Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 93
Перейти на страницу:

У пачатку жніўня 1579 г. войскі С. Баторыя падышлі да Полацка, і пачалася яго аблога. Наступіў зноў адзін з вырашальных момантаў у ходзе Лівонскай вайны. Калі захоп Масковіяй у 1563 г. Полацка стварыў грунт для яе далейшых поспехаў у Лівонскай вайне, то аблога і ўзяцце Полацка С. Баторыем былі прадвеснікамі канчатковай паразы Івана Грознага ў пачатай ім вайсковай кампаніі. Калі захоп Масковіяй Полацка азначаў для Беларусі страту значнай яе тэрыторыі, то вызваленне Полацка С. Баторыем азначала аднаўленне яе ранейшай цэласнасці.

Але як захоп Полацка, так і яго адваяванне было цяжкае і працяглае. У некаторых царска-расійскіх крыніцах адзначалася, што Полацк быў узяты С. Баторыем дзякуючы здрадам ваявод, якія ўзначальвалі абарону горада. Аднак у сапраўднасці маскоўскія ваяводы, замацаваўшыся з войскам у дубовай крэпасці, на працягу трох тыдняў моцна супраціўляліся. Гэтаму спрыяла і дажджлівае надвор’е, у выніку чаго войскам і асабліва абозам арміі С. Баторыя па гразкіх дарогах, што ў многіх месцах ператварыліся ў балота, цяжка было прасоўвацца да Полацка на дапамогу сваім, што, аблажыўшы горад, цярпелі ад голаду. Гэтак жа як маскоўскія войскі, высланыя Іванам Грозным на дапамогу сваім каля Полацка, не маглі прабрацца да яго, бо ўсе дарогі ім туды былі перарэзаныя, так і палкі Крыстафора Радзівіла і Яна Глябовіча не маглі прабрацца да гэтага горада, бо іх затрымлівала каля занятай крэпасці Сокал войска Івана Грознага. У такіх цяжкіх абставінах С. Баторый склікаў вайсковую раду, на якой адмовіўся ісці на штурм, бо ў выніку яго няўдачы, як асабліва адзначаў ён, прыйшлося б з сорамам адступаць. I было ім прапанавана другое выйсце. Як вядома, рускія войскі захапілі Полацк толькі тады, калі стральцам удалося ў некалькіх месцах запаліць сцяну. Так і зараз група венграў, якім была абяцана вялікая ўзнагарода, запаліла сцены горада, што выклікала вялікі пажар. У выніку двухдзённых цяжкіх баёў маскоўскі ваявода Валынскі вымушаны быў пайсці на перамовы пра здачу горада. Праўда, некаторыя іншыя ваяводы і епіскап Кіпрыян не хацелі здавацца і зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль яны былі выбіты. «…и так Полоцк, славная столица князей давних з рук московских выдвергае есть», адзначыў летапісец. Тыя, што здаліся, паводле папярэдняй умовы, атрымалі свабодны выхад з горада, частка з іх нават пажадала ўступіць у каралеўскае войска, а большасць з іх вярнулася ў Масковію. Вядома ж, жорсткія баі за Полацк як пры яго здачы, так і пры яго вызваленні прынеслі яму выключна вялікія разбурэнні. Адначасова Полацк панёс незваротныя культурныя і духоўныя страты. Гэта перш за ўсё адносіцца да багатай бібліятэкі, што знаходзілася ў Сафійскім саборы і дзе захоўваліся шматлікія кнігі, некаторыя з якіх былі напісаны рукой святой Ефрасінні Полацкай. Раней ці ў гэты час знік (загінуў? быў вывезены?) і Полацкі летапіс, з прычыны чаго нам сталі невядомы многія старонкі не толькі полацкай, але і ўсёй нашай беларускай гісторыі.

Адваяванне Полацка стала канчатковым момантам паспяховага вызвалення і іншых беларускіх мясцін. Паколькі, як мы ведаем, у іх па загадзе Івана Грознага былі пабудаваны крэпасці, то ўзяцце іх суправаджалася зноў такі цяжкімі баямі. Асабліва ў гэтых адносінах вызначалася ўзяцце 29 верасня 1579 г. крэпасці Сокал (у пяці мілях ад Полацка). Па сведчанні аднаго з удзельнікаў, якому прыходзілася раней быць у многіх баях, ён нідзе не бачыў столькі забітых, як у Сокале. Тут маскоўскае войска панесла яшчэ адно цяжкае паражэнне. Услед за гэтым была ўзята і крэпасць Туроўля.

