Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Знак бяды
Знак бяды - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Знак бяды

Электронная книга - «Знак бяды». Краткое содержание книги:

Ці лёгка было казаць праўду пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў змовы маўчаньня і адкрытай хлусьні? Напэўна імкненьне да праўды і яе выкрываньня прывялі да таго, што Васіль Быкаў не пайшоў па цячэньні, але выступіў насупраць хлусьні і мане пра лёсы беларусаў. Яшчэ ў час калі Савецкі Саюз падаваўся непахісным і савецкія грамадзяне рыхтаваліся да «ўступленьня ў камунізм», Васіль Быкаў адзначыў, што на трагедыі народа нельга пабудаваць «сьветлай будучыні». Ён не выступіў з асуджэньнем палітыкі Камуністычнай партыі, але проста распавёў пра лёс аднае беларускае сям’і, якой за два дзесяцігодзьдзі ўдалося пабываць у двух гіеннах. Ваенны Быкаў, хаця і са скрыпам ўспрымаўся палітычнай вярхушкай Савецкага Саюзу, а вось Быкаў, які параўнаў пакуты ваеннага ліхалецьця з пакутамі калектывізацыі прыйшоўся не да спадобы партыйным функцыянэрам. «Знак бяды» накрэсьліў сапраўднага Быкава, які больш ніколі не замаўчаў, ні крытыкаваны, ні цкаваны не сыходзіў ён ад свайго абвостранага пачуцьця праўды. «Знак бяды» Быкава адзін з найлепшых твораў, беларускага пісьменьніка, якога неаднаразова называлі «сумленьнем нацыі».
У аповесці Васіль Быкаў піша пра трагічны лёс жыхароў хутара Яхімоўшчына — Сцепаніды і Петрака Багацькаў. У жыцці гэтых людзей адлюстраваліся тыя нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 114
Перейти на страницу:

На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу, як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.

Абкапваць было не дужа каб цяжка, хоць, ведама, Пятрок зрабіў бы гэта спрытней. Але Пятрок зранку займаўся справай, дзе яна ўжо была старонняй. Устаўшы яшчэ да світання, ён бразгаў у істопцы самагонным начыннем, пасля некуды знік, паявіўся зноў, узяў вёдры, каромысла, пачаў насіць кудысь брагу. Яна думала, што ён уладкуецца ў істопцы ці хоць бы ў асеці, а ён сышоў некуды далей — у роў ці яшчэ куды, не сказаў нават ёй. Толькі калі ўсё там было настроена, прыйшоў прасіць якія дзве запалкі. Голас яго стаў зусім сіплы, а сам з выгляду зусім стомлены, змардаваны, які ён, здаецца, не быў ніколі. Яна дала яму дзве запалкі і сказала, каб не сядзеў доўга — на дварэ сцюдзёна, мокра, нядоўга застудзіць грудзі, што тады будзе карысці з яго самагонкі.

— А, чорт яго бяры! — махнуў рукой Пятрок. — Усё адно ўжо…

Сцепаніда абкапала адзін бок капца, паляпала рыдлёўкай па зямлі, раўняючы таўставаты яе пласт на саломе. Увесь гэты час, што б яна ні рабіла — ці поркалася дома, ці парадкавала парсючка, — не магла пазбыцца думкі пра Янку. Так яна шкадавала цяпер, што ў той дзень згледзела яго на ўзроўку — хай бы ён дзе пасвіў у парасніках, навошта ён трапіўся ёй так блізка? Але, мусіць, нейкая злая сіла вабіла яго да гэтага хутара, да той небяспекі, якая абярнулася для яго пагібеллю. Сцепаніда не магла пазбыцца горкага адчування свайго дачынення да яго смерці, хоць і разумела: тое, што яна зрабіла з іхняй вінтоўкай, не тычылася болей нікога, нават Петрака, і яна не бачыла тут жаднай сувязі з Янкам. Канешне ж, яна разумела, што прывяло хлопца ў роў, мабыць жа, ён ішоў да яе парсючка, але навошта ён палез так блізка да хутара? Няўжо не адчуваў, чым гэта можа для яго скончыцца? І вось скончылася.

Капец яшчэ не быў уладкаваны, як яна пачула голас з падворка — хтось клікаў яе. Але хто ў такі час мог тут паявіцца, не трэба было доўга думаць, канешне, гэта зноў былі тыя самыя злыдні. Уся ўнутрана сабраўшыся, гатовая да кепскага, Сцепаніда ўваткнула ў зямлю рыдлёўку і пайшла цераз гарод да дрывотні.

Так яно і было, яна не памылілася. На тым месцы, дзе нядаўна дымела кухня, цяпер стаяла фурманка са знаёмым панурым конікам у аглоблях, а Гуж з Каландзёнкам ужо заглядвалі ў вокны і гукалі яе. Ля фурманкі з ніякавата-староннім выразам на зграбна-чарнявым твары стаяў з вінтоўкай на плячы Антось Недасека.

— А, во яна! — убачыўшы яе, сказаў Гуж. — Дзе Пятрок?

— А тут хіба нет? Тады не ведаю, — схлусіла яна, адразу сцяміўшы, што гэты прыезд, мабыць, не па яе — па гаспадара хутара.

— Адчыняй дзверы! — загадаў Гуж. Але, апярэдзіўшы яе, сам скінуў клямку з прабоя і размашыста бразнуў дзвярыма.

Пакуль яна ішла за імі, Гуж паспеў зазірнуць у істопку, агледзець мітуслівым позіркам сенцы, нават прынюхаўся да чагось сваім мясістым шырокім носам і бразнуў дзвярыма, заходзячы ў хату. Там ён таксама спярша зірнуў у кожнае з вокан.

— Дзе Пятрок?

— Я ж не ведаю, сказала. Я вунь бульбу абкопваю.

— Ах, ты не ведаеш? Дык мы ведаем: самагон гоніць! Дзе гоніць? — раптам запытаў Гуж, паварочваючыся да яе і адразу захінуўшы ад яе ўсё святло з вокан. Яна не стала ні пераконваць яго, ні бажыцца, што не ведае, дзе Пятрок, толькі ціха вымавіла:

— Мне не сказаў.

Гуж штось памеркаваў і злосна скрыгатнуў шырокімі пашчэнкамі.

— Ну, падла, ты ў мяне дажджэшся! Урэшце я цябе павешу. З вялікім маім задавальненнем. З наслажджэннем!!!

— Гэта за што? — не паднімаючы позірку, спакойна пацікавілася яна, аднак не саступаючы з месца перад ім ля парога. У яе таксама міжвольна сашчапіліся пашчэнкі, толькі яна не паказала таго і глядзела долу. Чыстую пасля немцаў падлогу яны агідна забрудзілі гразкімі ботамі. Але хай, ёй не было шкада падлогі, ёй нават закарцела пасварыцца з гэтым увішным служкам новага парадку.

— Сама знаеш — за што! Вы! — раўнуў ён да сваіх памагатых. — Ану пашуруйце сядзібу: у таку, у асеці. Недзе ён тут гоніць.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 114
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)