Жыцьцё пад агнём
- Автор: Юрэвіч Лявон
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Жыцьцё пад агнём». Краткое содержание книги:
Сустрэча двух беларускіх вайсковых адзінак моцна падняла на духу як жаўнераў, так і камандзераў гэых адзінак.
28-га красавіка эскадрон прыбыў у Турэц. Тут адбылася паважная нарада з бурмістрам і начальнікам мясцовай паліцыі што да далейшага маршу. Паводля іхных інфармацыяў, этап Турэц-Карэлічы — найбольш небясьпечны. Апошнім часам быў загледжаны ўзмоцнены рух партызанаў у гэтых ваколіцах. Як бурмістр, так і начальнік паліцыі перакананы, што Міцька, адзін з найздальнейшых партызанскіх камандзераў і маючы да свае дыспазыцыі вялізарныя сілы, не прапусьціць нагоды, каб не заатакаваць эскадрон пры пераправе цераз Сэрвач, найбольш небясьпечны пункт этапу. Паміж Турцом і Карэлічамі сувязь ужо ад даўжэйшага часу была зусім перарваная. Гаспадарамі ў раёне былі партызаны.
Плян маршу быў дэтальна распрацаваны: два цяжкія кулямёты з чатырох наяўных павінны быць усьцяж на становішчах; пераправа цераз Сэрвач мела адбывацца малымі групамі, пад аслонаю кулямётаў і мінамётаў.
Эскадрон гатовы да маршу. Шмат жаўнераў, улучна з камандзерам, былі родам з Турца. Таму разьвітаньне з гэтым утульным местачкам было мо крыху больш сантымэнтальным, як зь іншымі.
— Бывайце здаровы! З Богам хлопцы, з Богам, заглядайце часьцей! — чулася з розных бакоў.
Эскадрон паволі пасоўваўся наперад. Каля Тарасэвіч паказаліся першыя партызанскія конныя патрулі. Двух коньнікаў галёпам рвалі ў бок Слабодкі. На лева, з Навасёлак, два патрулі галяпавалі ў кірунку Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты — гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах.
— Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! — паў загад. — Эскадрон з коней! — пакацілася па лініі.
Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая Дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут-жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў.
— Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай!
Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам.
У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі-ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.