Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочее научное » За наміткай гісторыі
За наміткай гісторыі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За наміткай гісторыі

Электронная книга - «За наміткай гісторыі». Краткое содержание книги:

Тваё падарожжа па найбольш яркіх адметнасцях беларускага краю працягваецца. З кожным новым дакрананнем да пульсуючага нерва гісторыі ты адчуваеш, якое багатае, напружанае і разнастайнае жыццё кіпела некалі на нашай зямлі. Як дбайна і гаспадарліва імкнуліся ўладкаваць яе нашы продкі. І як беражліва захоўваюць плён іхняй працы і шчыравання сённяшнія беларусы. Вось так ад пакалення да пакалення і прадзецца пуцяводная нітка Арыядны. А прадзіва гэтага хопіць і табе. Бо гістарычная пераемнасць і непарыўнасць з’яўляюцца залогам новых плённых дзён для роднай Беларусі.
Гэтым разам табе прапануецца праз чароўныя акуляры часу зазірнуць за больш чым двухмільённагадовую намітку гісторыі. Пазнаёміцца з выбітнымі і неардынарнымі постацямі, якіх нарадзіла беларуская зямля. Падзівіцца на захаваныя часам і людской дбайнасцю архітэктурныя помнікі, што сведчаць аб высокім майстэрстве беларускіх дойлідаў. Удыхнуць жыццядайны водар малельных храмаў, атуленых спагадлівасцю і спрыяннем цудатворных абразоў. Адчуць цяпло рук і сэрцабіццё перапісчыкаў кніг. Зрабіць падарожжа ў прасторы і часе, пабываць там, куды завяла беларусаў спрадвечная рупнасць, цікаўнасць і неабыякавасць.
Старонкі кнігі пазнаёмяць цябе з самай старажытнай рукапіснай кнігай – Тураўскім Евангеллем, з нечаканай і нязвыклай для манастыра гістарычнай і мастацкай знаходкай – Аршанскай кальчугай-байданай. Ты даведаешся, што марская гісторыя Беларусі звязана не толькі з легендарным Морам Герадота. Была яшчэ і рэальная Крычаўская суднаверф, дзе будавалі караблі для расійскага флоту. Постаці першага дыпламата з беларускай зямлі Іосіфа Гашкевіча, які сваім талентам скарыў непрыступную для чужаземцаў Японію, і апантанага даследчыка казахстанскіх стэпаў, прататыпа аднаго з герояў паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды” Адольфа Янушкевіча выведуць цябе далёка за межы Беларусі. Ты даведаешся, чаму нашы продкі будавалі храмы як цытадэлі, калі зірнеш на архітэктурны воблік Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці. Разам з першанасельнікамі беларускай зямлі можаш адчуць усю небяспеку палявання на дагістарычных мамантаў.
Ты гатовы? Тады – посах у рукі і наперад па дарогах і сцежках у займальнае падарожжа па родным краі. А з сабой захапі і гэтую кніжку. Яна паспрыяе табе быць больш дасведчаным і вопытным падарожнікам. Можаш браць яе разам з іншымі кнігамі серыі “Сем цудаў Беларусі” і на школьныя ўрокі. Глыбокія веды і выдатныя ацэнкі будуць справядлівай кампенсацыяй за тваю няўрымслівасць і цікаўнасць.
1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:

У Японіі прыязныя адносіны склаліся ў нашага земляка з будыйскім бонзам з горада Хэда Тацібана Каасай. Ды за стасункі з замежнікамі па японскіх законах пагражала суровая кара. Таму, калі місія скончыла сваю працу, Каасай вымушаны быў разам з расіянамі тайна пакінуць Японію. Але ў 1853--56 гадах ішла Крымская вайна. Англійская марская эскадра захапіла ў палон удзельнікаў Пуцяцінскай экспедыцыі разам з Тацібана Каасай, якога ў гонар Гашкевіча назвалі Уладзімірам Іосіфавічам Яматавым.

Палонных трымалі спачатку ў Ганконгу, пасля ў Англіі. З цяжкасцю ўдалося вярнуцца ў Расію. У Пецярбургу Каасай-Яматаў дапамог Гашкевічу здзейсніць даўнюю мару – скласці першы “Японска-рускі слоўнік”, які выйшаў у 1857 годзе і быў адзначаны медалём Пецярбургскай акадэміі навук і прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй. Такога слоўніка не мела тады ніводная краіна Еўропы.

А японскі калега Гашкевіча прыняў расійскае падданства і нават ахрысціўся. Ён працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі, выкладаў у Пецярбургскім універсітэце.

