Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Капаць!
— Дык гэта… Змарыўся ж. Аддыхнуць…
— Капаць!!!
— Дык гэта… Сынок…
«Сынок», аднак, ужо ўхапіў вінтоўку і зашчоўкаў затворам, гатовы стрэліць. Пятрок крыху спалохаўся, рукі самі схапіліся за тронак рыдлёўкі, ён кінуў трохі жвіру ў фурманку, і Каландзёнак апусціў вінтоўку прыкладам у дол. «Ну і гад! — падумаў Пятрок. — Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку».
Накапаўшы вазы чатыры, Пятрок трудна выпрастаўся — гружаны воз выязджаў на дарогу, здаецца, болей вазоў не было, можна было б трошкі спачыць. Але не паспеў ён узрадавацца, як з-за павароту зноў застукацелі колы, і неўзабаве прыезджы ўжо асаджваў задам каня, зручней падстаўляючы воз. Гэта быў Карніла з Выселак, як заўжды, стрыманы, негаваркі, ладна апрануты ў яшчэ мала ношаную шэрую суконную паддзёўку. Апошнім часам Карніла адпусціў чорную касмылявую бараду і выглядаў дзед дзедам, хоць быў на пяць год маладзейшы за Петрака.
Яны ўжо шмат год не віталіся і не размаўлялі, але цяпер Карніла, згледзеўшы ў яміне Петрака, стрымана кінуў «дзень добры», і Пятрок неяк радасна загаманіў:
— Дзень добры, ага. Тожа выгналі, з канём нават?
— Ды ўжо во чацвёрты дзень рупімся, — сказаў у бараду Карніла, таксама беручы з воза рыдлёўку. — Спяшаюцца, мост трэба.
— Каму трэба, а нам дык згары ён ясным агнём, мост гэты.
Карніла коратка зыркнуў на Петрака адным вокам, скоса паглядзеў на Каландзёнка, які ўжо навастрыў вуха да іхняй размовы, і гучна сказаў, мусіць, каб чуў паліцай:
— Трэба, трэба памагчы нямецкай арміі. А як жа!
Пятрок ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як прымаць тыя ягоныя словы. Збоку мяркуючы, дык казаў ён быццам па шчырасці, быццам гэтак і думаў. Але Пятрок думаць так не хацеў, таму і змоўк, ведаў: надта сам у сабе гэты хітры Карніла, з ім не пагамоніш. Што б ён ні казаў, усё меў нешта на мэце сваё, не сказанае. Асабліва такі стаў год дзесяць назад, як выкінулі з калгаса, у які ён толькі ўступіў. Добра яшчэ — не выслалі, і Карніла пачаў рабіць у мястэчку, спярша ў прамарцелі, а пасля гады чатыры дзяжурыў у пажарнай камандзе і, як аказалася, зажыў не горш, чым яны ў калгасе. А можа, і лепей.
Яны капалі без пярэдыху да паўдня і пасля паўдня; фурманкі ўсё гойсалі на мост і з моста, балазе відаць было блізка. Каторыя на конях, дык тыя хоць адпачывалі, як везлі туды ці ўлегцы ехалі адтуль, а бясконныя Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Ігнат хоць быў здатней для таго апрануты, у суконны каптан, Пятрок жа ў сваім кажушку даўно ўжо змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Некалі ён ужо хварэў на запаленне лёгкіх — застудзіўся на лесанарыхтоўках, як вазілі лес з пушчы і ў яго неяк зламаліся сані з бярвеннем, ну, прыйшлося папацець, парваць кішкі. Праз дзён пяць ужо кідаўся ў непрытомнасці між чужых людзей у вёсцы, дзе кватаравалі нарыхтоўшчыкі, думаў, не выжыве. Можа б, і сапраўды не выжыў, калі б не адвезлі ў бальніцу. Але ў бальніцы, як палягчэла, быў нават рады, што захварэў і нікуды не трэба ехаць, ляжы сабе ў цяпле, пры ніштаватых харчах і людскім абыходжанні, не тое што ў лесе, на марозе, аб сухім харчы, з коньмі ды ў слабаватай адзежцы і ў заўжды мокрых чунях. Апошнім часам так было кожнай зімой, давалі рудстойку Данбасу, а ў тую яму дык проста пашэнціла праз хваробу. Праўда, пасля яшчэ доўга вадзіла ў бакі ад слабасці, ды быў маладзейшы, як-колечы акрыяў да вясны. Але тады былі дактары, бальніцы, а цяпер? Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар’ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй.
Ігнат Дубасей, памалу капаючы, усё нешта бурчэў сам з сабой у яміне побач, Пятрок прыслухаўся: стары крыўдаваў, што прыгналі сюды яго, старога чалавека, а маладзейшыя засталіся дома, іх не чапаюць. Пятрок трохі падзівіўся з тае гаворкі, запытаў, чаму ў іх так.
— Гэ, чаму? Самагоначкай рот залілі гэтаму злыдню. Самагоначка цяпер — сіла.
Што самагонка — сіла, Пятрок ужо ведаў і моўчкі пагадзіўся з суседам. Толькі на ўсё трэба ўмельства, не кожны можа зрабіць і самагонку. Зноў жа — начыння няма.
— Начынне, халера на яго, звялося. Цяпер дзе што возьмеш? Змеявік, напрымер, — знарок з тайным намерам пабедаваў Пятрок і прыціх, чакаючы адказу.
— Хе, начынне! Во ў нас Цімка Рукаты. Бывала, да вайны за грошы чорта табе змайструе. Цяпер не ведаю. Цяпер што яму — грошы!
— Гэта той, што пад вязам хата? Адгэтуль, з краю? Буслянка яшчэ, здаецца…