Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.
— А няма немцаў. I склада таксама няма, — проста адказаў Півавараў.
— Як няма?
Лейтэнант унутрана сцяўся, нахмурыў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.
— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў.
Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.
— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.
Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.
— Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці, — прабурчэў Лукашоў.
— Што зробіш, — уздыхнуў Краснакуцкі. — На вайне ўсё бывае.
— А можа, яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? — змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.
— Там была, — проста адказаў яму Півавараў, — Слупы во стаяць. Без дроту толькі.
Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з насыпу напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая, злая сіла распірала сяржанта і той гатовы быў пачаць сварку.
— А што, і слядоў ніякіх няма? — са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.
— Нічога няма, — адказаў Іваноўскі.
— Што ж атрымліваецца… Як жа так? — не сунімаўся Лукашоў. — Нехта вінаваты, значыць.
Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.
— Гэта ў чым вінаваты?
— А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі…
— Дык вы што прапануеце? — асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.
Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сяржант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне — падобнае заўжды каралася з найбольшай строгасцю.
Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.
— Што мне прапаноўваць? Я кажу…
— Лепш памаўчыце!
Сяржант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Больш да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?
Ён так сядзеў доўга і маўчаў, не прыбіраючы з каленяў раскладзенай карты, па якой снежнай крупой шархацеў вецер. Ён ужо нічога не разглядваў на ёй — проста ён пазбягаў непатрэбных цяпер размоў з байцамі, іх запытальных позіркаў. Ён адчуваў, што неадкладна трэба нешта рашыць і, як толькі сцямнее, трэба адсюль ісці. Толькі куды?
— Падмяніце Судніка. Нябось закалеў на ветры, — ні да каго не звяртаючыся, сказаў лейтэнант, калі адчуў, што нядобрая маўклівасць у групе надта задоўжылася. — Заяц!
Заяц адразу ж устаў і пачаў узлазіць на бруствер, а Суднік, абсыпаючы снег, задам з’ехаў у роў. Паднятае ім снежнае воблака абдало Дзюбіна, які заварушыўся і стаў на ногі.
— Дык што ж далей, камандзір? — запытаўся ён.
— Што такое? — зрабіў выгляд, быццам не зразумеў, Іваноўскі, хоць ён выдатна разумеў, што непакоіць старшыну.
— Куды далей пойдзем?
— Вы пойдзеце назад, — проста рашыў камандзір.
— Як? Я адзін?
— Вы і астатнія. Паспрабуйце ўратаваць Хакімава.
— А вы?
— Я? Я паспрабую знайсці базу.
— Адзін?
Гэтае пытанне старшыны Іваноўскі пакінуў без хуткага адказу. Ён не ведаў, пойдзе адзін ці яшчэ з кім, але што трэба працягваць пошукі — гэта ён зразумеў дакладна.