Калі ў 1858 годзе ў японскім горадзе Хакадатэ адкрывалася расійскае консульства, міністру замежных спраў А. Гарчакову спатрэбілася надзейная кандыдатура. Я. Пуцяцін парэкамендаваў Іосіфа Гашкевіча. Так наш зямляк стаў першым расійскім консулам у Японіі. Ён дзейсна спрыяў развіццю расійска-японскага супрацоўніцтва і паразумення. Акрамя таго, выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе, займаўся навуковымі даследаваннямі.

У 1865 годзе Гашкевіч вярнуўся ў Пецярбург, пахаваўшы ў Хакадатэ жонку. Тут ён зноў сустрэўся з Каасай-Яматавым. Аднак Іосіф Антонавіч увесь час памятаў пра малую радзіму, пра свой беларускі край. Настальгія змусіла яго ў кастрычніку 1867 года пераехаць у  Беларусь. Жыў у невялікім маёнтку Малі цяперашняга Астравецкага раёна. А 15 мая 1875 года дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Далёкага Усходу стацкі саветнік Іосіф Гашкевіч памёр.

Яго вучань і хрэснік Каасай-Яматаў восенню 1874 года вярнуўся ў Японію. Зноў перайшоў у сваю веру, стаў манахам. 30 мая 1885 года ён пакінуў гэты свет.

Удзячныя нашчадкі годна ўшанавалі памяць І. Гашкевіча. У Астраўцы яму адкрыты помнік. У музеі японскага пасёлка Хэда ёсць шмат матэрыялаў пра нашага земляка, а ў гарадку Фудзі на помніку рускім матросам і афіцэрам значыцца і яго прозвішча. У горадзе Хакадатэ, дзе было расійскае консульства, устаноўлены бронзавы бюст Іосіфа Гашкевіча. Яго імем названы заліў у Паўночнай Карэі.

МАЛАМАЖЭЙКАЎСКАЯ ЦАРКВА-КРЭПАСЦЬ

Як толькі царкоўны звон пакліча на святую малітву, вернікі вёскі Мураванка, што ў Шчучынскім раёне, спяшаюцца да тутэйшага храма. Вось ужо амаль 500 гадоў узвышае людскі дух Мураванкаўская царква-крэпасць, больш вядомая як Маламажэйкаўская. Але чаму царкву назвалі крэпасцю?

Шаснаццатае стагоддзе для Вялікага княства Літоўскага лічылася ці не самым ваяўнічым.  Шмат разоў пешыя і конныя ворагі намагаліся захапіць нашыя землі. Таму нашы продкі імкнуліся ўмацаваць свае паселішчы, узводзілі абарончыя збудаванні. Аднак у Вялікім княстве, як і ва ўсёй тагачаснай Еўропе, мураваныя замкі былі прывілеяй найбольш важных гарадоў. Абараняць жа патрабавалася і іншыя паселішчы. Вось чаму абарончую моц сталі надаваць ратушам, жылым дамам, сядзібам, цэрквам, манастырам.

Да ліку такіх збудаванняў можна аднесці Полацкі Сафійскі сабор, які на мяжы ХV – ХVІ стагоддзяў быў перабудаваны ў храм-крэпасць з пяццю вежамі, Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне, кальвінісцкі збор у в. Асташына на Навагрудчыне, дом феадала ў в. Гайцюнішкі Воранаўскага раёна.  Такі характар мае і Маламажэйкаўская Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць.

Па адных звестках, гэты помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю быў узведзены ў 1407 годзе. 13 мая 1907 года нават урачыста адзначалася 500-годдзе з часу яго заснавання. Аднак згодна  з пазнейшымі даследаваннямі лічыцца, што царква збудавана ў 1524 годзе. Сродкі на яе выдаткаваў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі.

Мураванкаўская царква мела шчодрыя ахвяраванні ад роду Сапегаў, Завішаў, іншых знаных людзей. На пачатку ХVІІ стагоддзя яна была адной з самых багатых на беларускай зямлі. А яшчэ ходзіць показка, што Шымко паклапаціўся і пра магчымы “чорны дзень” для царквы. У ягонай труне знайшлі запіску, у якой гаварылася аб схаваных скарбах на патрэбы храма. Было гэта напрыканцы ХVІІІ стагоддзя.

Пра запіску, золата і іншыя багацці, нібыта схаваныя ў труне заснавальніка храма, даведаўся царкоўны апякун зайздросны і злосны пан Кастравіцкі. Гэта стала сапраўднай трагедыяй для тамашняга святара Пятра Афанасевіча. Пан патрабаваў, каб той аддаў знойдзеныя багацці. Палохаў бацюшку, збіваў сям’ю. Нічога не знайшлі, а раз’юшаны пан загадаў задушыць жонку і маці святара, катаваць ягонага брата. Аднак  скарбы не знаходзіліся.

1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)