Жыцьцё пад агнём
- Автор: Юрэвіч Лявон
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Жыцьцё пад агнём». Краткое содержание книги:
Камандзеры вярнуліся да сваіх зьвязаў і дружынаў. Хуткім трухтам адна дружына высунулася наперад. Зь ёю лейт. Д-а — з такім забясьпечаньнем страху няма. Эскадрон крануўся зь месца. Спакойна, бязь ніякага інцыдэнту даехалі да Валаўкі. Ужо пярэдняе забясьпечаньне выехала на горку пад валяўскую царкву, мінула яе. Адзін з жаўнераў застаўся, а пры ім нейкі дзядок. Калі камандзер зраўнаўся зь ім, жаўнер склаў рапарт, што гэты дзядок хоча бачыць камандзера. Камандзер прыблізіўся да старога.
— У чым справа, бацька?
— Не забівайце мяне толькі, я нічога не вінаваты. Мне даручылі партызаны перадаць вам вось гэты ліст, — сказаў дрыжачьм ад страху голасам стары.
Камандзер уважліва прачытаў ліст. Пасьля голасна засьмяяўся і сказаў старому:
— Перадай партызанам, што мы ня ў іхны тэрэн едзем, а ў свой собскі. Калі-ж нам стануць на дарозе, дык зумеем маскоўскіх валацугаў прыняць з дарогі.
Як пасьля выявілася, партызаны перасьцерагалі эскадрон перад уваходжаньнем у іхныя раёны. На нікога гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Эскадрон прадаўжаў свой марш. Здалёк на гарызонце зарысаваўся цёмнай лініяй сьвітазянскі лес.
У радох эскадрону заціхлі гутаркі. Кажны дакладна ўяўляў небясьпеку, што чакала іх наперадзе. Шаса парасла зельлем: даўно ўжо гэтая терыторыя лічылася партызанскай і толькі добра ўзброеныя «Geleitzug’i» наважваліся часамі яе праяжджаць.
З правага боку збліжаўся выцягнутым галёпам ганец.
— Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру.
— Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той.
Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся.
— З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы! Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах.
Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная!
Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў.
Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль.
Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока.
— Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку!
— Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку.
Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу.
Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору.
Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў.
Увечары гэтага-ж дня эскадрон уяжджаў у Гарадышча. Жаўнеры былі паднечаны яшчэ сьвежымі ўражаньнямі. Яны дзяліліся сваімі перажываньнямі з дарогі. Пазьней мела месца сяброўскся сустрэча зь мясцовьм беларускім актывам. Усе цікавіліся жыцьцём эскадрону, плянамі на будучыню, ходам мабілізацыі ў наваградзкай акрузе. Выменьваліся думкамі, спасьцярогамі й дазнаньнямі. Не абыйшлося й бяз крытычных заўвагаў.