Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
Лёс народжаных у лагеры быў просты і часам трагічны. Дзіця ў яслях трымалі да трох гадоў. Калі маці яшчэ не вызвалялася і ніхто з радні не забіраў нашчадка арыштанткі, яго пад любым прозвішчам адпраўлялі ў невядомы дзіцячы дом. Як казаў той стралок, яно станавілася «общим».
Нашай дачушцы гэта не пагражала. У мяне тэрмін канчаўся праз паўтара года, у Алі — праз два. Мы ўсё прадумалі і разлічылі, спадзеючыся, што нас усё ж выпусцяць.
I вось настала пара развітання ўжо не з адною, а з дзвюма дарагімі істотамі. А калі давядзецца сустрэцца? Калі дзіця адымалі ад грудзей, маці звычайна засылалі на нейкі далёкі лагпункт, каб бацькі не сустрэліся ніколі. Так нас перавыхоўвалі «гуманісты». На вахту вывелі чалавек восем: каго адпраўлялі на каменданцкі, каго ў бальніцу. Аля стаяла паперадзе з дачушкаю на руках. Свяціла зыркае сонца, лясы зіхацелі ружовым інеем, слаўся лёгкі марозны туманок. Да станцыі Пастой кіламетраў пяць па лясной дарозе, а колькі там чакаць цяплушку, ніхто не ведаў: чыгунка лагерная, дакладнага раскладу не было, цягнікі хадзілі рэдка і стаялі, пакуль разгрузяць або загрузяць таварныя вагоны. Невялічкі этап прынялі два немаладыя канваіры Ягор Смірноў і маўклівы і змрочны Плятнёў. Я напярэдадні папрасіў у начальніка дазволу праводзіць Алю да станцыі. Як толькі іх вывелі за браму, я дачушку захутаў у свой бушлат і панёс да Пастоя.
Пакуль ішлі, добра прыгрэла сонца, з вецця з шоргатам асыпаўся іней, да рэзі ў вачах іскрыўся снег, патыхала хуткаю вясною, а дарогаю ішлі няшчасныя, спакутаваныя, ні ў чым не вінаватыя сумленныя людзі. Іх падганялі, абражалі і лаялі пажылыя вясковыя дзядзькі, якім загадалі пільнаваць і ненавідзець, а калі спатрэбіцца, — страляць. Таму іх і звалі стралкамі.
Збіты з дошак вакзальчык не апальваўся. Настылыя сцены ўкрыліся белаю шчэццю шэрані. Побач з вакзалам была перавалачная база нашага лагпункта і хатка вартаўніка. У ёй спыняліся вольныя і экспедытары ў чаканні цяплушкі. Гаспадарыў тут акуратны і разважлівы бесканвойны Торшын. З халадэчы вакзала я панёс сваё дзіцятка ў цёплую старожку. Пры адпраўцы Алін пропуск застаўся на вахце, і яна апынулася пад канвоем. Колькі я ні ўпрошваў і ні ўгаворваў пусціць у старожку маці, чуў адно: «Не положено».
Праз паўгадзіны галоднае дзіця ўсчало страшэнны плач, ніякія суслы і калыханні не памагалі. Я пабег у халодны вакзал упрошваць, каб пусцілі Алю пакарміць дачку. У настылым, забруджаным пакоі нельга было нават бушлат расшпіліць, не тое што... Смірноў згаджаўся, што Аля была бесканвойная, і схіляўся пусціць яе на маю адказнасць, а бязбровы, пабіты рабаціннем Плятнёў гугнявіў адно: «Не положено». Я вярнуўся ні з чым, а дзіця заходзілася да сінявы. Якраз на лёгкіх саначках пад’ехаў Цокур, пачуў плач і зайшоў у хату. Я расказаў, чаго плача дзіця. Ён моўчкі выйшаў і неўзабаве прывёў Алю. Яна калацілася ад холаду, а як толькі ўзяла на рукі дачушку, тая сціхла і зацмокала губкамі. Да адыходу цяплушкі мы былі разам, а пры развітанні абаіх душылі слёзы.
Маркотныя дні цягнуліся марудна. Часам з экспедытарамі удавалася перадаць маім дзяўчатам на пялёнкі кавалак упаковачнай марлі або якую злыбеду, каб не прапала малако.
