Прыгоды Тома Соўэра
- Автор: Твен Марк
- Год: 1935
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржвыд Беларусі. Юндзетсектар
- Переводчик: Янка Мавр
- Жанр: Детские и приключения
Электронная книга - «Прыгоды Тома Соўэра». Краткое содержание книги:
На працягу трох тыдняў ён мужна цярпеў свае нягоды, але потым, у адзін добры дзень, знік. Цэлых двое сутак хвалявалася місіс Дуглас, усюды шукаючы яго. Публіка была ў поўным недаўменні. Гека шукалі на горах і ў далінах, вышукалі нават раку, шукаючы яго цела.
Нарэшце, на трэці дзень раніцою Тому Соўэру прышла ў галаву добрая думка — пашукаць у пустых адрынах за пакінутай бойняй, і ў адной з іх ён знайшоў уцекача. Гек спаў. Ён толькі што паснедаў, недзе сцягнутымі аб’едкамі, і цяпер, выкурыўшы люльку, з камфортам адпачываў. Ён быў нямыты, нячосаны і адзеты ў ранейшыя лахманы, якія рабілі яго такім цікавым у тыя дні, калі ён быў яшчэ вольны і шчаслівы. Том пабудзіў яго, расказаў, колькі прыкрасці ён зрабіў усім, і ўгаварваў яго вярнуцца дадому. Твар Гека страціў спакойны выгляд і зрабіўся сумным.
— Не кажы пра гэта, Том,— сказаў ён. — Я прабаваў, але нічога не выходзіць, Том! Не для мяне ўсё гэта, не прывык я да гэтага. Удава добрая да мяне і ласкавая, але не магу сцярпець усіх іхных выдумак! Яна, напрыклад, прымушае мяне ўставаць кожную раніцу ў адзін і той-жа час, мыцца загадвае; усю галаву мне падралі, чэшучы, і спаць мне не дазваляюць у дрывотніку,— калі ласка, лажыся ў ложку А гэта праклятае адзенне! Разумееш, Том, я ў ім проста душуся! Яно, здаецца, не прапускае паветра, і такое яно — чорт бы яго пабраў! — прыгожае, што ў ім нельга ні сесці на зямлю, ні легчы, ні качацца па ёй. Я не катаўся на дзверах скляпоў вось ужо, здаецца, цэлыя гады! Удава есць па званку, кладзецца па званку, устае па званку,— усё так страшэнна правільна, што проста цярпець няма моцы.
— Ды ўсюды-ж так, Гек.
— Том, гэта мне зусім усёроўна. Я не ўсюды, і цярпець больш не магу. Гэта проста смерць—быць так звязаным па руках і па нагах. Гэта мяне ў магілу загоніць! Мне ўжо ежа ў горла не лезе. Здаецца, хутка і дыхнуць без дазволу нельга будзе. Мяне прымушаюць гаварыць так мудрона, што ў мяне і наогул гаварыць прапала ахвота. Мне даводзіцца часам ісці на гару, каб добра вылаяцца і пацешыць сваю душу,— а то я не вытрымаў-бы! Удава мне не дазваляе курыць, не дазваляе ні крычаць, ні пазяхаць, ні пацягвацца, ні чухацца пры кім-небудзь. Мне трэба было ўцячы, Том, неабходна было! І потым хутка пачнуцца заняткі ў школе; мажліва, мяне яшчэ і туды пасылаць будуць,— ну, а гэта я зусім не вытрымаю! Бачыш, Том, мабыць багацце не для мяне. Ад яго толькі прыкрасць і непрыемнасці,— проста ўвесь час смерці жадаеш. А вось гэтае рыззё для мяне, і больш з ім разлучацца я не жадаю. Ніколі не здарылася-б са мною такая бяда, каб не гэтыя праклятыя грошы. Том, вазьмі ты сабе, калі ласка, маю долю і карыстайся ёю як сваёй, а мне выдавай часам толькі па дзесяць пенсаў — і то не часта, бо мне падабаецца толькі тое, што не лёгка даецца. А ты за гэта ідзі і адпрасіся за мяне ў удавы.
— Кінь, Гек, ты ведаеш, што я не магу,—гэта нячэсна. І... калі ты пастараешся яшчэ трохі, то потым прывыкнеш.
— Прывыкну? Хіба можна прывыкнуць сядзець на распаленай пліце... Не, Том, не хачу я быць багатым, не хачу жыць у гэтых агідных вылізаных дамах. Я люблю лес, рэчку, люблю начаваць у бочках, — вось гэта для мяне. Акурат цяпер, калі ў нас ёсць і стрэльбы, і пячора, і ўсё, што патрэбна для разбою,— трэба-ж было трапіць гэтым грошам і ўсё папсаваць.
Том паспяшаўся скарыстаць гэтую тэму:
— Пачакай, Гэк, багацце-ж не перашкодзіць мне зрабіцца разбойнікам.
— Ну? Ды ты гэта ўзапраўду, Том?
— Яй-права, узапраўду. Але-ж толькі цябе нельга будзе прыняць у банду, Гек, калі ты не будзеш мець прыстойнага выгляду і адзення.
Радасць Гека была атручана.
— Нельга будзе прыняць мяне? Як нельга? Ты-ж прыняў мяне ў піраты!
— Так, але гэта іншая справа. Разбойнік благароднейшы за пірата: ён і трымаць сябе павінен лепш.
— Але паслухай, Том! Ты-ж заўсёды быў маім сябрам: ты не выставіш мяне,— так, Том? Ты гэта не зробіш? Скажы!
— Гек, я, вядома, хацеў-бы мець цябе сваім таварышом, але што скажуць людзі? Яны скажуць: «Фу! Банда Тома Соўэра! Ды там усё нейкія валацугі!» І яны будуць намякаць на цябе. Гэта-ж табе самому будзе непрыемна, ды і мне таксама.
Гек хвіліну маўчаў, заняты ўнутранай барацьбой. Нарэшце ён сказаў: