За наміткай гісторыі
- Автор: Бутэвіч Анатоль
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”
- ISBN: 985-6427-65-7
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «За наміткай гісторыі». Краткое содержание книги:
Гэтым разам табе прапануецца праз чароўныя акуляры часу зазірнуць за больш чым двухмільённагадовую намітку гісторыі. Пазнаёміцца з выбітнымі і неардынарнымі постацямі, якіх нарадзіла беларуская зямля. Падзівіцца на захаваныя часам і людской дбайнасцю архітэктурныя помнікі, што сведчаць аб высокім майстэрстве беларускіх дойлідаў. Удыхнуць жыццядайны водар малельных храмаў, атуленых спагадлівасцю і спрыяннем цудатворных абразоў. Адчуць цяпло рук і сэрцабіццё перапісчыкаў кніг. Зрабіць падарожжа ў прасторы і часе, пабываць там, куды завяла беларусаў спрадвечная рупнасць, цікаўнасць і неабыякавасць.
Старонкі кнігі пазнаёмяць цябе з самай старажытнай рукапіснай кнігай – Тураўскім Евангеллем, з нечаканай і нязвыклай для манастыра гістарычнай і мастацкай знаходкай – Аршанскай кальчугай-байданай. Ты даведаешся, што марская гісторыя Беларусі звязана не толькі з легендарным Морам Герадота. Была яшчэ і рэальная Крычаўская суднаверф, дзе будавалі караблі для расійскага флоту. Постаці першага дыпламата з беларускай зямлі Іосіфа Гашкевіча, які сваім талентам скарыў непрыступную для чужаземцаў Японію, і апантанага даследчыка казахстанскіх стэпаў, прататыпа аднаго з герояў паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды” Адольфа Янушкевіча выведуць цябе далёка за межы Беларусі. Ты даведаешся, чаму нашы продкі будавалі храмы як цытадэлі, калі зірнеш на архітэктурны воблік Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці. Разам з першанасельнікамі беларускай зямлі можаш адчуць усю небяспеку палявання на дагістарычных мамантаў.
Ты гатовы? Тады – посах у рукі і наперад па дарогах і сцежках у займальнае падарожжа па родным краі. А з сабой захапі і гэтую кніжку. Яна паспрыяе табе быць больш дасведчаным і вопытным падарожнікам. Можаш браць яе разам з іншымі кнігамі серыі “Сем цудаў Беларусі” і на школьныя ўрокі. Глыбокія веды і выдатныя ацэнкі будуць справядлівай кампенсацыяй за тваю няўрымслівасць і цікаўнасць.
Гэта ён вязнем Віленскага Базыльянскага кляштара, ператворанага ў 1823 годзе ў дзяржаўную турму для палітычных, з’яўляецца ў паэме Адама Міцкевіча ”Дзяды” пад імем палымянага рэвалюцыянера Адольфа. Яму дасылаў Міцкевіч ліст з Парыжа ў заснежаную Сібір са словамі спачування.
Гэта ён з'явіўся адным з першых грунтоўных даследчыкаў характару, быту і жыцця казахаў.
Гэта яго, як «няўмольнага ворага» шмат разоў сваёй уласнай рукой выкрэсліваў са спісаў на вызваленне з сібірскай ссылкі цар Мікалай І.
Дык хто ж ён – гэты таямнічы і знакаміты чалавек, які меў такі аўтарытэт у знаным асяроддзі, быў нароўні з выбітнымі асобамі свайго часу і якога так баяўся сам цар?
Чалавек гэты -- Адольф-Міхал-Валяр'ян-Юльян Янушкевіч. Нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Паходзіў са шляхецкага роду. Яго бацька быў падпалкоўнікам польскага войска. Маці ж, Тэкля Сакалоўская, мела блізкае сваяцтва з Тадэвушам Касцюшкам. Адольф вучыўся ў Нясвіжскай дамініканскай школе, у Вінніцкай гімназіі. Бацькі ў 1821 годзе купілі маёнтак Дзягільна, што непадалёку ад цяперашняга Дзяржынска. Адсюль у гэтым жа годзе васемнаццацігадовы Адольф пайшоў у навуку. Стаў студэнтам літаратурнага факультэта Віленскага універсітэта, далучыўся да прыхільнікаў літаратурнага аддзялення тайнага таварыства філаматаў, якое стварылі найперш выхадцы з беларусі Тамаш Зан, Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Ануфрый Петрашкевіч і іншыя.
