Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
I дадала, зірнуўшы на Фрода:
– Да пабачэньня, Сябра Эльфаў! Добра было сустрэцца з табою.
Фрода не знайшоў словаў, каб адказаць. Адно нізка пакланіўся. Забраўся на поні ды павольна патрухаў па схіле, сябры сьледам. Даліна й Томава хата засталіся за сьпінамі, за гарою, лесу болей не было відаць. У лагчавіне паветра пацяплела, моцна й салодка пахла трава. Спусьціўшыся данізу, азірнуліся на Злату, здалёк маленькую й танюткую, бы кветка сярод нябёсаў, залітая сонцам. Яна стаяла нерухома, назіраючы за імі, працягнуўшы да іх рукі. Убачыўшы, што яны азірнуліся, паклікала іх, махнула рукою – і, павярнуўшыся, зьнікла.
Паехалі ўздоўж лагчавіны, абмінулі травяністае ўзножжа стромы ды спусьціліся ў другую лагчыну, шырэйшую й глыбейшую, і зноў уверх і ўніз па гладкіх схілах, перавальваючы праз адгор'і з адной даліны ў другую. Ані дрэва нідзе не было, ані струменю вады – краіна невысокай травы на пругкіх сьцяблінах, маўклівая й пустая, толькі вецер шапацеў, пасьвістваў на грабянях пагоркаў, ды ў вышыні чуліся згукі незнаёмых птушак. Сонца паднялося высока, зрабілася сьпякотна. За кожным наступным адгор'ем вецер усё слабеў. Калі зірнулі з чарговай вяршыні на захад, далёкі лес нібыта дыміўся, парыў, бы ўчорашні дождж вяртаўся да нябёсаў ад вогкага лісьця й карэньня. На даляглядзе паўсюль вісеў цень, змрачнаватая муць, і густая сінеча над ёю падавалася цяжкім, не да надвор'я, капелюшом.
Блізу полудня забраліся на пагорак зь вяршыняй шырокаю й пляскатаю, бы плыткая талерка зь зялёным краем-насыпам. Там паветра зусім зьнерухомела, а нябёсы нібы наваліліся, навісьлі над самымі галовамі. Пад'ехалі да паўночнага боку, зірнулі ўніз – і ўзрадаваліся, бо, падалося, праехалі болей, чым чакалі. У смузе цяжка было ўсьвядоміць дакладна, але ж, безумоўна, Лысагор'е сканчалася. Перад імі вяла на поўнач, віючыся, доўгая даліна, якая замыкалася вузкім праходам паміх стромымі схіламі. А за імі ўжо й пагоркаў ня бачылася. Далей на поўначы заўважылі ледзь прыкметную доўгую цёмную рысу.
– Гэта дрэвы ўздоўж Шляху, – сказаў Мэры. – На шмат міляў ад мосту гасьцінец абсаджаны дрэвамі. Кажуць, тое шчэ ў старажытнасьці зрабілі.
– Выдатна! – усклікнуў Фрода. – Калі мы рушым пасьля полудня гэтаксама хутка, як і раніцою, выберамося з Лысагор'я шчэ да цемры, і месца для начлегу адшукаем вонкі.
Але, яшчэ прамаўляючы, зірнуў на ўсход: з таго боку стромы былі вышэйшыя, нашмат большыя за іхнюю, зь зялёнымі курганамі на вяршынях, а на некаторых стаялі камяні, вытыркаючыся, бы шчарбатыя іклы зь зялёных дзёснаў.
Непрыемна й неспакойна было на іх паглядаць, і хобіты адвярнуліся, спусьціліся ад краю ў цэнтр. Пасярэдзіне іх роўнядзі-талеркі таксама тырчэў самотны высокі камень, у гэтую гадзіну бязь ценю. Анічога камень не ўяўляў зь сябе, але падаваўся значным – бы адзнака мясцовасьці, прыкмета, ці палец, узьняты для перасьцярогі. Але хобіты не зьвярнулі на яго асаблівай увагі, бо шчэ ж быў толькі полудзень, а яны стаміліся й згаладаліся. Паселі, прываліўшыся сьпінамі да каменю з усходняга боку. Камень заставаўся прахалодным, нібы сонца было бясьсілае прагрэць яго, і тое падалося прыемным. Хобіты елі й пілі, і пад'едак на траве атрымаўся любому на зайздрасьць, бо ежа была "з-за пагорку, з-за ракі" – Том шчодра абдарыў хобітаў на дарожку. Хобіты елі, а іхнія поні, разгружаныя, паразбрыдаліся вакол.
Спаць ніхто не плянаваў. Аднак жа ехалі доўга, потым наеліся, прыпякала сонца, трава так добра патыхала, прыляжаліся троху больш, чым трэба, выцягнуўшы ногі й паглядаючы ў нябёсы. Напэўна, праз тое ўсё й здарылася. Так ці інакш, калі хобіты абудзіліся, раптоўна й непрыемна, камень зусім схаладнеў і ягоны доўгі блядны цень накрыў хобітаў. Цьмянае, вадзяніста-жоўтае сонца ледзь прабівалася праз туман над самымі вяршынямі пагоркаў на захадзе; на поўначы, поўдні й усходзе туманы стаялі халоднай белай сьцяною. Вісела нерухомая, цяжкая цішыня, пранізваў холад. Поні зьбіліся ў кучу, прыціснуліся адзін да аднаго, апусьціўшы галовы.
Хобіты паўскоквалі, занепакоеныя, пабеглі да заходняга краю – яны апынуліся на высьпе ў тумане. На іх вачох, і да суцэльнага адчаю, сонца зусім патанула ў тумане й з усходу пацягнуўся халодны шэры цень. Туманы клубіліся, уздымаліся, пакуль не сашчапіліся над галовамі, зачыніўшы хобітаў пад белым дахам, які пасярэдзіне падпіраўся самотным стаячым каменем.
Адчулі, што пастка за імі зачынілая, але не разгубіліся. Яшчэ памяталі жаданы гасьцінец, бачаны зьверху, ведалі, куды ісьці. У любым выпадку месца адпачынку цяпер так не падабалася, што й думкі, каб застацца, ня ўзьнікла. Спакаваліся як мага хутчэй – скалелымі, анямелымі пальцамі – ды выправіліся.