Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]
Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]

Электронная книга - «Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]». Краткое содержание книги:

У цэнтры аповесці, якая дала назву ўсёй кнізе,— сям'я інтэлігентаў. Ён — вучоны, яна — настаўніца. У мужа і жонкі дастатак, дабрабыт, разумныя, дагледжаныя дзеці. Але нешта адбылося, недзе парушылася гармонія ва ўзаемаадносінах, і гэта прыводзіць да непапраўнай сямейнай драмы. У другой частцы кнігі — ваенны дзённік пісьменніка, апавяданні, эсэ, замалёўкі, успаміны пра людзей, якія пакінулі ў яго сэрцы незабыўны след.
1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 127
Перейти на страницу:

Варшава – адны абгарэлыя шкілеты будынкаў. Падобнае ўжо бачыў летам у Мінску, калі прабіраўся праз яго ў Лошыцу здаваць справаздачу аб дзейнасці атрада. Толькі абгарэлыя шкілеты будынкаў тут іншыя па архітэктуры, а вуліцы месцамі выкладзеныя гранітнымі кубікамі – як у Вільні ці Гародні.

Нідзе – ні душы. Сёння на світанні ды яшчэ ўчора нашыя прарвалі нямецкія пазіцыі на поўнач і поўдзень ад польскай сталіцы. Гітлераўцы перад намі так драпанулі, што не чуваць нават ужо і артылерыі. Самалёты сёння не лятаюць: суцэльныя нізкія хмары. Рухаемся без ніякіх перашкод. Але няма за што зачапіць і вокам: усё панылыя куксы мураванак, руіны і пустэча.

Толькі к вечару, калі пачалі выбірацца з горада, паказаліся крыху цалейшыя дамы і домікі. З’явіліся першыя цывільныя варшавяне з клункамі, а на абочыне – нямецкія трупы.

15.11.45г. Заходняя Польшча.

Больш за тыдзень наш полк валачэцца ў трэцім эшалоне па мокрым асфальце. З шэрага нізкага неба ўвесь час лепіць снег з дажджом – «польская зіма», як ахрысцілі хлопцы. Зрэдку наперадзе чуваць глухія стрэлы першага эшалона. Злева і справа ад шашы – сумныя і аднастайныя будынкі з чырвонай цэглы, пакрытыя маркоўнага колеру дахоўкай. Прасмярдзелыя, каторы дзень не прасушаныя шынялі. Прамоклы на рагожу брызент з жывымі азерцамі вады на гарматах. Вазы з мінамётамі. Усё заляпанае граззю. Пясок скрыпіць на восях фурманак, адчуваецца за шыяй, скрыпіць на зубах...

Гармата мая сунецца першай. Наперадзе перастаўляе крывыя ногі Разбек - маўклівы татарын у туга заціснутым рэменем кажусе. Ён – камандзір маёй гарматы, у батарэі з першых дзён. За Разбекам абыякава шлэпаюць тупымі падковамі па мокрым асфальце дзве пары шыракагрудых біцюгоў. Кіруе першай парай пажылы вусаты дзядзька-беларус па прозвішчы Гайдук. Калі дзядзька крочыць па зямлі, здаецца апранутым у жаночую сукенку, аж гэтак яго шынель кароткі (хлопцы смяюцца, што шынель у дзядзькі Гайдука – якраз, задоўгі ён сам!).

Другая пара коней ідзе сама. Ездавы чуваш – худзенькі салдацік з ямачкамі воспы на твары – тупае са мной і дэманструе фокус: ідучы з левага боку, ухітраецца падскочыць ды левай нагой здзяліць мяне ў плечы так, што ледзь не валюся. Чуваш – другі ветэран у маім разліку.

Ззаду нас – маладзенькі і пуцалаваты, зусім яшчэ хлопчык, нават з пульхнымі ружовымі вуснамі і шчочкамі, Хілько. З ім амаль такі ж юны, з доўгай і несфармаванай шыяй, толькі на цэлую галаву вышэйшы за сябра, Ісаеў. Гэты стараецца паўтарыць прыём чуваша, але як ні скача, фокус у яго не выходзіць. Нарэшце, Ісаеў выцягваецца на ўсю даўжыню на мокрым, поўным конскага памёту асфальце, ад чаго ўсміхнуўся нават мой зараджальшчык Дубаў (той увесь час з ваўкаватай паныласцю трымаўся ззаду).

Высокі артылерыст, ратуючыся ад ног наступнай запрэжкі, паспеў толькі ўзняцца на ногі, як нас агарнула адчуванне: нешта здарылася. Я паўзіраўся наперад.

Галава калоны якраз уваходзіла ў сасновы лес. Справа і злева – якіясьці плакаты.

«Г Е Р М А Н I Я!!!» – электрычнай іскрай пранеслася раптам па калоне.

Вось табе і тое самае логава.

Адразу некуды падзелася стомленасць. Перасталі горбіцца, ажывіліся пехацінцы і артылерысты. Выцягнулі шыі ездавыя мінамётнай батарэі. Ля маёй гарматы вестку кожны прыняў па-свойму.

Разбек працягваў гэтак жа ўпэўнена крочыць, толькі фігура яго стала больш падцягнутай.

Дзядзька Гайдук, абхапіўшы нажышчамі запараныя бакі біцюга, навастрыў вусы, увабраў галаву ў плечы – бытта падрыхтаваўся скакаць.

Ажывіўся нават панылы Дубаў.

Заблішчэў жывымі вочкамі круглы тварык Хілько: яго бацькоў у Гомелі немцы жыўём спалілі ў школе.

Яшчэ больш выцягнуў шыю Ісаеў...

Усе ажывіліся ад ўзрушанасці. Настрой людзей перадаўся коням – біцюгі бадзёра замахалі галовамі ў такт кроку. Здавалася, уся калона паўтарала адно: «Дзе ж яна, гэтая самая, паганая?!»

Але зараз жа агарнула ўсіх расчараванне. Уцягнуўшыся ў лес, полк кіламетр за кіламетрам ішоў праз манатонны масіў акуратных сосен і елак.

– Уй, каб не лес! Уй, калі б не лес! – бегаючы ад гарматы да коней і назад, бурчэў Хілько.

– А што, «каб не лес»? – пытаюся.

– Так я ж бы іх, гадаў, я-а ж бы і-іх!!

– Ну, ну?

– Ат, што ты разумееш?! – расчаравана кідае хлапец у размоклым кажусе.

Столькі ў яго было злосці. Шчасце тваё, Германія, што на сваім шляху выставіла зялёны заслон, – нездабраваць бы табе ад нашага Хілько.

15.11.45. Ноччу.

Нямецкі гарадок Флатау. Чуваць, як недзе ідзе перастрэлка. Страляюць за горадам. У ахутаных цемрай будынках – мёртвая цішыня і спакой. На ўскраіне пажар, і цемра ў цені паміж дамамі здаецца яшчэ гусцейшай. Да безупыннага дажджу са снегам за пару тыдняў прызвычаіліся. Перастаём заўважаць.

1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 127
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)