Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 254
Перейти на страницу:

«Божа, Божа! — жахнуўся Пятрок, млосна ідучы следам. — Што дзеецца!..»

— Бяры, што стаў! — гыркнуў здаля Гуж, калі яны спыніліся ля фурманкі. Сам, аднак, не падступіўся да хлопца — круціў з самасаду цыгарку.

Удвух з Каландзёнкам яны паднялі трохі цяжкаватае, ужо апруцянелае Янкава цела, паклалі яго ў фурманку.

Каландзёнак трохі захінуў яго сенам, болей дзеля прыліку, усё роўна было відаць, хто ў возе. Пятрок думаў, што цяпер яны паедуць, і ўжо адышоўся трохі ўбок, каб не замінаць фурманцы, як Гуж выпаліў:

— Ты тожа з намі!

— Куды?

— На работу. А што ж! Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. А як жа? Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў.

«Каб ты так усё жыццё панеў, смоўж пракляты!» — паныла падумаў Пятрок, ведаючы, аднак, што прыйдзецца ісці. Ужо гэтага не ўпросіш, асабліва пасля таго, што тут здарылася, на гэтай сядзібе. Добра яшчэ, што не заарыштаваў назусім, а толькі выганяе на работу.

Лаючыся ў душы, Пятрок пайшоў за фурманкай, у якую ўжо на хаду ўскочылі паліцаі. Каландзёнак кіраваў канём, а Гуж сядзеў ззаду, ледзь не да зямлі звесіўшы даўгія ногі, і цікаваў за Петраком, каб не ўцёк, мусіць. Але куды было ўцякаць? Пятрок тут пражыў паўжыцця, выгадаваў дзяцей, пазнаў столькі турбот, страху і гора, а можа, трохі і радасці ў маладыя годы, як далі зямлі, агораў сваю гаспадарку. Куды было ўцякаць? Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі — з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.

Ды і з немцамі тыя хітрыкі абярнуліся ліхам, лепш бы без іх. Лепей папраўдзе ўжо, у адкрытую.

Фурманка абмінула лужыну на завароце з гасцінца і ўз’ехала на лепшую дарогу, а Пятрок пашкандыбаў сабе сцежкаю за канавай. Тут пачынаўся ўжо сасоннік, а за ім будзе паваротка і той мост. Хай ён прападзе, гэты пракляты мост, колькі праз яго напасцяў на іх Яхімоўшчыну. Як было добра, калі ён быў зруйнаваны бомбамі і два месяцы ніхто тут не хадзіў і не ездзіў. А цяпер… Цяпер будзе пекла, гэта пэўна ўжо.

Але да моста яны не даехалі, не даехалі нават да павароткі.

Збоч ад гасцінца ў сосонніку, дзе некалі высялкоўскія мужыкі ды і местачкоўцы капалі на якую патрэбу жвір, цяпер стаяла са тры фурманкі, і некалькі мужыкоў лена кідалі ў іх з ямы. Каландзёнак збочыў да краю дарогі і спыніў каня. Гуж саскочыў з фурманкі. Мужыкі перасталі капаць, нехта адзін, а за ім і астатнія па чарзе нерашуча сцягнулі з галоў шапкі і знерухомелі перад паліцаем.

— Што так марудна? — строга запытаў Гуж. — Колькі вазоў адправілі?

— Шэсць, здаецца, — сказаў лысы мужчына, з тварам, густа зарослым сівым шчаціннем.

Пятрок пазнаў у ім Ігната Дубасея з Заграззя. Некалі, яшчэ да калгасаў, Дубасей вырабляў аўчыны, і Пятрок хадзіў да яго, як надумаў пашыць кажушок, во гэты самы, што быў у яго на плячах. Цяпер, з няпэўнасцю стоячы на дарозе ля яміны, ён не ведаў, як быць, ці, як усе, зняць шапку, ці стаяць, як стаяў. Але каб залішне не вылучацца ад іншых, таксама ціхенька сцягнуў з галавы суконную кепку.

— Трэба дванаццаць, душу з вас вон! Чуеце?! — раптам пачаў звярэць Гуж. — Трэба шавяліцца, а не гультаяваць, не за Саветамі вам! Перакурваеце, мусіць, зашмат?

— Ды мы…

— Ніякіх перакураў! Дацямна каб засыпаць шашу. Ты! — кіўнуў ён Каландзёнку. — Злазь і сачы. Каб ніхто нікуды! Работаць мне, работаць!!!

Каландзёнак паклаў лейцы на воз і выцягнуў з-пад сена сваю даўгую вінтоўку. На яго месца сеў Гуж. Напаследак ён абвёў ненавісным позіркам яміну і трох прыціхлых мужыкоў у ёй, згледзеў Петрака на ўзбочыне.

— Ты, Багацька, — у падмогу! І шнэль, шнэль, шнэль! Панятна?

Фурманка з Гужом пакаціла да рэчкі, нехта з мужыкоў прабурчэў штось незадаволена, нехта ўздыхнуў. Пятрок па сыпучым адхоне сышоў у яміну і ўзяў рыдлёўку з надламаным тронкам, што тырчэла збоку ў пяску. Угары над імі стаяла недагружаная фурманка, а ля яе з вінтоўкай пад пахай, як вартавы, слупам застыў Каландзёнак. Ягоныя вочы зноў закаціліся пад павекі, здаецца, у думках ён далёка паляцеў адгэтуль.

Наўрад ці хутчэй, чым дагэтуль, яны пачалі кідаць жвір угору, у фурманку. Кідаць было нязручна, высока, яміны сталі даволі ўжо глыбокія, блізка ад дарогі жвір выбралі і капалі ўсё далей. Пятрок хутка ўгрэўся, стала гарчыць у грудзях, ён запаволіў тэмп, а пасля і зусім прыпыніў працу, абапёрся аб тронак рыдлёўкі. Але толькі ён разы два спакайней уздыхнуў, як на абрыве страпянуўся Каландзёнак.

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)