Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Хоць вусьціш была такая чорная й суцэльная, што падавалася часткаю вакольнай цемры, Фрода думаў пра Більба й ягоныя гісторыі, як шпацыравалі разам па шырскіх прысадах, гамонячы пра прыгоды й шляхі. Бо ў сэрцы самага тоўстага й хатняга хобіта схаваная іскарка мужнасьці (хоць часьцяком надта, надта глыбока), здольная запалаць падчас апошняй, адчайнай небясьпекі. А Фрода быў і ня тоўсты, і далёка ня самы хатні хобіт. Хоць ён таго й ня ведаў, але й Більба, і Гэндальф лічылі яго найлепшым хобітам Шыру. Падумалася: вось і жудасны фінал прыгоды, але тая думка толькі надала моцы. Вынайшаў, што напружваецца, быццам перад апошняй рашучай бойкаю. Болей ён ужо не бездапаможная ахвяра.
Пакуль ляжаў, зьбіраючыся з думкамі й сіламі, заўважыў: цемра паціху адсоўваецца: вакол распальваецца няпэўнае, зеленаватае зьзяньне. Спачатку яно амаль нічога не асьвятляла, расло нібы з самога Фрода ды з падлогі побач і не дабралася яшчэ ні да сьценаў, ні да столі. Павярнуўся – і ўбачыў побач Сэма, Піпіна й Мэры. Яны ляжалі на сьпінах, апранутыя ў белае, і твары іхнія выглядалі сьмяротна бляднымі. Вакол грувасьціліся скарбы, пэўна, золата, але ў зялёным зьзяньні яно выглядала халодным і непрыемным. На галовах у хобітаў былі залатыя вянцы, залатыя ланцугі зьвісалі з паясоў, а на пальцы было насунута шмат пярсьцёнкаў. Побач з кожным ляжаў корд, у нагах – тарча. А ўпоперак іх шыяў, усіх трох, цягнулася голае лязо доўгага меча.
Раптам пачуўся сьпеў: халоднае, панылае мармытаньне то гучнела, то заціхала. Голас плынеў нібы здалёк і гучаў невыноснай вусьцішшу, запаўняючы паветра то пранізьлівым выцьцём, то цяжкімі стогнамі з-пад зямлі. I з гэтай незразумелай плыні жаласьлівых, але страшных гукаў вылепілася нізка словаў: змрочных, суворых, халодных словаў, бязьлітасных і жаласьлівых. Нібыта ўзьвячорак тужыў па сьвітанку і праклінаў яго, недасягальнага. Нібыта холад праклінаў цяплынь, якой прагнуў. Фрода схаладнеў да костак. Неўзабаве сьпевы пачуліся ясьней, і Фрода з жахам адчуў, што яны ператварыліся ў заклён:
Пачулася рыпеньне й шорханьне. Фрода прыўзьняўся на локці, агледзеўся й у цьмяным сьвятле ўбачыў, што знаходзяцца яны ў калідоры, які за іхнімі галовамі збочвае. А з-за кута выпаўзала, цягнулася доўгая рука, шкрэбла пальцамі, дабіраючыся да Сэма, найбліжэйшага, да цаўя меча на ягоным горле.
Спачатку Фрода нібы скамянеў ад заклёну. Потым узьнікла ў яго адчайная думка пра ратунак. Можа, калі насунуць пярсьцёнак, мерцьвякі не заўважаць яго, можа, ён здолее выбрацца з скляпеньня. I ўявіў, як бяжыць па траве, тужыць па Мэры, Піпіну й Сэму, але сам жывы й свабодны. Нават і Гэндальф прызнае: анічога нельга было зрабіць, толькі ратавацца самому.
Але тая іскарка, што нарадзілася ў ягоным сэрцы, цяпер палала моцна. Не, ня годна так кідаць сяброў. Амаль бяздумна памацаў кішэню зь пярсьцёнкам, а нечая рука падпаўзала ўсё бліжэй. Не, ня будзе гэтага – вырашыў раптоўна. Схапіў корд, што ляжаў побач, прыўзьняўся на калені, нахіліўся над целамі сяброў. I зусяе моцы ўдарыў руку па пясьці! I перасек яе, а корд у тое імгненьне зламаўся каля самай гарды. Пачуўся пранізьлівы лямант, і сьвятло згасла. Нешта агрызнулася, зарычэла ў цемры.
Фрода ўпаў наперад, на Мэры, адчуў, які халодны ягоны твар. I тут згадаў, пра што забыўся зь першым крокам у туманах: хату на схіле, сьпевы Тома. Узгадаў песеньку, якой навучыў іх Том. Дрыготкім, ціхім галаском пачаў: "Гэй, Том! Бамбадзіл", і з гэтым імем ягоны голас набраў моцы, загучаў жыва й зычна, і па змрочнай каморы пакацілася рэха, як ад дуды ці барабана:
Настала цішыня. Фрода нават чуў, як б'ецца ягонае сэрца. Праз колькі імгненьняў, якія падаліся вечнасьцю, даляцеў – ясна, але нібыта з-пад зямлі ці з-за тоўстых сьценаў – голас, які сьпяваў у адказ: