Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Полицейские детективы » Пад страхам смерці
Пад страхам смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пад страхам смерці

Электронная книга - «Пад страхам смерці». Краткое содержание книги:

 У кнігу французскага пісьменніка Жоржа Сімэнона ўвайшлі вядомыя творы з цыкла пра камісара Мэгрэ і дзве вострасюжэтныя аповесці. У лекцыі «Раманіст» Сімэнон расказвае пра сваё жыццё і творчыя прынцыпы.
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 127
Перейти на страницу:

Заставалася толькі ўздыхнуць.

Пахаванне Турэ было назначана на заўтра. Уранку цела нябожчыка забралі ў Жувізі.

Мэгрэ патэлефанаваў жонцы і сказаў, што вернецца позна.

Па дарозе ў Жувізі дзьмуў моцны вецер. Хмары нізка навіслі над зямлёю, збіралася навальніца. Шафёр з цяжкасцю знайшоў вуліцу Таполяў. Ва ўсіх вокнах дома Турэ гарэла святло.

Але званок не званіў. Яго, відаць, выключылі ў знак жалобы. Нехта ўбачыў, як да дома пад'ехала машына, і дзверы адчыніла жанчына, яшчэ не знаёмая камісару, гадоў на пяць старэйшая за пані Турэ і вельмі падобная да яе.

— Камісар Мэгрэ.

Жанчына паклікала сястру з кухні:

— Эмілія!

— Чую. Запрасі яго ў дом.

Мэгрэ прынялі на кухні, бо ў сталовай стаяла труна. У вузкім калідоры пахла кветкамі і свечкамі.

— Выбачайце, што я вас турбую...

— Пазнаёмцеся: пан Маньен, мой швагер. Кантралёр на чыгунцы.

— Вельмі прыемна.

— Вы ўжо знаёмыя з маёй сястрой Жаннай, а гэта Сэліна...

Адна Моніка не ўстала, каб павітацца з Мэгрэ. Яна пільна ўзіралася ў яго і, напэўна, думала, што камісар прыехаў дапытваць яе наконт Жарыса, і была скаваная страхам.

— Прысядзьце, калі ласка.

Мэгрэ пакруціў галавою.

— Хочаце глянуць на яго?

Удаве было прыемна паказаць камісару, што яна не паскупілася на аддзелку труны.

— Нібыта спіць...

Мэгрэ зрабіў усё належнае.

— Ён і зразумець не паспеў, што здарылася, — уздыхнула жанчына. — А як ён любіў жыццё!

Яны ціха выйшлі, і пані Турэ зачыніла дзверы.

— Вы будзеце на пахаванні, пан камісар?

— Буду. Таму і прыйшоў.

Моніка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камісар, яна адразу ж уздыхнула.

— Напэўна, вы і вашы сёстры знаёмыя з усімі, хто будзе на пахаванні, а я не ведаю нікога...

— Разумею! — усклікнуў Маньен, нібыта гэтая думка прыйшла і яму самому ў галаву адначасна.

Сваім пыхлівым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.

— Я проста папрасіў бы вас паказаць мне на пахаванні незнаёмых людзей, калі такія будуць.

— Вы думаеце, прыйдзе забойца?

— Неабавязкова. Але мой абавязак — нічога не ўпускаць.

— Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну? — спыталася пані Турэ.

І яе твар, і твары сясцёр адразу ж сталі аднолькава злыя.

— Я нічога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калі заўтра на пахаванні вы зробіце мне знак, я зразумею.

— Калі заўважым любога незнаёмага?

Мэгрэ кіўнуў, папрасіў прабачэння за клопаты і выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.

— Натрапілі на след? — спытаўся ён тонам, якім гавораць з доктарам пасля агляду хворага.

— Не.

— І не маеце ніякіх падазрэнняў?

— Ніякіх. Да пабачэння.

У машыне Мэгрэ ўспомніў, як дваццацігадовым юнаком ён трапіў упершыню ў сталіцу. Тады яго найбольш уразіў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з міжвольнай трывогаю назіраў за тымі, хто, страціўшы раўнавагу, кідаўся ў паток і плыў па цячэнні. Але асаблівае спачуванне выклікалі ў яго сціпла і чыста апранутыя людзі. Якіх толькі намаганняў яны не прыклалі, каб застацца на паверхні і стварыць ілюзію, што яны жывуць і што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!

Вось і Луі Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае раніцы ў адзін і той самы цягнік, бачыў адны і тыя ж твары, і пад пахаю ў яго быў адзін і той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках «домам трох сясцёр». Хоць сёстры і жылі на суседніх вуліцах, яны закрывалі нябожчыку далягляд, як вялізны мур.

— У камісарыят, шэф? — пытаўся шафёр.

— Не. Дамоў.

Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кінатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзіў і Луі Турэ. Яны двойчы прайшлі міма таго самага тупіка.

— У цябе кепскі настрой? — спыталася жонка.

— Не.

— Ты за ўвесь вечар і слова не сказаў.

— Ты што?.. А я і не заўважыў.

Уранку на горад абрынулася залева. Ліло як з вядра. Вецер вырываў з рук мінакоў парасоны.

— Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, — заўважыла пані Мэгрэ. — Багата сёння клопату?

— Яшчэ не ведаю.

— Надзень галёшы.

Мэгрэ так і зрабіў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесці ў таксоўку. Халодныя кроплі сцякалі з капелюша за каўнер.

— На набярэжную Арфэўр.

Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаванні?..

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 127
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)