Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Палескiя рабiнзоны
Палескiя рабiнзоны - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Палескiя рабiнзоны

Электронная книга - «Палескiя рабiнзоны». Краткое содержание книги:

У кнігу старэйшага беларускага пісьменніка Янкі Маўра ўвайшлі чатыры папулярныя прыгодніцкія аповесці. Аповесць «Палескія рабінзоны» ўжо даўно пастаўлена юнымі чытачамі ў ліку самых любімых сваіх твораў.
Акрамя яе ў кнігу ўвайшлі аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 97
Перейти на страницу:

«Трэці дзень у нас пурга. Гідролаг Кузьменка пры смерці. Выратаваць можа толькі ўліванне крыві. Група першая. Яе ў нас няма…»

Было гадзін шэсць вечара. У вялікім пакоі ніжняга паверха сядзелі два чалавекі: метэаролаг Юшкевіч і загадчык гаспадаркі, ён жа паляўнічы, чукча Чардун. Яны сядзелі моўчкі, пазіраючы то на занесенае снегам акно, то на трохі прачыненыя дзверы аднаго з пакояў. Адтуль чулася цяжкае дыханне, хрып, а часамі і стогн хворага чалавека.

— Каб не гэтая праклятая пурга, то сёння мог бы прыляцець самалёт… — ціха сказаў Чардун. — А калі пурга спыніцца, то, можа… будзе і позна.

— Усё можа быць, — уздыхнуў метэаролаг.

Пачуўся рып лесвіцы, што вяла ў верхняе памяшканне. Адтуль спускаўся радыст Цімохін, самы малады і самы высокі з зімоўшчыкаў.

— Радыёграму пасылаў разоў дзесяць, — сказаў ён і, зірнуўшы на дзверы ў пакой хворага, спытаў: — А там як?..

— Тое ж самае, — адказаў Юшкевіч.

Цімохін на дыбках падышоў да дзвярэй, прасунуў галаву, пастаяў некалькі хвілін і таксама на дыбках вярнуўся назад і сеў за стол.

Зноў настала цішыня, калі не лічыць завывання пургі. Але людзі, здавалася, зусім не чулі яе. Ціканне насценнага гадзінніка было для іх больш чутным, бо яны часта пазіралі на яго. А стрэлкі пасоўваліся так марудна, што здавалася, яны стаяць на месцы. Праклятая пурга спыніла не толькі жыццё зімоўкі, але і час. Час цяпер вымяраўся не гадзіннікам, а ровам завірухі. Калі спыніцца яна — прыляціць самалёт, і чалавек будзе жывы, а калі не, то прыйдзецца вось гэтак сядзець і чакаць яго смерці.

З пакоя хворага выйшла маладая жанчына ў белым халаце, са стомленым тварам, з прыпухлымі вачыма. Усе пільна глянулі на яе, а яна ў адказ толькі сказала:

— Тое самае…

Урач Людміла Антонаўна была жонкай хворага. Сашчапіўшы пальцы рук, яна пачала хадзіць узад і ўперад па пакоі.

Такое чаканне было пакутай. Метэаролаг сказаў сваім таварышам:

— Пойдзем працярэбім яшчэ раз праход.

І мужчыны пайшлі ў сенцы. Асцярожна адчынілі дзверы, і з ганка шуснула ў сенцы гурба снегу. Мужчыны ўзяліся за работу. Людміла Антонаўна зноў пайшла да хворага.

Калі мужчыны вярнуліся назад, гадзіннік паказваў палову восьмай. З пакоя хворага даносіліся хрып і войканне… На дварэ, як і раней, лютавала завіруха. Раптам Чардуну здалося, што за акном праз белы слой снегу мільганула нешта цёмнае, нібы птушка праляцела. Чардун уздрыгнуў, прыгледзеўся, але нічога не сказаў: ці мала што магло яму здацца?

Прайшла яшчэ хвіліна і… на дварэ нібы пачуліся галасы! Ды яшчэ дзіцячыя?!

Тут ужо ўсе трое падскочылі і пачалі прыслухоўвацца. І тады выразна данёсся да іх хлапечы голас:

— Гэй! Адчыніце дзверы!..

Зімоўшчыкі зірнулі адзін на аднаго амаль ашалелымі вачыма і некаторы час не маглі ні пасунуцца з месца, ні сказаць слова. Тады знадворку пачуліся ўжо два галасы:

— Адчыні-іце-е дзве-е-ры!

Мужчыны кінуліся ў сенцы, адчынілі дзверы на ганак і пачалі разграбаць снег. А за гэтым снегам зноў пачулася:

— Не турбуйцеся, мы самі заедзем у сярэдзіну. Мы малыя.

Зімоўшчыкі, зусім знямелыя ад здзіўлення, маглі выціснуць з горла толькі нейкія невыразныя гукі: а!., э!.. о!..

Тым часам праз дзверы мякка і лёгка шаснула нейкая чырвоная машына. Яна апынулася ў сенцах, не зачапіўшы з сабой ніякага снегу.

— Зачыняйце дзверы! — скамандаваў з машыны той жа хлапечы голас.

