Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Святкавалі. І з гора таксама.
Манахі, узрадаваныя ганьбе канкурэнтаў, самі частавалі ваякаў. Чорт з імі, з лікёрамі! Будуць яшчэ. Але ж пан схізматув поперал. І таму сталы аж ламаліся.
Падступалі потым, п'яныя, і да манастыра манашак-візітак і гразіліся ўзяць, але пашкадавалі жанчын. Віску многа!
…Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю.
Пан сеў і думаў гадзіны дзве. Потым загадаў прывесці маладога. Таго вызвалілі з мяккіх абдымкаў мядзведзя ўсяго аблізанага, ружовага.
Пан Даніла сустрэў яго, седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф.
— Выпі. Палегчае.
Той выпіў.
— Як жа гэта вы? І не спыталі.
— Яна сказала, што ўсё адно за вайсковага не аддасцё.
— Правільна, — грозна сказаў Загорскі. — Ад вайсковых, што жандараў слухаюць, усё злое на зямлі. Яны ў гарматкі гуляюць, яны на світанні прыходзяць па добрых людзей… Чаму зброю не склаў перад сватаўством?
— Гонар.
— А ці ведаеш, што іхнюю пароду калі-небудзь на парапетах цытадэляў расстрэльваць будуць? Як сабак! За ўсё гора!
Малады чалавек усхліпнуў.
— Ты чый?
— Полацкі.
— Пі яшчэ, — памякчэў Даніла. — Праваслаўны?
— Праваслаўны.
— Маёнтэк ёсць?
— Адна вёска.
— І тое нічога. Ставай на калені!
Той стаў. Пан адважыў яму тры гучныя поўхі.
— Не служы кур'яну[52]. Не сватайся за спіною. Не шукай у царкоўных пацукоў паратунку… Устань… Сядзь… Пі… Галодны?
— Але.
— Кандраці, курыцу зяцьку. Каплуна! Каб помніў, што каплуну служыў.
Маўчалі. Пан Даніла піў гарэлку, твар яго быў страшны.
— Службу кінеш сёння ж… Пяройдзеш ва уніяцтва…
— Вы ж праваслаўны…
— Я не праваслаўны. Я — ніякі. А ты пяройдзеш, каб ніколі з тымі не сутыкацца, у каго абароны шукаў.
Памаўчаў.
— Атрымаеце дзве тысячы душ. І кіруйцеся ў сваю вёску. З вачэй прэч. У Вежу і Загоршчыну ёй — ніколі. Грошы будзеце атрымліваць акуратна. Калі ўбачу, што выканаў мае загады, што не будзеш служыць гэтай троннай б… з тандэтнымі ручкамі ды са сляпучай усмешкай, калі даведаюся, што дачка ўцяжала — атрымаеце на ўсе душы даравальную. Усё… Можаш браць і ехаць.
І ўзняўшы яго з крэсла, як ляльку, пацалаваў у лоб:
— Ідзі… сыне.
— Няўжо вы з ёю развітацца не захочаце? Яна ж вас любіць.
— І я яе люблю, — сказаў пан. — Але за тое, што яна забыла, ад чыіх рук яе маці загінула, — няма ёй даравання… майго.
— Я вінен, — насмеліўся малады чалавек. — З мяне і спаганяйце.
— Твая правіна — у гародзе хрэн. На тое мужыкі і ёсць, каб шкодзіць… А яна павінна была ведаць… Усё я табе дараваў… За смеласць, што не пабаяўся са мною звязацца. Такіх людзей, сыне, мала на свеце… Ці мо не ведаў, што гэта такое?
— Ведаў, — шчыра сказаў зяць.
— Ну вось. Можа, я палюбіў бы цябе, каб не бачыліся мы сёння першы і апошні раз… Урэшце, калі ўсё абыдзецца толькі, можаш прыехаць… Адзін.
— Адзін не прыеду.
— Яно і лепей, — сказаў пан. — Гэта вам толькі пашкодзіць. Таму што я смяротнік.
— Чаму?
— Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які мяне голымі рукамі ўзяў бы. Дый потым… расстраляным быць — гэта яшчэ нічога. Але мяне за блюзнерства могуць у Салаўкі адправіць… да царкоўных пацукоў. А я лепей са змеямі і аспідамі сядзеў бы. Таму досыць загонавым мой хлеб задарма есці… Хай разам са мною льюць кроў. Я не ў Салаўках памру. Я памру тут. На маёй зямлі, у маіх мурах. Ідзі. Перадай дачцэ маё блаславенне.
Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.
Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.
Ён не шкадаваў аб гэтым.
…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.
Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.
— Што ж, — сказаў сябрам Загорскі. — Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.
Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.
Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.
52
Кур'ян — курыца, якая крычыць пеўнем.