Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
- Автор: Mann Klaus
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Переводчик: Васіль Сёмуха
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:
Яна ўбіла сабе ў галаву, што ў першай яе берлінскай ролі яе партнёрам павінен быць Гендрык Гёфген.
— Ён жа так падыходзіць да гэтай ролі! — трашчала інжэню. — Бо, зрэшты, ты і сам зацікаўлены, каб у мяне быў прыемны партнёр, калі я ўпершыню выступлю перад берлінскімі таварышамі па партыі!
Генерал спытаўся, ці не яўрэй Гёфген. Калі даведаўся, што не, што наадварот — чыстапародны светлавалосы рэйнец, ён абяцаў, што з "гэтым хлопцам" нічога не здарыцца, чаго б ён раней ні начворыў.
Пра спрыяльны вынік гутаркі Ліндэнталь адразу паведаміла маленькай каляжанцы Зіберт, а тая, у сваю чаргу, ледзьве дачакалася магчымасці паведаміць Гендрыку пра выдатны абарот справы.
Ну вось, змрочны перыяд парыжскіх пакутаў ззаду! З самотнымі шпацырамі ўніз па бульвары Сэн-Мішэль, па набярэжнай Сены ці па Елісейскіх палях пакончана! Годзе! Няўжо і праўда Гендрык Гёфген адаваўся бунтарскім марам у пустым гатэльным нумары? Няўжо і праўда ён калі-небудзь адчуваў неадольную, змрочную і салодкую патрэбу ачысціцца, вызваліцца, пачаць новае, дзікае жыццё? Ён ужо і сам нічога не памятаў — пакуль пакаваў чамаданы, усё было забыта. Напяваючы ад радасці, спакусліва гатовы кінуцца ўпадскокі па пакоі, ён кінуўся ў бюро падарожжаў "Кук і сын", каб заказаць спальнае купэ на берлінскі цягнік.
Вярнуўшыся ў гатэль, што непадалёк ад бульвара Манпарнас, Гендрык праходзіў міма "Кафэ дзю Дом". Стаяла пагода, многія сядзелі на адкрытым паветры, сталы і крэслы стаялі пад брызентам, на тратуары. Гендрыку ад хады зрабілася горача, захацелася прысесці на чвэрць гадзіны, выпіць апельсінавага соку. Ён спыніўся, але, праводзячы высакамерным позіркам па гаварлівым натоўпе, перадумаў. Ці мала каго тут можна сустрэць! Тут могуць аказацца старыя знаёмыя, а іх лепей абыходзіць бокам. Бо, здаецца, "Кафэ дзю Дом" — месца сустрэч эмігрантаў? Не, не, лепей прайсці міма. Ён ужо намерыўся быў адвярнуцца, але тут пагляд яго спыніўся на групе людзей за круглым столікам. Гендрык уздрыгнуў. Ён так спалохаўся, што яму балюча кальнула ў жывот, і некалькі секунд ён не мог варухнуцца.
Спачатку ён пазнаў фраў фон Гэрцфэльд; толькі потым заўважыў побач з ёю Барбару. Барбара ў Парыжы, яна ўвесь час была тут, ён сумаваў па ёй, яна яму была патрэбная, як ніколі, а жыла ў тым самым горадзе, у тым самым квартале, што і ён, — магчыма, усяго за некалькі дамоў! Барбара пакінула Германію, і вось яна сядзіць на тэрасе "Кафэ дзю Дом", сядзіць побач з Гедай фон Гэрцфэльд, з якой у Гамбургу зусім не сябравала. Але цяжкія абставіны іх звялі... Яны сядзяць за адным сталом. Абедзве маўчаць, абедзве глядзяць удалечыню аднолькава панылымі, задумлівымі і глыбокімі позіркамі.
"Як пабялела Барбара!" — падумаў Гендрык. Яму раптам падалося, што яны зусім тут і не сядзяць, што яны — існуюць толькі ў ягоным уяўленні. Калі яны жывыя, дык чаму не рухаюцца? Чаму сядзяць так нерухома, чаму ў іх такія журботныя вочы?
Барбара падпірала рукой бледны твар. Паміж цёмнымі брывамі пралегла рыса, якой Гендрык раней не заўважаў: магчыма, гэта ад напружаных, горкіх роздумаў? Рыса надавала твару замроены, амаль суровы выраз. На Барбары быў шэры плашч і ярка чывоны шаль. У гэтай вопратцы з пакутніцкім, напружаным тварам яна рабіла крыху дзікае, амаль страшнае ўражанне.
Фраў фон Гэрцфэльд таксама была бледная, але на яе шырокім мяккім твары не было грознай пячаткі, была толькі пяшчотная журба. Апрача Барбары і Геды, за сталом сядзела яшчэ адна дзяўчына — Гендрык раней ніколі не бачыў яе — і двое маладых людзей. Адзін з іх быў Себасцьян, Гендрык пазнаў яго выцягнутую шыю, замглёны, задумлівы пагляд і пасму попельна-светлых валос.
Гендрык хацеў крыкнуць, хацеў павітацца, першым рухам яго душы было абняць Барбару, пагаварыць з ёю пра ўсё, пра ўсё пагаварыць з ёю. Як часта ён марыў пра гэта ў дні самоты! Але ў галаве ўжо круцілася: "Як яны прымуць мяне? Пачнуць задаваць пытанні — што мне адказваць? Тут, у кішэні пінжака, у мяне білет у спальнае купэ берлінскага цягніка, і ўсё гэта дзякуючы спрыянню дзвюх ласкавых светлавалосых дам. Я ўжо як бы прымірыўся з рэжымам, які прагнаў гэтых людзей, а я ж прысягаўся Барбары ў непрымірымай варожасці да яго. Якую пыхлівую ўсмешку скроіць Себасцьян! І як мне вытрымаць позірк Барбары, яе цёмны, пагардлівы, бязлітасны позірк? Трэба ўцякаць — здаецца, яны мяне пакуль што не заўважылі, — яны ж усе глядзяць дзіўнымі позіркамі ў пустату. Трэба хутчэй уцякаць, гэтая сустрэча мне не пад сілу..."
За столікам не рухаліся; здавалася, яны глядзяць праз Гендрыка Гёфгена, як праз паветра. Яны сядзелі застылыя, быццам ад невыноснага болю, пакуль Гендрык спяшаўся прэч дробнымі цвёрдымі крокамі, як чалавек, які ўцякае ад небяспекі і стараецца схаваць свой страх.