Беларусь і суседзі
- Автор: Шкялёнак Мікола
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Białoruskie Towarzystwo Historyczne
- ISBN: 83-915029-4-5
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь і суседзі». Краткое содержание книги:
Якія-б цяжкія падзеі нам не прышлося перажыць, мы ведаем адно, што ўсё зло плыве ад вас, маскоўскі савета-бальшавізм, і таму будзем змагацца супроць вас, супольна з усімі эўрапэйскімі народамі, аж да поўнага зьнішчэньня вашага бальшавіцкага логава.
Дэлегаты і Дэлегаткі! Я думаю, што сярод нас ня знойдзецца такіх, што баранілі-б ці падтрымоўвалі тыя «праўныя» ланцугі, тыя дагаворы і пастановы нашых ворагаў, якімі яны хацелі ўзаконіць нашую няволю. Мы адкідаем іх раз і назаўсёды!
Адначасна мы ніколі не прызнаем таго, што самазванна ад нашага імя асьветчывае, ці робіць сяньня за мяжою Масква, або польскі эміграцыйны ўрад. Мы адмаўляем ім права дзеяць ад імя беларускага народу!
Мы верым, што гэтая вайна кончыцца перамогаю сьветлых сілаў над чорнымі і за гэта наш народ змагаецца побач іншых эўрапэйскіх народаў. Мы цьвёрда верым таксама, што на руінах старога праўнага парадку, які прынёс народам Эўропы, а перадусім нашаму беларускаму столькі зла, будзе збудаваны новы міжнародны парадак, у якім нашая бацькаўшчына будзе ўжо не аб'ектам, а суб'ектам. (Доўгатрываючыя воплескі).
Культурнае рабства
Маем на мэце тых беларусаў з паходжаньня, каторыя асыміляваліся культурна, прыняўшы «вышшую» польскую або расейскую культуру. Гэткіх беларусаў асабліва шмат можна спаткаць між нашай інтэлігенцыяй, як даваеннай гэтак i пасьляваеннай. Людзі гэтага тыпу лічаць сябе нават беларусамі, але кажуць, што культурна яны расейцы або палякі. Гэтае ненатуральнае злучэньне паняцьцяў магчыма толькі пры поўнай нэгацыі самастойнасьці беларускае культуры. Апошняя ў ix разуменьні мае зьмясьціцца ў рамах польскасьці або маскоўшчыны, як нешта рэгіёнальнае, нязначнае, над чым ня варта спэцыяльна працаваць. Зразумела, што гэта культурная асыміляцыя вядзе няўхільна і да ацыміляцыі дзяржаўнай, інакш палітычнае. Гэткія беларусы пераважна зьяўляюцца больш ці менш выдатнымі расейскімі i польскімі дзеячамі. З пільнасьцю, уласьцівай усякім нэафітам, яны шыраць у нас расейскую i польскую культуру энэргічней ад запраўдных Палякоў і Расейцаў.
Гэткага адношаньня да чужых культур ня можна інакш назваць, як рабствам, a засыміляваных культурна Беларусаў — рабамі. Паняцьце раба супануе заўсёды паняцьце пана. Немагчымы раб, які-б нікому ня служыў. Панам можа быць ня толькі фізычная асоба, але i адарванае паняцьце, як прыкладам чужая культура. Характэрнай азнакай узаемаадносінаў між рабам i панам ёсьць сьляпое, бязкрытычнае служэньне чужым, панскім інтарэсам. Раб, які пачынае крытыкаваць свайго пана, або разумець, што служа чужым інтарэсам, ужо ня будзе рабам. Побач з гэтай сьлепатой i бязкрытыцызмам у раба наглядаецца заўсёды пагарда да сябе, да свайго. Дзякуючы гэтым азнакам у старажытнасьці раба лічылі проста прадметам. I гэта правільна, бо немагчыма лічыць поўнавартасным чалавекам адзінку, якая сама сябе чалавекам лічыць ня хоча, а прыраўноўвае сябе да панскае жывёлы, мэбляў i г. д. Кажуць: «рабы ненавідзяць сваіх паноў». Вось-жа гэткіх рабоў немагчыма лічыць рабамі. «Узбунтаваныя» рабы — ужо не рабы. Гэта людзі, якія пачынаюць разумець свае інтарэсы i імкнуцца да вызваленьня. Маем на мэце толькі рабоў сьляпых, адданых бязкрытычна пану. Гэткім панам, як зацемлена вышэй, можа быць i чужая культура.
Рабоў у вапошнім разуменьні мы, беларусы, маем поўна.Хіба ня знойдзецца сьведамага беларуса, які-б ня стыкаўся з беларусамі — рабамі чужых культураў. Адданасьць гэтых беларусаў сваім панам ёсьць часта задзіўляючай. Дзе карані гэтага духовага рабства часткі нашае інтэлігенцыі i ў чым практычна яно праяўляецца?
Мы ня будзем зьвяртацца ў мінуўшчыну, каб вытлумачыць гэтае зьявішча, хоць i тады ўжо ў нас гэтае рабства пашыралася. Досыць успомніць ведамы сказ тагачасных напалавіну засыміляваных культурна беларусаў гаварыўшых аб сабе: «gente Ruthenus, natione Polonus», ды ведамы зварот з прамовы смаленскага кашталяна Мялешкі, сказаўшага аб гэткіх рабох, што яны хоць i свая косьць, але абрасла сабачым мясам i ваняець. Здаецца, што культурнае рабства часткі нашае інтэлігенцыі можна выясьніць іншымі дзейнікамі, a галоўна псыхолёгічнымі.
Інтэлігенцкім культурным рабом у некаторай ступені трэба нарадзіцца. Трэба ад нараджэньня мець прэдыспозыцыі да рабства. Рабская псыхіка ў чалавека з псыхічнымі склоннасьцямі да няволі, калі ён апынецца ў спрыяючых умовах, багата разаўецца. Нявольніцкія прэдыспозыцыі будуць пхаць абдзеленага імі інтэлігента да шуканьня сілыпана, у рабства якой гэткі інтэлігент дабравольна йдзе коштам рэзыгнацыі з сваёй людзкой годнасьці. Гэтае рабства дае яму духовы супакой, парадкавае яго сумленьне. Гэткі інтэлігент пачынае глядзець на сябе самого, вачмі свайго пана, будзе згадваць яго волю i паступаць са сваімі гэтак, як паступаў-бы пан, калі-б быў на ягоным месцы. A якія-ж спрыяючыя ўмовы патрэбны дзеля разьвіцьця рабскіх прэдыспозыцыяў. Ясна, ідзе тут аб умовы створаныя дадзеным панам, трэба трапіць у сфэру ягоных уплываў.