У канцы сакавіка пацяплела. Асядалі сумёты, па ўгноенай фурманкамі дарозе беглі ручаінкі, пад нагамі хрумсталі шыбкі беленькіх ільдзінак. Пабольшалі дні, запахла вясною, я марыў як-небудзь праскочыць да сваёй маленькай «нелегальнай» сямейкі, але мара заставалася мараю. Аднойчы ўвечары рахункавод Марфа Карчынская паклікала да тэлефона. Я захваляваўся, бо нічога добрага не чакаў ад начнога званка. У трубцы пачуў Алін плач. Падумалася самае горшае. Я алёкаў з дрыжачаю трубкаю ў руцэ. «Кажы хутчэй, што з Таняю (у яе ўжо было імя)?» — «Мяне... выз-ва-ляюць», — пачулася скрозь плач. «Дык чаго ж ты, дурнічка, плачаш? Радавацца трэба. Калі адпраўляюць?.. Пытаюся, адпраўляюць калі?» — «Праз тры дні. А як жа ты застанешся?» — «Я з вамі на ўсё жыццё... ту-ту-ту...»
Спагадлівы Цокур дазволіў мне паехаць развітацца з Аляю і дачкою. Між іншым буркнуў: «Не ўздумай пакрыўдзіць ці пакінуць іх. Тваё шчасце, што сустрэў такую жанчыну. Схадзі да Болава, скажы ад майго імя, каб што-небудзь даў ім на дарогу».
У доўгім вузкім бараку жыло каля дваццаці мамак з розных лагпунктаў. Усе нешта шылі, латалі, распускалі, вязалі і чакалі сігналу на кармленне дзяцей. Я баяўся, каб часам іх не пераблыталі ў яслях. Супакойвала Аля: «Нашу я па плачу здалёк пазнаю». Увесь дзень мы былі разам. Аля расказвала, што яе бацька, патомны рабочы, бясконца пісаў заявы, абіваў парогі, збіраў подпісы, стукаўся ва ўсе дзверы. I вось яе вызвалілі «за отсутствнем состава преступления». Я радаваўся, што яна едзе дадому, і непакоіўся, як жа сустрэнуць бацькі, якімі плёткамі забрудзяць свярбячыя языкі недаткнёную некалі, чыстую і сумленную дзяўчыну, ці не ўзненавідзяць бацькі «агіднага спакусніка». Супакоіла Аля: бацькі ўсё ведаюць, рады прыняць унучку і яе бацьку.
Мы развітваліся каля вахты позна ўвечары і ніяк не маглі развітацца: разыходзіліся і вярталіся зноў, баяліся страціць адно аднаго назаўсёды. Наўкол слаўся вільготны туман, асядаў і спаўзаў з дахаў і стрэшак на вышках мокры снег, кроплі вільгаці дрыжалі на калючках туга нацягнутых дратоў вакол зоны, праз шэрую вату аблокаў часам прабіваўся і знікаў месяц. Я выйшаў за вахту, а маленькая постаць яшчэ доўга стаяла каля брамы.
У яслях чамусьці не гарэла электрычнасць. У калідорах і ў пакоях мільгалі капцілкі. Мяне спыніла немаладая, відаць, вечна заспаная нянька. На маю просьбу адказала, як ім загадана: «Ваабчэ-то не паложана!» А я не адступаў, гразіўся, што не выйду да раніцы. I ўсё ж, бурчучы, вынесла загорнутае ў шэрую мокрую пялёначку дзіцятка. Маё ці не маё? Прыгледзеўся — адкапылена верхняя губка. Яна. У яслях было холадна, з маленькага роціка пыхкалі струменьчыкі пары. Я прытуліў дачушку да ледзь цёплай грубкі, хукаў, цалаваў лобік, нешта шаптаў пяшчотнае, а слёзы самі каціліся па шчоках за каўнер. «Калі ж я пабачу цябе, дачушка, ці дажыву да твае сталасці?»
«Досыць тут вільгаць разводзіць. Іншыя кабялі сюды і носа не кажуць, а гэты распусціў нюні. Давай чашы, а то запаздаеш», — забрала нянька дачушку, і я пахлюпаў па гразкай дарозе да станцыі.
Ехаў на тармазной пляцоўцы ў вільготную цемень ночы, толькі ўдоўж дарогі цямнелі верхавіны хвояў і елак. На стыку з веткаю да нашых складаў цягнік запаволіў хаду, я саскочыў з падножкі і плюхнуўся ў падталы снег. На лагпункт прыйшоў позна. На вышках паблісквалі цыгарэткі вартавых, у бараках мільгалі газнічкі, бо электрычнасць выключалі з адбоем. I такім сумам, такой тугою сустрэла мяне маўклівая зона...