Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Такім чынам, у барацьбе супраць партызанскага руху на Беларусі абазначыліся два напрамкі, пачалася вайна за мэтады, якімі яна павінна была весьціся, множыліся ўзаемныя папрокі і абвінавачваньні паміж цывільнай адміністрацыяй і СС у бяздарнасьці і няўмельстве. Спакою на будучыню гэта не варажыла, тым больш, што Кубэ выразна ігнараваў патрабаваньні Бэргера — гімлераўскага стаўленіка ў ОМі, які яшчэ зусім нядаўна катэгарычна і «ў апошні раз» дамагаўся, каб цывільная адміністрацыя на ўсходзе ня ўмешвалася ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС. Таму, калі ў кастрычніку Лёзэ зьявіўся ў Бэрліне, Бэргер высьветліў імгненна, што ён зьбіраецца разам з Розэнбэргам пайсьці да Гітлера, каб абвінаваціць паліцыю ў няздатнасьці весьці барацьбу з партызанамі і прапанаваць поўнасьцю падпарадкаваць яе цывільным уладам. Бэргер здабыў нават дакумэнтацыю з выступленьня Лёзэ і перадаў яе Гімлеру. Празь месяц ён адкрыта раіў свайму шэфу правесьці чыстку сярод высокіх чыноў цывільнага кіраўніцтва на ўсходзе, якія выяўляюць варожасьць да СС. Аднак Гімлер, нягледзячы на магутную ўладу і ня меншае жаданьне, ня мог скінуць Кубэ з пасады генэральнага камісара Беларусі, на якую яго прызначыў сам Гітлер. Затое, маючы найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі, ён мог дзейнічаць іншым шляхам.
Неўзабаве пасьля таго, як Лёзэ ў кастрычніку наведаў Бэрлін, Гімлер выдаў шэраг важных распараджэньняў, якія мелі сур’ёзны ўплыў на далейшыя падзеі. 23 кастрычніка ён прызначыў Баха сваім упаўнаважаным па справах барацьбы з партызанамі, пакінуўшы за ім ранейшае званьне HSSPF Russland-Mitte (шэфа СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі). Амаль адначасова ён выдаў загад, паводле якога SSPF у Менску, які дагэтуль падпарадкоўваўся паліцыйным уладам Остлянду, цяпер пераводзіўся пад камандаваньне Баха. Дзейнасьць службы бясьпекі (СД) Генэральнай акругі Беларусь ў галіне антыпартызанскай выведкі таксама перайшла пад яго кіраўніцтва. Нарэшце, пад канец кастрычніка Гімлер прызначыў на пасаду SSPF Беларусі бязьмежна адданага сабе чалавека — брыгадэнфюрэра СС і генэрал-маёра паліцыі Курта фон Готбэрга, які замяніў Шыману.[99]
У лютым 1943 г. штаб Баха пераехаў з Магілёва ў Менск. Неўзабаве, 26.3.1943 г., Бах як упаўнаважаны па барацьбе з партызанскім рухам пераехаў у стаўку Гімлера, у Менску тым часам засталася частка яго штабу, якая 23.3.1943 г. атрымала новую назву: Dеr Hohere SS-und Polizeifuhrer Russland-Mitte und Weissruthenien (Галоўнакамандуючы СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі і Беларусі — далей скарочана HSSPF RM und WR). Гэты тытул адлюстроўваў зьліцьцё ў руках адзінага камандаваньня дзейнасьці СС і паліцыі на тэрыторыі вайсковай адміністрацыі і Генэральнай акругі Беларусь. Паколькі ў Баха зьявіліся новыя абавязкі, кіраваць штабам HSSPF RM und WR павінен быў намесьнік — групэнфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Корзэман, а ў выпадку яго адсутнасьці — фон Готбэрг. Бах і Корзэман практычна бывалі ў Менску нячаста, таму сапраўдным кіраўніком усіх паліцыйных сілаў ува Ўсходняй і Заходняй Беларусі заставаўся фон Готбэрг. Яму падпарадкоўваліся тэрытарыяльныя пасты — SSPF Цэнтральнай Расеі ў Магілёве і SSPF Беларусі ў Менску. Аднак яны не адыгрывалі важнай ролі, тым болей што функцыі абодвух практычна не былі падзеленыя і заставаліся ў руках Готбэрга.
