Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 241
Перейти на страницу:

Але і гэты раз ніхто не смяяўся. Карпенка не спускаў вачэй з калоны, якая ўсё расла і расла на дарозе, ужо чуваць было, як дрыжала зямля ад танкаў, як ляскацелі іх цяжкія шырокія тракі. Пяхоты, здаецца, было небагата — некалькі машын, а далей у калоне ішлі гружаныя аўтамабілі. Крыху не дасягнуўшы бяроз, якраз на самым пагорку, пяхота пасаскаквала з кузавоў і тут жа пачала разбягацца абапал дарогі ў няроўны мітуслівы ланцуг. Машыны спыніліся, і далей уніз пайшлі танкі — тры грукатлівыя сталёвыя аграмадзіны.

— Віцька! — сярод наплыўшага густога грукату ўстрывожана крыкнуў Карпенка. — Глядзі не спяшайся!

Свіст не спяшаўся. Недзе ўнутры яго маркотна заныла нядобрае прадчуванне: ведаў баец — пачнецца нялёгкае. Але гэта на адзін толькі кароценькі момант. Хлопец адразу ж перайначыў сябе на звычайны зухавата-дзелавы настрой і сачыў за ворагам. Трохі засмучала яго, што танкі ішлі ў лоб. Хоць бы адзін крутнуў дзе ўбок, падставіў борт, і тады Віцька напэўна пранізаў бы яго. Але яны ішлі прама, а ля дарогі, не спраўляючыся за імі і адстаючы, разгортваўся ланцуг.

З сярэдзіны пагорка пярэдні танк, не спыняючыся, грымнуў стрэлам — над пераездам нешта фыркнула, і ззаду ў полі скалануў зямлю выбух. Другі снарад ударыў у чыгунку перад траншэяй — байцоў аглушыла, абдало пылам, зямлёй, кіслым смуродам тратылу. На лініі ўздыбілася некалькі вывернутых з насыпу шпал, задраўся ўгору сагнуты канец перабітай рэйкі.

Пагойдваючыся і пакалыхваючы гарматамі, танкі ішлі ў лагчыну, а пераезд маўчаў. Пярэдні ўжо набліжаўся да абгарэлых транспарцёраў, дасягнуў іх, сапхнуў у канаву пакінуты матацыкл і павярнуў крыху, каб абысці завернутую ўпоперак дарогі машыну. I тады без каманды Карпенкі, але вельмі ў час звонка грукнула Свістава ружжо, і танк адразу стаў. Яшчэ нічога не было відаць — ні дыму, ні полымя, але збоку ўжо адскочыла накрыўка люка, з якога, бы тараканы са шчыліны, кінуліся на дарогу чорныя танкісты. Старшына даў першую чаргу, і пераезд азваўся беспарадачным грукатам.

Яшчэ праз хвіліну ўвесь гэты восеньскі панылы абшар напоўніўся бязладным грымоццем стрэлаў. Трапіўшы пад кулямётны абстрэл, пяхота ў полі залягла і адкрыла па пераездзе агонь. Другі танк асцярожна пасоўваўся па дарозе, адпіхнуў убок транспарцёр і, прыпыніўшыся, навёў гармату.

— Лажысь!!! — галасіста крыкнуў Карпенка, і не паспеў яшчэ яго крык патануць у грукаце бою, як страшэннае сілы выбух чорнай земляной хмарай накрыў пераезд-траншэю, людзей, старожку.

Калі пыл здзьмула ветрам, стала відаць, што ад той дарожнай будыніны разляцеліся ў бакі кавалкі дошак, тынкоўкі, ад даху не засталося і следу, а ў тым месцы, дзе некалі была грубка, курылася вялізная варонка з мучніста-мяккай зямлёй.

Пераезд змоўк, здавалася, нікога жывога ўжо не засталося ў траншэі. Аднак у самым канцы яе мільганула зацярушаная пяском постаць Свіста — ён ухапіў ружжо і роспачна-злосна вылаяўся. Яго ўлюбёная зброя, якая не раз ужо выратоўвала людзей з бяды, недарэчна пазірала з бруствера кароткім перабітым ствалом.

— Старшына, братка! Што нарабілі, гады паўзучыя! Ах, чортавы вырадкі! — лямантаваў Свіст, без патрэбы ляпаючы затворам сваёй сапсаванай зброі.

I тады з акопа ўзнялася збялелая ў твары, дзіўна павольная і расслабленая постаць Карпенкі. Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй старшына паглядзеў на дарогу, дакрануўся рукой да разбітай галавы, з якой на плечы шыняля, на бруствер і прыклад кулямёта лілася густая неўтаймаваная кроў.

— Свіст!.. Не пушчаць! — слабым дрыготкім голасам выкрыкнуў ён і паваліўся ў траншэю.

Свіст кінуўся да яго, мінаючы Аўсеева, які, уцяўшы голаў у плечы, курчыўся ў ячэйцы. Бранябойшчык падхапіў старшыну, прыўзняў яго, той цяжка, задышліва соп, круціў галавой і асіпла прасіў:

— Танкі, танкі… Бі, не спазніся…

Ён не ведаў, што біць танкі ўжо не было чым, і Свіст яму не сказаў пра гэта. Крывавячы свае рукі, бранябойшчык пацёртым у кішэні пакетам перавязваў яго галаву са зліплымі ад крыві валасамі, услухоўваўся ў грукат бою і недарэчна супакойваў параненага:

— Нічога, нічога! Ты ляжы, ляжы…

Пасля баец ускочыў у траншэю, працяты благой думкай, што немцы ўжо побач, а іх засталося ўсяго двое. Але ў гэты час з боку ад руін старожкі забахалі стрэлы Глечыка, Свіст узрадаваўся і схапіў кулямёт старшыны. Немцы ў полі пакрысе перабягалі ў нізіну, а два танкі вельмі асцярожна, адзін па правым баку дарогі, другі па левым, мінулі транспарцёры і набліжаліся да мастка. Кулі з іх кулямётаў секлі зямлю, чыгунку, быльнёг, верашчалі ўвысі, рыкашэцячы ад рэек. Разрывы і стрэлы поўнілі наваколле грымотным жахлівым стогнам.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)