Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » У каменным крузе
У каменным крузе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У каменным крузе

Электронная книга - «У каменным крузе». Краткое содержание книги:

“У каменным крузе” Георгія Валкавыцкага – дакументальны аповед аб ваенных падзеях лета 1943 – вясны 1944 года, удзельнікам якіх быў аўтар. Кніга напісана ў форме дзённіка, што з’яўляецца яскравым прыкладам і доказам яе дакументальнасці. Як свайго часу прызнаўся сам атар, ідэя спісаць свае ўспаміны, а лепш сказаць падзеі, яшчэ жывыя ў сэрцы і душы, нарадзілася ў 1946 годзе, калі ён толькі вярнуўся з ваенных сцяжын. Спісаныя некалі па “жывой памяці” перажыванні і захаваныя памяццю эпізоды сталі асновай “круга”. Няма тут прыўкрашання падзей, няма згушчаных фарбаў. Аўтар пісаў так, як было, не дадаючы і не аднімаючы падзеям а ні добрага, а ні кепскага. Кніга нечым сугучна творчасці Брыля, а для некаторых чытачоў з’яўляецца запісам іх жыцця, іх перажыванняў, іх лёсаў. Георгі Валкавыцкі, спісваючы свае ўспаміны, патрапіў адлюстраваць час, падзеі, месцы і тое, што тварылася ў чалавечых душах у тыя складаныя часіны. (Н.Г.)
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 22
Перейти на страницу:

Наш спектакль акрылены агнявымі памкненнямі. Французы зацягнулі натхнёную песню. Ідуць по долинам и по взгорьям. Відаць, менавіта так і гучыць знаёмая песня на французскай мове, бо спяваюць з уздымам. У паход уключаемся і мы. І наша знамя наливается кумачем последних ран. Песня ператварае сон у яву. Марыс ужо на варштаце пад партрэтам Гітлера. Пора ў вусы фюрэра дзеркачом.

— Raus! Raus!

Цэх у нашых руках. Наглядчыкі, якія ў чарговае палітпастраенне мелі панаваць над намі, павесілі насы, шмуляюць напільнікамі па сваіх матрыцах і нічога не чуюць, нічога не бачаць.

У фабрычнага бобіка якасны слых. Чэша з „Бэрты” ў нашым кірунку. А ў Марыса арліны зрок. Канцэрт закончаны. Усе на сваіх пастах. Высвятляй, бобік, слых у сваіх камэрадаў. Але ён спыняецца ў дзвярах. Навастрыў вушы.

А, дужа прыемна! Маё амплуа. У маіх руках пякельная машына: націсну на спуск — урэжа па тоўстай блясе, такога лязгу на ніводнай перадавой не пачуеш. Бобік уражлівы быў на гэту музыку, куляй выскачыў з дзвярэй.

Яшчэ не раз хадзіць будзем па далінах і па ўзгор’ях. І нашы немцы звыкнуцца з песняй, і нікога не выдадуць. Там, на іхніх спектаклях дагнівала матэрыя, на нашых — узнімаўся дух, узрастала надзея на аднаўленне свету.

Bonjour, Марысы, П’еры, Фанфаны! Бачу вас у кенігсбергскіх снах. Як маецеся? Усё „траваі, траваі!”? Непадуладныя зямным прыцягненням. Якая таемная сіла прыкавала вас да варштатаў Штэйнфурта? Не чую песні. Панылы наш цэх. І вы ў ім панылыя. Ужо Krieg zu Ende. Стаім на зломе вякоў, раструшчаны ідэалы, пераніцаваны свет, сарваўшыся з арбіты здаровага сэнсу, нясецца немаведама куды. Хто мы? Адкуль мы? Дзеля чаго жывем? Параноідныя мастадонты расшчапілі атам, наладзілі Хірасіму, Чарнобыль, страшаць зорнымі войнамі. Я стаў двойчы дзедам, а вы — вечна маладыя, у рабочых камбінезонах — трываеце на вызначаных лёсам пастах. Не апазнаеце барадатага „ненаша”. Героі! Не пакінулі гістарчыную сцэну... Salut!23

Было і так. Ноч. Вяртаемся з Мішэлем з горада. Мінулі парк Rathshof. Увайшлі на Appelbaum Strasse. І чуем выразна: нашы грудзі распірае славянская адвага — пачалі дзейнічаць градусы, якімі зарадзілі нас землякі з Ostlandwerke. Паставім усю вуліцу на ногі! Пакажам жабаедам якія мы героі!

І зацягнулі на поўны голас По долинам и по взгорьям. На вуліцы містыка пустэчы, а мы дасягаем вяршыняў песеннага майстэрства. Над сонным Кенігсбергам нясецца рокат штурмавых начэй Спаска. Каб надаць сабе большага форсу, забягаем наперад песні, асучасніваючы апошняе чатырохрадкоўе:

Разгромили, подавили,

В гроб загнали черный сброд

И на Балтике янтарной

Свой закончили поход!

Ідзем і галосім задзірліва, сяродкам вуліцы, быццам ачолілі наступ лихих эскадронаў далёкаўсходняй дывізіі. А па абодвух баках, замест мірных аконных адтулін, пагрозна касавурацца амбразуры варожага логава. Гэта не толькі ўява — наўпрост нашага лагера месціцца ваенная часць.

Пранесла. Хоць бы нехта матам пакрыў. Нікога мы не зварухнулі. А ў бараку Вася Бобрыкаў яшчэ і дакарае:

— Што вы, хлопцы, здурэлі?

Вось і будзь героем.

частка VII.

Пасля Новага года скончылася новая Еўропа. Усіх славян перанеслі ў новаўзведзены лагер на Rathslinden, кіламетр на поўнач, за Hammerweg. Крыўдна. Ураслі ў Appelbaum Strasse. Акцэптавалі яе, яна — нас. Тут і кухня, і лагерфюрэр людскі.

Пачалася кульмінацыя казкі.

Новы лагер стаіць фронтам да парку. У нядзелю парк поўніцца аўсляндэрскай гаманой. У ім і спаткаў я Крысю, аднакласніцу, дачку маёй любімай настаўніцы пані Русіняковай. Жыве ў цэнтры, на Steindamm. Дала адрас, але папярэдзіла: найперш трэба пастукаць да суседа, сувальскага краўца — ён скажа, ці можна ўвайсці да яе. Паверхам вышэй жыве наглядчык, немец — баіцца яго.

У наступную нядзелю гасцюю ў Крысі. Разам з сяброўкай з Бельска гнездзіцца ў старой і вільготнай каменнай нары. Частуе гарбатай і штохвіліны — пальцы да вуснаў:

— Ціх...

І зрок у столь: немец не спіць. А я па натуры галасісты, не прывык гаварыць паўшэптам. Холадна. Няма чым паліць у печцы. На другі раз прывёз дзяўчатам прэзент: пакунак брыкету, расфасаваны ў лагерным складзе.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 22
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)