Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 241
Перейти на страницу:

— От гэта ладна, — сказаў Карпенка, калі яны падышлі да траншэі. — От гэта хвалю.

Ён пераняў у Глечыка яго ношу, беражна агледзеў новенькі кулямёт, ухапіўшы вялізнай пяцярнёй, пацягнуў рукаятку.

— Трафей, — засмяяўся Свіст, скакаючы ў траншэю да камандзіра. — А гламянуць няма. Была торба галет, ды і тая абгарэла. А гэта табе, камандзір, — усё трохі лягчэйшы за твайго пудовіка «дзегцяра».

Карпенка ўсё круціў у руках кулямёт, аглядаючы яго з усіх бакоў, паляскаў затворам, пацэліўся, ускінуўшы на руку. Кулямёт яму падабаўся, але старшына ўсё нешта разважаў з сабой.

— А патроны? — спытаў ён Свіста. — Гэта і ўсё? Не, брат, не падыдзе. На, Аўсееў, асвойвай, ваяваць будзеш, а мне мой болей здатны.

Свіст, здзівіўшыся, свіснуў і крануў на віхрах пілотку.

— Ну і дарма. Я яго сам схапіў бы, ды ПТР — з двума не зладзіш.

Аўсееў без усякай радасці ўзяў кулямёт, а Свіст, запусціўшы руку ў глыбокую кішэню свайго шыняля, нешта выняў у сцятым кулаку.

— Ну, а на гэта што скажаш? Га?

Карпенка далікатна ўзяў з яго далоні круглы кішэнны гадзіннік на доўгім бліскучым ланцужку, заскарузлымі вялікімі пальцамі беражна расчыніў футляр, пакруціў галоўку. Гэта быў добры кішэнны гадзіннік з секунднай стрэлкай, выпуклымі фосфарнымі лічбамі на крэмавым цыферблаце.

— Пятнаццаць камянёў, анкерны ход — вот, брат, трафей! — хваліўся Свіст. — Хочаш, бяры. На імяніны не дам, а цяпер — калі ласка.

— Глядзі ты, ладная штуковіна: пятнаццаць камянёў, кажаш? — не то ўсур’ёз, не то з іроніяй казаў старшына. — Маладзец ты, Свіст, малайчына. Так праз год-два з цябе выйдзе выдатны марадзёр, ці не так, ярына зялёная?

— Ну, яшчэ што скажаш: марадзёр! — засмяяўся Свіст. — Не хочаш — давай сюды.

Ён працягнуў руку, але Карпенка, не зважаючы на гэта, размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў гадзіннікам аб пашчэрбленую сцяну старожкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў.

— Вось і ўсё, і маўчок — справа скончана, — сказаў камандзір і адвярнуўся да свайго кулямёта ў ячэйцы.

Свіст пачухаў патыліцу, па-блазенску падміргнуў Глечыку і сапраўды ые сказаў ні слова.

17

Зацікавіўшыся новаю зброяй, Глечык падышоў да Аўсеева, і яны ўдвух пачалі даследаваць гэты трафейны кулямёт. Аўсееў чамусьці зноў стаў невясёлы і маўклівы, і нельга было зразумець, што рабілася ў яго душы. Дэманстратыўна, не прыкмячаючы Глечыка, ён паставіў на бруствер трафей, здзьмухнуў пыл і расчыніў затворную каробку.

— «Эмга трыццаць чатыры», апошняй мадэлі, — буркнуў ён. — У вучылішчы мы вывучалі. Хуткастрэльнасць велізарная — не раўня нашаму «дзегцяру».

Глечык уважліва глядзеў, слухаючы болей за сябе спрактыкаванага таварыша, і думаў, што той пакажа, як абыходзіцца з кулямётам. Але Аўсееў з незразумелай варожасцю закрычаў на хлопца:

— А наогул на якога д’ябла! Ты прынёс — ты і страляй!

— Дык я ж не ўмею, — шчыра прызнаўся Глечык. — А чаму ты не хочаш?

Аўсееў памаўчаў, пашчоўкаў затворам і злосна гыркнуў:

— Мне яшчэ жыць хочацца.

Глечыку ён не хацеў казаць усяго, што разумеў сам, — таго, што з кулямётам куды больш небяспечна ў баі, чымся з вінтоўкай, што ў першую чаргу б’юць кулямётчыкаў, што цяпер яму не схавацца ў траншэю, бо Карпенка запатрабуе агню і зноў Аўсееву прыйдзецца рызыкаваць галавой. Адразу чорным ценем азмрочыўся яго спачатку праяснелы настрой, зноў у голаў шыбануў жаль, што, паддаўшыся нерашучасці і стоме, праспаў такую здатную для паратунку ноч. Трывожнае пачуццё асуджанасці ўсё больш ахоплівала яго, і Аўсееў, напружыўшы ўсе сілы розуму, узяўся шукаць выйсця.

Ён прыкінуў, што калі перадаць кулямёт Глечыку і дамовіцца з ім, дык можна было б, прыкрываючыся ад старшыны рогам старожкі, па траншэі і канаве як-небудзь прабрацца к лесу. Думалася яму, што напалоханы ў першай сутычцы Глечык можа пагадзіцца на ўцёкі, а ён паабяцае, што затым паможа знікнуць і яму. Таму, раптам перамяніўшы свае адносіны да маладога байца, Аўсееў па-сяброўску спытаў:

1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)