Побач з наступленнем у паўночна-ўсходнім кірунку войска Рэчы Паспалітай на чале з Канстанцінам Астрожскім (сынам вядомага нам ужо К. Астрожскага) рушыла ў паўднёва-ўсходнім кірунку і спустошыла Северскую зямлю да Старадуба і Почапа.

Здавалася б, што на гэтым супрацьстаянне з Масковіяй павінна было скончыцца, бо захопленыя ёй у гэтай вайне землі паўночнай Беларусі былі адваяваны. Аднак такога не адбылося, і вайна працягвалася. Што ж было прычынай гэтага? Рэч у тым, што адваяванне Полацка пацягнула за сабой і далейшае прадаўжэнне яго ранейшай шматвяковай палітыкі падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска. Яна пачалася яшчэ з канца X ст. пры першым полацкім князі Рагвалодзе і працягвалася пры Брачыславе, Усяславе Чарадзеі і далей да канца XII ст. Нават часовае аслабленне Полацка з прычыны захопу ў яго крыжакамі ў канцы XII ст. Ніжняга Падзвіння, адкуль ён чэрпаў дадатковую вайсковую сілу і эканамічную падтрымку, не спыніла гэтай яго палітыкі. На працягу першай паловы XIII ст. Полацк выкарыстоўвае суседнюю Літву для набегаў на Пскоўскую, Наўгародскую і Смаленскую землі, што ўносіла ў іх значную дэстабілізацыю.

У другой палове ХІІІ ст. мірна падначаліўшыся Новагародку і ўмацаваўшы з ім новую, беларускую дзяржаву BKЛ, Полацк стаў найбольш буйной яе часткай, што і дало яму магчымасць надаць ёй як прыярытэтную сваю ранейшую знешнюю палітыку — у прыватнасці імкненне падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска.

Гэтым найперш і тлумачыцца, чаму пры Гедзіміне, Альгердзе, Вітаўце і іншых вялікіх князях, BKЛ, не зважаючы на шматлікія няўдачы, вяло барацьбу за падначаленне сабе гэтых земляў. Як бачым, і пры С. Баторыю гэта імкненне не знікла, і таму, адваяваўшы Полацк, С. Баторый павінен быў і дзейнічаць у яго інтарэсах. I гэта асабліва добра выявілася ў 1580 г. пры аблозе ім Вялікіх Лукаў, куды з’явіліся царскія паслы для перамір'я, згаджаючыся пры гэтым на ўступку Полацка і многіх гарадоў Лівоніі. Аднак С. Баторый рашуча патрабаваў уступіць яму Вялікія Лукі, Ноўгарад, Пскоў і Смаленск. Толькі гэтым і можна растлумачыць, чаму С. Баторый, паспяхова закончыўшы сваю вайсковую кампанію 1579 г., пасля стараннай падрыхтоўкі, якую вёў пад прыкрыццём працяглых перагавораў з Іванам Грозным, пачаў у 1580 г. з Чашнікаў свой паход, у выніку якога ім былі не толькі ўзяты Вялікія Лукі, Веліж, але і яго войскі праніклі ў глыб Наўгародскай зямлі, напаўшы на Холм і Старую Русу. А ў 1581 г. С. Баторый рушыў свае войскі з раёна Дзісны праз Полацк на Вострава, пасля ўзяцця якога 28 жніўня яму быў адкрыты шлях да Пскова. У гэты ж час атрад на чале з М. Радзівілам, выступіўшы з Віцебска і прайшоўшы праз Веліж, Тарапец і Старую Русу, падышоў да Пскова, дзе і злучыўся з войскам С. Баторыя, і 28 жніўня пачалася аблога гэтага горада, якая зацягнулася на 5 месяцаў і не мела поспеху.

Гэта няўдача С. Баторыя выклікала вялікую незадаволенасць у Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ён пайшоў на мірныя перамовы з Масквой. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім і было заключана перамір’е на 10 гадоў. Паводле яго Полацк і Веліж на ўсходзе і Лівонія на захадзе былі пакінуты за Рэччу Паспалітай. Аднак занятыя С. Баторыем рускія землі былі вернуты Масковіі. Такім чынам, калі ўдалося вярнуць цэласнасць тэрыторыі карэннай Беларусі, у прыватнасці былога Полацкага княства, то і на гэты раз не ўдалося далучыць Наўгародскую і Пскоўскую землі. Але тое, што за іх барацьба ішла і зараз, сведчыць адно немінуча: інтарэсы Полаччыны былі важнымі для ўсёй дзяржавы, для дасягнення якіх яна не шкадавала вялікіх намаганняў.