У 1821 годзе Адольф надрукаваў свой першы паэтычны твор "Мелітон і Эвеліна". Ягонаму натхненню спрыяла тое, што юнак сышоўся ва універсітэце з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, іншымі творча адоранымі асобамі. Ды і сама сівагаловая Вільня проста звінела лірычнымі і свабодалюбівымі настроямі. З-за іх Адольф Янушкевіч і трапіў пад следства, якое трывала ў 1823-24 гадах. Аднак яму пашанцавала: пакуль што ягонай віны не даказалі. Былы студэнт і філамат з'ехаў у Камянец-Падольск да сваіх украінскіх сяброў.
Пасля пачаліся звязаныя з лячэннем паездкі у Карлавы Вары, Італію, Германію, Францыю. У Рыме Адольф Янушкевіч меў нечаканае і радаснае спатканне з Адамам Міцкевічам. Ён блізка пазнаёміўся з Гётэ, Юльюшам Славацкім.
Не паспеў Адольф восенню 1830 года вярнуцца на радзіму, як спелым яблыкам упала на гэтую зямлю вызвольнае паўстанне. Выхаваны на вольналюбівых памкненнях віленскага студэнцтва, Янушкевіч не мог заставацца ўбаку.
Ён дабраўся да Варшавы, стаў адным з кіраўнікоў арганізацыі «Легія Літвы, Валыні, Падолля і Украіны». А калі быў створаны паўстанцкі Літоўска-Валынскі легіён, Адольф Янушкевіч стаў ад'ютантам камандзіра легіёна. У адным з першых баёў быў цяжка паранены, трапіў у палон. Паблукаў па этапах і апынуўся ў Кіеўскай цытадэлі.
Маючы гонар шляхціца і грамадзяніна, не стаў выкручвацца і каяцца. Ён прызнаў, што да паўстанцаў далучыўся свядома і, абараняючы Айчыну, быў гатовы “ахвяраваць усім дзеля яе дабра”. У сакавіку 1832 года суд прыгаварыў яго да павешання, але смяротнае пакаранне замянілі пажыццёвай ссылкай у Сібір. У Табольск Адольф Янушкевіч выправіўся ўжо без дваранскага звання і вайсковага чыну. Восенню 1835 года ён трапіў у Ішым-горад, што ў Цюменскай вобласці. Тут і пазнаёміўся з паэтам-дзекабрыстам Аляксандрам Адоеўскім. Тут адшукалі Янушкевіча тут словы падтрымкі Адама Міцкевіча, які не забыўся пра свайго віленскауніверсітэцкага паплечніка.
Ішым стаў паваротным пунктам у далейшым лёсе Янушкевіча. Ён пранікся цікавасцю да казахаў, пачаў вывучаць іхні побыт. Без спадзеву на памілаванне, бо цар пастаянна выкрэсліваў ягонае прозвішча са спісаў, Янушкевіч вырашыў давесці свае назіранні да навуковай дасканаласці. Гэтаму паспрыяла і тое, што ў 1841 годзе ён апынуўся ў Омску, дзе служыў спачатку ў «Пограничном управлении сибирскими киргизами», а пасля ў «Комитете по уложению киргизских законов». У той час казахі называліся кіргізамі.
У 1846 годзе даследчык разам з экспедыцыяй ажыццявіў працяглае падарожжа па казахскіх стэпах, даследаваў вусную паэтычную і песенную творчасць, гісторыю і прыроду Казахстана. Ён вёў дзённік і пісаў пісьмы сваім беларускім родзічам. Неўзабаве яны былі надрукаваны і вытрымалі ажно два выданні: у 1861 годзе ў Парыжы і ў 1875 годзе ў Берліне. Менавіта гэтай кнігай і цікавіўся Іван Тургенеў. А вось па-руску «Письма с Киргизской степи» выйшлі толькі ў 1966 годзе, па-казахску і ўвогуле больш як праз 110 гадоў.
Аднак ні гэта, ні хадайніцтва многіх уплывовых асобаў, не дапамагло Янушкевічу пазбавіцца ссылкі. Нават родзічы вядомага рускага гісторыка і пісьменніка Мікалая Карамзіна не маглі пераканаць Мікалая І Палкіна. І толькі калі царом стаў Аляксандр ІІ, ён дазволіў цяжка хвораму на сухоты Адольфу Янушкевічу вярнуцца на радзіму. Адбылося гэта ў чэрвені 1856 года. Як да гаючай крыніцы і найлепшых лекаў прыпаў бунтоўны падарожнік да роднай зямлі. Але і гэты магутны лекар не дапамог пераадолець хваробу. 18 чэрвеня 1857 года Адольфа Янушкевіча не стала. Пахаваны ён на дзягільнянскіх могілках ля старадаўняга Койданава.