У сенцы прыбегла Людміла Антонаўна. І ўсе ўбачылі перад сабой нейкі маленькі аўтамабіль з маленькімі прапелерамі спераду і ззаду і маленькімі крыламі, больш падобнымі на птушыныя, чым на самалётныя. Па баках можна было заўважыць літары: «ФЦ-2».

З кабіны вылезлі хлопчык гадоў пятнаццаці і дзяўчынка гадоў трынаццаці. Апрануты яны былі ў лёгкае вучнёўскае адзенне. На дзяўчынцы была сукенка з чорным фартушком і піянерскі гальштук на шыі, а на хлопцу — штаны і каўбойка. На галовах нічога не было, як улетку.

Убачыўшы гэта, Людміла Антонаўна зусім забылася на незвычайнасць самога факта і адразу закрычала:

— Вы ж замерзлі! Хутчэй у хату!

Яна ўхапіла іх за рукі і пацягнула ў сярэдзіну памяшкання. А мужчыны ўсё яшчэ стаялі і нават баяліся дакрануцца да сваіх незвычайных гасцей. У дзяўчынкі ў руках быў нейкі скрутак. Хлопчык узяў з яе рук гэты скрутак і падаў Людміле Антонаўне:

— Вось вам кроў, якую вы прасілі,— сказаў хлопчык.

Ва ўсіх зімоўшчыкаў вырваўся крык здзіўлення, Людміла ж Антонаўна схапілася за сэрца і пахіснулася. Радыст падхапіў яе і пасадзіў у крэсла. Праз хвіліну яна ўстала, схапіла скрутак і пабегла да хворага.

— Пётр Іванавіч, прашу на дапамогу! — крыкнула яна па дарозе.

Радыст пайшоў за ёю. Па ўсім было відаць, што яму вельмі не хочацца пакідаць гасцей, якія «зваліліся» з неба і з'яўлення якіх ніякі розум не мог бы растлумачыць.

— Мы сваю справу зрабілі і можам адпраўляцца дадому, — сказаў хлопчык і павярнуўся да дзвярэй; за ім павярнулася і дзяўчынка.

Гэтага ўжо ніхто не чакаў! Кожны з зімоўшчыкаў быў упэўнены, што дзеці павінны ў іх пабыць, пагрэцца, адпачыць, што можна будзе пагаварыць з імі, распытаць, хто яны, адкуль, як сюды трапілі і што гэта за машына такая. А яны зараз жа адпраўляюцца назад!

Не толькі метэаролаг і Чардун, але і радыст, і Людміла Антонаўна, якая пачула гаворку і выбегла з пакоя хворага, пачалі прасіць дзяцей, каб яны хоць трохі пабылі з імі.

Але таемныя пасланцы не згадзіліся. Яны селі ў сваю машыну, чамусьці надзелі на галовы нейкія каўпакі і папрасілі адчыніць дзверы з сенцаў. З вялікай неахвотай адчыніў Чардун дзверы, і незвычайная машына, нібы цень, знікла праз іх. Ніякага следу, ні шуму, ні гуку не было. Некалькі хвілін стаялі разгубленыя зімоўшчыкі ля расчыненых дзвярэй, пакуль снег, холад і вецер не прымусілі іх зачыніць дзверы і вярнуцца ў хату.

— Што ж гэта такое? — прашаптала Людміла Антонаўна і нават правяла рукой па вачах.

— Мусіць, сон… — прамармытаў Чардун.

— Які ж гэта сон, калі прэпарат крыві ў нашых руках! — усклікнуў радыст. — Паглядзіце добра, Людміла Антонаўна, ці сапраўдны ён?

— Я ўжо разгледзела, — адказала яна. — Самы сапраўдны. Не будзем цяпер ламаць галаву над загадкай, а хутчэй зробім уліванне.

І яна з радыстам зноў пайшла да хворага. Пасля ўлівання крыві хворы заснуў спакайней. І Людміла Антонаўна ўздыхнула лягчэй. Зімоўшчыкі маглі нарэшце пагаварыць аб тым, што здарылася на іх вачах. Але што было гаварыць, калі ніякі розум не мог бы зразумець гэткі цуд!

— Яны ж апынуліся тут не болей як праз дзве гадзіны пасля маіх радыёграм, — задумліва казаў радыст. — Як можна было справіцца за такі час, ды яшчэ ў завіруху? Мы самі не маглі б знайсці нават свой дом, каб апынуліся за сотню метраў ад яго… І што гэта за нябачаная машына? Адным словам, нічога не зразумееш…

— Гэта, мусіць, нейкая таемная сіла напусціла нам у вочы туману, — баязліва сказаў Чардун.

— Добры туман, калі ад яго застаўся ў руках канкрэтны прэпарат, — прамовіў метэаролаг. — Людміла Антонаўна, падумайце, можа, вы нічога не ўлівалі хвораму?

— Навука ведае, — сказала яна, гледзячы некуды ў цёмны кут, — выпадкі, калі галюцынацыяй бывалі ахоплены групы людзей. Такія выпадкі бывалі. Можа, і з намі гэта здарылася? Можа, мы праз некаторы час ачуняем?.. Нічога не разумею…

Але яны не ачунялі ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра. А хвораму зрабілася значна лепш.

— Ці казаць аб гэтым каму-небудзь? Ці распытваць?.. — раіліся яны.

— Я паспрабую спытаць, — сказаў радыст.

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 97
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)