Такім чынам, Генэральная акруга Беларусь, хоць і заставалася ў складзе Остлянду, пад канец кастрычніка 1942 г. фактычна аказалася падпарадкаваная двум асяродкам вышэйшай акупацыйнай улады. Адміністрацыйны апарат, якім распараджаўся Кубэ, па-ранейшаму падпарадкоўваўся Лёзэ, затое ўсе сілы СС і паліцыі — Баху і яго намесьніку Готбэргу. Гэта стварала новую сытуацыю, у якой СС непазьбежна павінна была пераважыць. Кубэ выдатна гэта зразумеў і дзеля асабістай перастрахоўкі 9.11.1942 г. выслаў Гімлеру ліст, у якім запэўніваў яго ў абсалютнай ляяльнасьці перад СС, а таксама — у падтрымцы супрацьпартызанскай барацьбы Баха.[100] На фоне папярэдніх сутыкненьняў такія прызнаньні маглі здацца Гімлеру сэнсацыяй, адразу ж пасьля атрыманьня ён даручыў пераслаць пісьмо Кубэ Баху — дзеля азнаямленьня. Яны абодва разумелі: шчыра прызнавацца ў ляяльнасьці, ведаючы, якімі мэтадамі вядзецца барацьба з партызанамі, Кубэ мог толькі ў адным выпадку: калі вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай беларускай палітыкі. Аднак гэтага ён не рабіў,[101] і паліцыйныя ўлады зразумелі, што салідарызацыя з СС была для яго толькі прыкрыцьцём, камуфляжам. Пад канец 1942 г. пазыцыі абодвух бакоў акрэсьліліся выразна, ніхто зь іх ужо ня бачыў шляхоў да паразуменьня. Мяркуючы па ўсім, ужо тады кіраўніцтва СС вырашыла прыбраць Кубэ зь яго пасады ў Менску.
99
Дакладную дату гэтага прызначэньня аўтару ўстанавіць не ўдалося. Аднак вядома, што Готбэрг прадставіўся Екельну ў Рызе 3.11.1942 г., пасьля чаго выехаў у Менск, каб заняць сваю пасаду.
100
У сваім лісьце ад 9.11.1942 г. Кубэ пісаў наступнае:
«Шаноўны пане райхсьляйтэр CC!
Дарагі аднапартыец Гімлер!
Сардэчна дзякую Вам за прысланьне майго старога супрацоўніка з часоў барацьбы (за перамогу НСРПН. — Ю. Т.) обэргрупэнфюрэра СС генэрала фон дэм Баха. Такім чынам, барацьба з партызаншчынай нарэшце апынулася на правільным шляху. Ужо ў першыя ж дні обэргрупэнфюрэр фон дэм Бах у двух выпадках дасягнуў рашучых посьпехаў супраць партызанаў, якія ўзбуджаюць ува мне надзею, што цяпер нарэшце мы спынім балаган на Беларусі. Больш за гэта, магу паведаміць, што людзі майго ведамства заўсёды ахвотна супрацоўнічаюць у гэтых справах з C і паліцыяй і кожную хвіліну гатовы змагацца зь вінтоўкаю супраць чырвонаармейцаў. Мы — CC і цывільная ўправа — працуем тут у найлепшай згодзе. Я перадаў у распараджэньне обэргрупэнфюрэра СС фон дэм Баха 40 беларускіх прапагандыстаў і даручыў усім маім установам безумоўна спрыяць обэргрупэнфюрэру пры выкананьні яго загадаў і быць у яго распараджэньні.
Сардэчнае прывітаньне і Гайль Гітлер!
Заўсёды моцна адданы Вам
Вільгельм Кубэ».
101
Неўзабаве пасьля ўрачыстага сьвяткаваньня дня нараджэньня Кубэ, якое адбылося 13.11.1942 г., ён напісаў Ермачэнку ліст, дзе гаварылася:
«…Вы можаце быць упэўнены, што ў далейшым я буду супрацоўнічаць з вамі ў духу нашага вялікага фюрэра Адольфа Гітлера над адраджэньнем беларускага краю, які перажыў такія цяжкія выпрабаваньні».