3 заключэннем у 1583 г. Плюскага перамір'я паўночная частка Эстоніі і гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад адыходзілі Швецыі. Так закончылася 25-гадовая Лівонская вайна. Як бачна, яна была зусім няўдалай для Масковіі, якая так і не дасягнула сваёй мэты — выхаду да Балтыйскага мора.

Для Беларусі Лівонская вайна была адным з найвялікшых бедстваў: у канцы вайны наша краіна вярнула сабе толькі тое, што было страчана ў пачатку яе. Але гэта абышлося вялікімі разбурэннямі нашых паселішчаў, вынішчэннем значнай часткі нашага люду. Пры гэтым трэба ўлічваць, што Лівонская вайна была толькі працягам шматлікіх ранейшых войнаў з Macкоўскай дзяржавай, арэнай якіх з’яўлялася Беларусь. Усё гэта не магло не прывесці нашу Радзіму да эканамічнага заняпаду, а разам з ім і да аслаблення яе палітычнай ролі ў супольнай дзяржаве. Вось гэта спрытна і выкарысталі жамойцкія феадалы ў сваіх мэтах. Як вядома, Жамойць, якая складае заходнюю і большую частку сучаснай Літвы, была апошняй тэрыторыяй, якая канчаткова ўвайшла ў склад BKЛ, што адбылося ў 1422 г. Ужо гэты факт сведчыць, наколькі беспадстаўна называць BKЛ Літоўскай дзяржавай у сучасным значэнні гэтага слова. Але, канчаткова ўвайшоўшы ў склад ВКЛ, Жамойць у асобе сваіх правіцеляў стала імкнуцца да пануючага становішча ў дзяржаве. Гэтаму добра садзейнічала тое, што пасля Грунвальдскай бітвы была нанесена страшэнная параза Тэўтонскаму ордэну, што прывяло ў далейшым да яго канчатковага аслаблення, у выніку чаго паступова спыніліся набегі крыжакоў на Жамойць. А гэта паспрыяла Жамойці ў эканамічным развіцці, умацаванні яе палітычнага становішча у дзяржаве ў параўнанні з Беларуссю, якая несла на сабе асноўны цяжар у войнах з Масковіяй. Ацаніўшы выгоды свайго становішча, жамойцкія феадалы пачалі прэтэндаваць не толькі на галоўнае месца ў дзяржаве, але і на заслугі яе стварэння, сцвярджаючы, што «…панства Літвы памнажалася ад Жамойці». Менавіта ў сярэдзіне XVI ст. і з’явілася жамойцкая версія ўтварэння ВКЛ. Паводле яе, менавіта жамойцкі князь Мантвіл, даведаўшыся пра батыеўскае спусташэнне рускіх земляў, паслаў з войскам свайго сына Ердзівіла, які, прайшоўшы спачатку Вяллю, а пасля Нёман, увайшоў у разбураны татарамі Новагародак, адбудаваў яго і зрабіў сваёй сталіцай. (Як бачым, у XVI ст. добра памяталася, што Новагародак быў першай сталіцай ВКЛ. Таму, каб надаць праўдзівасць гэтаму міфу, туды і садзілі жамойцкіх князёў). А ўжо сын Ердзівіла Мінгайла падначаліў сабе і Полацк, род князёў якіх пачаў выводзіцца ад жамойцкіх князёў. Зафіксаваная ў шэрагу тагачасных летапісаў тыпу «Хронікі Быхаўца» і асабліва ў «Хроніцы» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага, выдадзенай у 1582 г. у Кёнігсбергу, гэта версія пачала паўтарацца ў гістарычных даследаваннях і з некаторымі нюансамі ўтрымліваецца і ў сучаснай гістарыяграфіі. Так узнік, замацаваўся міф пра літоўскае заваяванне Беларусі ў жамонцкім паданні. Няма чаго казаць, што гэта не мае гістарычных падстаў. Ужо толькі тое, не гаворачы аб іншым, што Беларусь не ведала батыеўскага нашэсця, ад спусташэння якога яе не трэба было ратаваць, яскрава адвяргае гэту выдумку. I тое, што Жамойць апошняй сярод іншых земляў была ўключана ў склад ВКЛ, таксама адвяргае, што ад яе «…пачало множыцца панства Літоўскае».

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)