Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця пры чым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца і немцы вывезуць базу?
Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым, — здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варушыўся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў Даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант аж скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.
Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю сваю рэпутацыю. Аднойчы з ім было такое, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць яго добрыя да сябе адносіны.
Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць гадоў, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога. Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, а ў вольны час прападаў на каменданцкай стайні. Коні былі, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі паездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол, апроч коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.
На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж рада стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!
Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго яшчэ не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная конавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.
Звычайна ён прыязджаў на Мілцы — маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сяржантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа, нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяеў быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п’янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.
Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, а то і проста адпачываў, смокчучы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.