Вынаходцы вятроў
- Автор: Некляев Владимир Прокофьевич
- Год: 1979
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Вынаходцы вятроў». Краткое содержание книги:
Непарыўная сувязь з зямлёй Радзімы, грамадзянскае асэнсаванне часу і свайго месца ў ім, адказнасць сучасніка перад мінулым і будучым - вось асноўныя тэмы кнігі лірыкі Уладзіміра Некляева. Слова паэта - вобразнае, эмацыянальна ўзрушанае - паўнакроўна пульсуе і ў вершах, і ў баладах, і ў паэме Дарога дарог, якая прысвечана будаўнікам Байкала-Амурскай магістралі.
Перейти на страницу:
Бінты. Пахмурны доктар. На акне —
Замест фіранкі — на цвіках газета.
...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, —
I штосьці адбывалася ўва мне...
Пасля я сніў:
Дыктант. Апошні ўрок.
Настаўнік новы.
«Хто?.. Які?..»
«Сярдзіты!»
— Дзе сшытак твой?
— Забыўся дома сшытак.
— Знарок забыўся?
(Не зманіць.)
— Знарок.
— Гультай?
— Гультай.
— Але на шчырасць здатны.
Святлее поле чыстага лістка...
Я ведаю, што напішу выдатна!
Ды не магу... Баліць, баліць рука!
3 віною ў твар настаўніку гляджу.
Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце!
Не... Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы
Нажалі жыта...»
I дыктант знаёмы!
«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».
Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»
«Пра што там?»
«Ат... Пра што за ўсё часцей...»
Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..»
Чакай, якія суддзі?
...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Прачнуўся.
Ранак. Радыё.
(Памёр!)
«За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці...
Я словы пераблытаў у дыктанце!
— Тэмпература... Мокры, як бабёр...
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы.
Касцёл. Бальніца.
— Мне за мост, у школу,
Дыктант...
— Напішуць.
— Жыта жаць...
— Сажнуць.
Вавёркай сонца скача на сасне.
Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.
— Ну, ачуняеш —
будзе, брат, лупцоўка!
— ...Я сплю?
— Не спіш.
— Вы ў сне са мной?
— Не ў сне.
— Дыктуйце.
— Што?
— Няма дажджу. Сухмень.
— Палае ўвесь.
— Магчыма, сепсіс...
— Доктар!
— Я напішу выдатна...
— Добра, добра...
— Я напішу...
— Адно ўсё...
— Трэці дзень...
Партрэт выходзіць з класа, на акне
Гарыць сячкарня, курчыцца газета,
Паштар вавёркай скача на сасне...
— Я напішу...
— А ён усё пра гэта.
...I раптам так, нібы пасля дажджу:
Грыбы па лесе, верасень, кастрыца,
Як не давалі — і далі напіцца...
На лаве ў лазні з паштаром сяджу,
Расказваю, як ён скакаў вавёркай,—
Паштар рагоча...
Добра паштару,
Што я жывы, сяджу з ім, гавару...
Харошая між намі йдзе гаворка.
Ды клічуць...
Чыста. Маладзік над хатай.
Зноў сон...
Зноў той...
Нібы заклаў душу!
I помню ўсё: не дапісаў дыктанта.
I ўсё надзею маю: дапішу.
Перейти на страницу: