Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Дрыгва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дрыгва

Электронная книга - «Дрыгва». Краткое содержание книги:

В 1933 году была напечатана повесть Якуба Коласа Дрыгва (Трясина), посвященная партизанской борьбе на Полесье во время гражданской войны. Повесть очень быстро стала одной из самых любимых книг белорусского читателя, особенно молодежи.
1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 90
Перейти на страницу:

— I калі ж мы, згінь яго доля, за работу возьмемся? Самы час сяўбы, — уголас разважае Мартын.

— Будзем жывы, і каля зямлі паходзім, голубе, эге ж! А цяпер няхай жанкі ды хто дома застаўся спраўляюцца з работаю. Наша ж, голубе, работа цяпер толькі і пачынаецца.

— Цяпер куды болей разгону, — ажыўляецца Мартын. — Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца… А глядзі ты — паляк, падла, папёр.

— Пачакай трохі, голубе: на ражон ён напорацца, — аўтарытэтна і мнагазначна адзываецца дзед Талаш. Трудна нават дагадацца, на што ківае тут дзед Талаш. Можна падумаць, што ён мае на ўвазе шырокія партызанскія аперацыі. Яно так і ёсць, але не на адно толькі гэта спадзяецца дзед Талаш. Ён да апошняга часу не траціў сувязі з Чырвонай Арміяй. А там ён дачуўся ад камандзіраў, што ў наступе палякаў нічога страшнага і неспадзяванага для Чырвонай Арміі няма, што Чырвоная Армія на некаторы час падасца на ўсход: шмат чырвонага войска знята з гэтага фронту і перакінута на поўдзень, каб хутка і дашчэнту дабіць Врангеля, а потым прыйдзе чарга і да белапалякаў. Між іншым, як дазнаўся дзед Талаш, і тая рота, дзе быў узводным Букрэй, паехала на Врангеля.

— А там хтось выйшаў з лесу, — падымае галаву Мартын і паказвае на лес па той бок поля і на дарогу, што ідзе полем.

Дзед Талаш і Мартын Рыль углядаюцца ў чалавечую постаць. Чалавек запыніўся, стаіць, разглядаецца.

— Відаць, не наш, — заўважае Мартын.

— Будзем жа ведаць: на дарозе наша варта стаіць, — спакойна адказвае дзед Талаш.

Невядомы чалавек адлучаецца ад лесу, ідзе дарогаю, пераходзіць поле.

Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Ён праходзіць палавіну дарогі праз поле, набліжаецца да лесу. Ідзе размеранаю, роўнаю хадою. Ён ужо блізка ад лесу. Яшчэ некалькі хвілін і ён — у лесе.

— Нібы дзесь бачыў я гэтага чалавека: такая ж самая фігура і такая ж хада, — прыпамінае дзед Талаш і не можа ўспомніць, дзе бачыў ён такога чалавека.

— Можа, Саўка, — пасміхаецца Мартын.

— Саўка? Не, гэта не Саўка… А ведаеш, Саўка не такі ўжо прапашчы чалавек. Вось жа не сказаў Васілю пра нас, хоць злодзей і канакрад. З нажом кінуўся, бок прапароў. Шкада толькі, што насмерць не закалоў гада. А мы ж яшчэ з ім не паквіталіся.

— А скажы, дзядзька Талаш, скуль вы даведаліся пра гэту змову Саўкі з Васілём і яго хаўруснікамі?

Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць.

— Мяне дужа прасілі не казаць пра гэтага чалавека, хто выдаў іх змову. Але табе я скажу: сказала гэта Аўгіня, Васілёва жонка.

Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне.

— Цікава! — спакойна, нават безуважна азваўся Мартын. Ды і што яму Аўгіня?

— Але гаварыць пра гэта ты нікому не будзеш? — пытае дзед Талаш і хітравата глядзіць у вочы Мартыну.

Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Дзед Талаш і Мартын павярнулі галовы ў той бок. З-за купчастай хвойкі зараз жа высунуліся дзве постаці: вартавы партызан з карабінам і незнаёмы чалавек, той самы, што ішоў дарогаю праз поле.

Зірнуў дзед Талаш на незнаёмага. На дзедавым твары адразу засвяцілася ўсмешка. Як дзяцюк, борздзенька падняўся на ногі і кінуўся насустрач.

— Таварыш Нявідны, здаровенькі булы! — на палескі лад прывітаў яго дзед Талаш. На момант Нявідны сумеўся: у новым адзенні дзед Талаш так змяніўся, што адразу трудна было пазнаць яго. Потым твар Нявіднага адразу прасвятлеў.

— Дзед Талаш! — і па-прыяцельску паціснуў дзеду руку. — Як добра, што я сустрэўся з вамі, стары дружа… А я іду ды думаю: куды ж гэта вядзе мяне таварыш?

I паказвае на вартавога партызана.

— Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек, — дзелавіта заўважае партызан.

— Правільна, таварыш, правільна!

А дзед Талаш здаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. У іх жа парадак і строга, як у арміі.

— Які ж добры вецер і скуль нясе вас, таварыш Нявідны?

— А я абход раблю свайго раёна. Работы шмат. I трэба ж на гэту работу людзей падабраць і паставіць.

— Што ж добрага чулі, бачылі?

— Ды шмат чаго бачыў… Справа наша жыве, расце… У вас жа што чуваць?

Расказаў дзед Талаш пра падзеі апошняга часу, пра букрэеўскі паход, пра стычку з палякамі пад Ганусамі, пра свае прыгоды, пра захват польскай контрразведкі.

Нявідны слухаў з захапленнем.

— Дык вы дарма не сядзелі. Малайцы! Пра вас далёка гавораць.

— Варушымся патрошку, — адказвае дзед Талаш, — а сёння ў нас і нарада будзе. Хочам трохі з лесу выйсці. I вельмі добра, што вас мы знайшлі. Вы скажыце нам колькі слоў пра вайну з панамі.

1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)