Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 75 76 77 78 79 80 81 82 83 ... 230
Перейти на страницу:

Але чамусьці доўга не вяртаўся гаспадар хутара. Можа, і ў суседзяў не знайшлося каня, пайшоў далей? Мабыць, так яно і здарылася. У тым, што гаспадар вернецца, Антон быў упэўнены: ён ведаў сілу сваёй пагрозы. Гэтыя хутаранцы больш, чым жыццём, даражаць сваім хутарскім набыткам і добра разумеюць, што для такога, як ён, паднесці пад страху запалку — справа пяці секунд. Тут як ні круці, а зробіш усё, што загадаюць.

— Гэй! — крыкнуў ён у зачыненыя дзверы. — Твой куркуль не ўцёк?

— Ой, не ўцёк, пане. Скора пшыведзе коня.

— Кажух гатовы?

— Скоро, скоро гатовы…

— Давай хутчэй! А то ўжо сцюдзёна.

Сапраўды, у трысцене пачало халаднець, дровы ў печы даўно згарэлі, з-пад другіх дзвярэй расцякалася ў доле сцюжа. Капцілка ў пячурцы роспачна хліпала, мабыць, нагарэў кнот ці канчалася газа. Антон падышоў да печы і, выняўшы ўторкнутую тут жа іголку, падцягнуў кнот. Зрабілася трохі святлей.

У гэты час недзе ў хляве галасіста, хаця і хрыплавата спрасоння, закрычаў певень, і Антон здрыгануўся: так нядоўга даседзець да раніцы. «От жа сволач! — падумаў ён пра гаспадара хутара. — Як бы не падвёў пад манастыр. Ну, няхай толькі вернецца!..»

15

Як гэта здарылася, Зоська сама не заўважыла, але неўзабаве яна задрамала, скурчыўшыся на бруднай, затаптанай падлозе, са звязанымі на жываце рукамі. Усе яе горкія беды засталіся ў трыдзевятым царстве, далёка ў іншым свеце, у другім месцы і часе. Яна не ведала ў сне, ці гэта была вайна, ці яна выпала з усякага часу і апынулася ў іншым, незямным вымярэнні. Аднак яна ні на секунду не разлучалася са сваімі адчуваннямі, якія і ў сне былі поўныя пакут і трывогі. Яна не ведала, што было прычынай гэтай яе трывогі, але ёй было кепска, вельмі неспакойна; агорклае прадчуванне чагосьці яшчэ горшага няспынна прыгнятала яе. У полі яе зроку, аднак, не было нічога нядобрага, наадварот, перад ёй разлеглася вясновая раскоша поля з зялёнай травой і нейкімі кветкамі, паблізу высілася наўздзіў белая, быццам цукровая званічка царквы ці касцёла, дзе вось-вось павінен быў паявіцца ён. Хто такі ён, Зоська не ведала, яна не ўяўляла нават аблічча гэтай істоты, але дакладна ведала, што ён — істота жывая, вельмі строгая і несумненна добрая. Праўда, з ім трэба быць вельмі пачцівай і паводзіць сябе сціпла, як са школьным дырэктарам па меншай меры, — гэта яна адчувала выразна.

У той жа час, востра адчуваючы сябе душэўна, яна ніяк не адчувала сябе фізічна, яна нават не ведала, як і ў чым яна апранута і ці ёсць у яе рукі, ногі, быццам яна без цела, без свайго ранейшага аблічча або страціла здольнасць зрокава ўспрымаць гэтае аблічча. Што датычыць навакольнага свету, дык ён даволі поўна ўспрымаўся ёю ва ўсёй яго рэчаіснасці, яна бачыла ля сябе нейкіх людзей, якія стаялі і размаўлялі, быццам на кірмашы ў дзень свята. Магчыма, гэта адбывалася нават на кірмашовай плошчы ці, можа, на лужку за мястэчкам. Не зважаючы на гаману і мітусцю навакол, людзі таксама чакалі хуткае паяўленне яго, хаця, можа, і не так нецярпліва і прагна, як чакала Зоська.

Але адбылася дзіўная падмена ў гэтай атмасферы ўсеагульнага чакання, чамусьці нікім, нават самой Зоськай, ніяк не заўважаная, — проста адзін стан неўпрыкмет змяніўся другім, і замест яго ўгары апынулася сама Зоська. Яна лёгка і вольна плыла ў вышыні над зямлёй, дрэвамі і людзьмі, дахамі нейкіх будынін, возерам і крывулякай рэчкай. Гэта быў радасны, чароўны палёт, поўны салодкага адчування прасторы і бязмежнага шчасця волі. Зоська лёгенька махала рукамі, каб трымацца на вышыні, дзе яна не адчувала ні ўласнай вагі, ні прыцягнення зямлі, ні нават супраціўлення паветра. Унізе былі, напэўна, усё тыя ж людзі, па адным і ў невялікіх купках, але цяпер ёй не было ніякае справы да гэтых людзей, ёй прыемна было аддавацца радаснаму адчуванню палёту над гэтай цёплай вясновай зямлёй.

Аднак нешта ўжо змянілася ў самой Зосьцы ці, можа, у гэтай прасторы, нейкая сіла ўладарна пацягнула яе ўніз, яна адчула вагу ўласнага цела, мацней замахала рукамі. Але ўтрымацца на вышыні яна ўжо не магла і катастрафічна хутка апускалася; зямля, дахі, дрэвы і тэлеграфныя слупы пры дарозе ўсё набліжаліся, яна з усяе сілы працавала рукамі, але спыніць зніжэння ўжо не магла. Яе з уладарнай няўхільнасцю цягнула ўніз, дзе ўжо бегалі, крычалі і махалі рукамі нейкія людзі ў чорным, яны ўжо гатовы былі ўхапіць яе, і ёй патрэбна было вялізнае намаганне, каб ухіліцца ад іх доўгіх пагрозлівых рук. Прадчуваючы, што яе чакае на зямлі, яна з усяе сілы працавала рукамі, і гэтыя яе рукі раптам ператварыліся ў крылы — шырокія, чорныя крылы птушкі, якой стала яна сама.

1 ... 75 76 77 78 79 80 81 82 83 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)