiкавае. трэба во пачытаць, — сказаў Пракоп.
— Ну, братцы, нiма мне часу. Тамака ждалi й пiраждалi мяне. Як прачытаеце, раскажаце. Дый заглянiце там пасьля да Макатуноў.
Захарук зiрнуў на сына, што стаяў побач, памкнуўся нешта сказаць, ды ёмка сьвiснуў кароценькай пугай i гняды раптоўна тузануў зь месца. У доктаравым дварэ стаялi дзьве хурманкi. Праз адчыненыя вароты й доктарава поле накiраваўся Захарук на гасьцiнец.
— Ну дык, Пракоп, ты найболi з нас паруску граматны. Прачытай што тут пiшуць, — спанукаў Алесь.
Кажны трымаў прынамсi па аднэй афiшцы ў руцэ, але цяпер усе пазiралi на Пракопа.
— Даўно-ж i я, братцы, паруску чытаў, - тлумачыў Бахмач, разглядаючы афiшку. — Чакайце, алi-ж гэта нi паруску, а панашаму, значыцца пабiларуску, яй Богу! — зьдзiвiўся Пракоп.
— Ну дык яшчо лепi, — узрадавалася Кацярына, — чытай ужо, нi марудзь.
"Браты Беларусы! — пачаў Пракоп, — Надыйшоў сьветлы доўгачаканны дзень вашага вызваленьня. Сёньня вялiкi савецкi народ падаў вам братнюю руку дапамогi. Наша слаўная Рабоча-Сялянская Чырвоная Армiя перайшла ўсходнiя межы панскай Польшчы, каб вызвалiць вас ад белапольскага панскага прыгнёту…"
Пад гул савецкiх танкаў з гасьцiнцу й гамонку навакольнай прыроды часта запiнаўся дый зноў набiраў моцы Пракопаў бас. I гэна аграмадная новая сiла, што ўскалыхнула дрэмлючыя беларускiя лясы й нiвы, патокам магутнае зброi хлынула ў марудна-гаротнае сялянскае жыцьцё, цяпер вось праз гэтыя чорныя лiтары прамаўляла Пракопавым басам.
Гаварыла пра цяжкi лёс беларускiх сялянаў, пра зьдзекi й эксплёатацыю з боку паноў, пра посьнiцу й голад, пра зямлю — iхную зямлю — каторую зрабавалi паны памешчыкi й асаднiкi, пра родныя школы зь беларускай мовай навучаньня, каторых iм ня далi, пра страшны глум. I гэта новая магутная сiла паведамляла, што з прыходам Чырвонае Армii прыйшоў нарэшце й доўгачаканы канец пакутаў iхных.
Ад гэтага памятнага дня ўсё мае паправiцца, бо ўзыйшло й зазьзяла на ўсходзе залатое сонейка шчасьлiвага заўтра. Жыватворчымi праменьнямi сагрэе i ўмацуе яно зьняможаны арганiзм рабочых i сялян. Слаўце й багаславiце дзень 17-га верасьня — дзень вашага вызваленьня. Збылiся вашы адвечныя мары. Стаiцё на парозе шчасьлiвае будучынi. Ад гэтага часу будзеце мець i зямлю, i волю, i будзеце гаспадарамi свайго лёсу.