Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Варта спыніць увагу на ўзьнікненьні Саюзу беларускай моладзі (СБМ). У першай фазе акупацыі Розэнбэрг не прадугледжваў стварэньня моладзевых арганізацыяў на акупаваных усходніх тэрыторыях. Толькі 3.6.1942 г. ён выдаў дэкрэт аб стварэньні спэцыяльнага моладзевага аддзелу ў ОМі. Дэкрэт дазваляў ствараць такія аддзелы і ў генэральных камісарыятах прыбалтыйскіх краін для нагляду дзейнасьці эстонскай, латыскай і літоўскай арганізацыі Беларусі і Ўкраіне.
Мясцовыя нямецкія акупацыйныя ўлады па-рознаму ўспрынялі ідэю стварэньня краёвых моладзевых арганізацыяў: яе падтрымалі генэральныя камісары ў Эстоніі і Латвіі, і ў выніку там былі арганізаваны адпаведныя моладзевыя саюзы. Затое не пагадзіўся на гэта генэральны камісар у Коўне фон Рэнтэльн, так што стварыць літоўскую арганізацыю не ўдалося. Не цікавіўся гэтым і Кох на Ўкраіне. Затое Кубэ быў вялікім прыхільнікам стварэньня беларускай моладзевай арганізацыі — ён бачыў у гэтым важны сродак ажыцьцяўленьня ўласнай палітычнай канцэпцыі. Таму ён паблажліва ставіўся да моладзевай арганізацыі, якая неафіцыйна была створана ў Глыбоцкай акрузе восеньню 1941 г., і не перашкаджаў працы, якую праводзіла ў гэтай галіне БНС. Аднак для стварэньня агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі патрэбна была згода Розэпбэрга і колькімесячныя захады Кубэ для яе атрыманьня.
Таму толькі з прыходам 1943 г. пачалася падрыхтоўка для стварэньня СБМ. У Бэрліне гэтым заняўся моладзевы аддзел ОМі. Пры ўдзеле Акінчыца была наладжана падрыхтоўка акруговых кіраўнікоў СБМ (часткова іх набралі сярод ваеннапалонных беларусаў-афіцэраў Чырвонай Арміі), напісаны праект статуту і праграмныя тэзы, а таксама прапагандысцкія матэрыялы. Адначасова быў створаны моладзевы аддзел пры генэральным камісарыяце ў Менску. У ім працавалі моладзевы кіраўнік Вільгельм Шульц і кіраўнічка Грызэман. Пад беспасярэднім наглядам Кубэ яны заняліся арганізацыйнай падрыхтоўкай. Былі адчынены два першыя навучальныя цэнтры СБМ у Альбярціне (для хлопцаў) і ў Драздох, што пад Менскам (для дзяўчат). Тут праходзілі падрыхтоўку мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі.
22.6.1943 г. падчас урачыстасьці ў Менскім гарадзкім тэатры Кубэ абвясьціў аб стварэньні СБМ. Яго структура была зроблена на ўзор гітлерюгенду (HJ) і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Так, галоўным органам СБМ быў кіраўнічы штаб, яго шэфам прызначаны Міхась Ганько, беспасярэдне падначалены Кубэ. Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні кіравала доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, — павятовыя, яны кіравалі атрадамі (для хлопцаў) і гурткамі (для дзяўчат) у валасьцях, вёсках, школах і г. д. Да СБМ магла належаць беларуская моладзь ад 10 да 20 гадоў.
У ліпелі 1943 г. СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь». Выходзіла і навучальна-інструкцыйная літаратура — «Вучэбны лісток» і «Дзёньнікі загадаў». Улетку 1943 г. працягвалася падрыхтоўка інструктарскіх кадраў, у прыватнасьці, маладых настаўнікаў, якія павінны былі займацца арганізацыяй школьных гурткоў СБМ ад пачатку 1943/44 навучальнага году. Важную навучальна-прапагандысцкую ролю адыгрывалі экскурсіі актывістаў СБМ у Нямеччыну — тут беларуская моладзь знаёмілася з мэтадамі арганізацыйнай працы гітлерюгенду, выступала з канцэртамі беларускіх песень. Яе прымалі ў ОМі і г. д. У рамках кантактаў зь нямецкай моладзьдзю варта адзначыць зваротны візыт шчэцінскага «Карл-Лёвэ-Хора» на Беларусь. З дапамогай кіраўніцтва гітлерюгенду «на многа мільёнаў райхсмарак» у Нямеччыне была закуплена форма для сяброў СБМ, якую яны маглі набыць за даволі невялікую плату.
Паводле статуту СБМ, мэта гэтай арганізацыі — узгадаваць
пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да іхніх будучых заданьняў у народзе.
Магістральным кірункам у выхаваўчай працы павінна было стаць
вызваленьне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе маральнае адраджэньне й выхаваньне ў духу Новай Беларусі над правадырствам нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны.
Таму акцэнт пераносіўся на патрыятычнае выхаваньне моладзі, на выкараненьне гістарычна абумоўленай рабскай псыхалёгіі, разьвіцьцё пачуцьця грамадзкага абавязку, адказнасьці, працавітасьці і да т. п. Такі выхаваўчы кірунак быў разьлічаны на тое, каб памагчы моладзі