Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, — струны яшчэ замiралi, — амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей.
Тут Мiкола склаў сваю свiтку,
Вогнiшча развёў мiж лаўжамi.
Сеў Касьян да цяпла, рукi грэе,
А Мiкола стаiць ля кабылы,
Мацае ёй бруха рукамi,
Па крыжы далонямi гладзiць…
Каб ля Оршы ён быў канавалам
Паўрубля яму б заплацiлi,
Завалiўся б грашыма Мiкола.
Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха-цiха.
Не спявалi яшчэ i пеўнi,
Як кабыла глыбока ўздыхнула:
Мокры, цёплы белы жарэбчык
Мякка лёг у Мiколавы рукi.
Аж да поўдня чакаў Мiкола,
А пасля ён пагнаў худобу,
I за ёй жарабятка пабегла.
З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне.
Йшлi яны i прыйшлi на паляну.
На паляне — курная хата.
Каля хаты чвэртка валокi
I сухая старая дзiчка.
Стаў Мiкола у лесе i бачыць:
Гаспадар бяжыць да кабылы.
На нагах падраныя поршнi,
Твар змарнелы, на твары слезы.
Адвярнуўся Мiкола i кажа:
«Вось i ўсё, хадзем, брат Касьяне,
Паспяшаем хутчэй на неба,
Дасць нам бог за затрымку па шыi».
Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома…
Перад богам стаiць Мiкола,
Порткi ўсе заляпаны граззю,
На кашулi крывавыя плямы,
Твар знябыты, чырвоныя вочы.
На Мiколу бог раззлаваўся:
«Ля карчмы ацiраўся, вядома,
З дзеўкамi качаўся па гумнах,
Размяжулiлi нос табе хлопцы.
Прэч з вачэй!»
Тут Касьян засмяяўся:
«Што табе я казаў, Мiкола?
Як прыходзiш, каток, на неба, —
Трэба чыстае мець адзенне,
I не варта таго кабыла,
Каб гнявiў ты госпада бога».
«Пра якую кабылу ты кажаш?»
Бог спытаў.
I тады Мiкола
Расказаў яму пра кабылу,
Пра зямлю, пра бедныя весi:
«Божа, божа, ты бачыш пакуты.
Крыж у хлопаў паны здзiраюць,
Каб ярмо нацягнуць на шыю.
Мужыкi на зямлi азёрнай.
Ўсю салому са стрэх паздзiралi,
Ўсю кару з сасонак паелi».
Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.
Бог задумаўся, цяжка, глыбока,
I сказаў: «Даруй мне, Мiкола.
Я ўсё гэта давеку запомню».
Гнеўна бог зiрнуў на Касьяна:
«Чысты ты, Касьян, i прыгожы.
Край мой бедны ваўкi раздзiраюць, —
Ты ж аб чыстай адзежы дбаеш.
А цi думаў ты, браце Касьяне,
Што для сэрца майго даражэйшы
Нават цёмны, апошнi злодзей.
Ён царкву маю абдзiрае,
На прастол брудным поршнем лезе,
Але лезе з чыстай душою,
Бо ад голаду дзецi канаюць
I ў яго, i ў яго суседа.
Ты пра гэта не думаў, Касьяне,
I таму я даю Мiколу
Кожны год два вялiкiя святы,
Каб Мiколу славiлi людзi,
А табе я даю, неразумны,
Дзень апошнi, дваццаць дзевяты,
Ў лютым месяцы, месяцы гурбаў».
Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.
Тут Касьян, як бабёр, заплакаў:
«Божа, божа, за што караеш?
Ты пакрыўдзiў свайго святога
За адроддзе паршывай кабылы!»
I сказаў яму бог спакойна:
«А цi думаў ты, браце Касьяне,
Што з мячом я з'яўлюся хутка,
Што надыдзе пан бог у славе
Ратаваць свае белыя землi?
З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.
Час той прыйдзе. I скора прыйдзе.
Стане моцным канём жарабятка,
I на гэтым канi я паеду
Да пачынкаў[5] i хат сялянскiх.
Конi iхнiя мала елi,
Працавалi, вазiлi цяжка, —
Справядлiвасцi ездзiць належыць
На мужыцкiх пузатых конях.