Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]
Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]

Электронная книга - «Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]». Краткое содержание книги:

Аказалася, што дзевяць гадоў, якія прайшлі са смерці Васіля Быкава, — недастатковы час для таго, каб асэнсаваць ролю пісьменніка ў гісторыі краіны і яе літпрацэсу ў прыватнасці. Дагэтуль застаецца спрэчным і месца, якое Быкаў заняў у пантэоне герояў сучаснай Беларусі.
Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў. Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі.
Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.
Пры афармленні кнігі нам хацелася падкрэсліць актуальнасць прозы Васіля Уладзіміравіча, таму за аснову была ўзятая коміксавая стылістыка. Дызайн выдання — гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя — своеасаблівы кейген да таго ці іншага твора і гэтага тома ў цэлым.
1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 94
Перейти на страницу:

У Бялавічах ужо гасьлі рэдкія агні ў вокнах, калі ён увайшоў на вясковую вуліцу. Дзе жыў той Парфір, Дземідовіч, канешне ж, ня ведаў, і тупаў па цёмнай вуліцы, прыглядаючыся да падворкаў, каб дзе каго згледзець і запытацца. У адной хаце бразнулі дзьверы, і ён паклікаў. Маладая жанчына, сьпярша трохі спалохаўшыся, паказала яму наўкось цераз вуліцу на цёмную хату пад клёнам, і неўзабаве Дземідовіч шукаў клямку на незачыненых дзьвярах Парфіра. Парфір быў у хаце адзін, паліў нанач грубку. Дземідовіч шчыра ўзрадаваўся, павітаўся і сказаў, што, мабыць, дзядзька яго ня памятае, не пазнаў. Але той спакойна так кажа: «Чаму ж не пазнаў — пазнаў. Вы ж таварыш Дземідовіч з райкаму, хто ж вас не пазнае тут?» Дземідовіч падумаў, што тым лепей для яго, і напомніў пра іхнюю сустрэчу на Полацкай дарозе, і як яны добра пагаманілі тады аб жыцьці. Усё ж ён хацеў, сам не прызнаючыся сабе, неяк паддобрыцца да гэтага чалавека, пачуць яго спачуваньне і атрымаць дапамогу. Але Парфір ня дужа сьпяшаўся спачуваць, размову ён быццам падтрымліваў, але бяз жаднай ахвоты, толькі часта ўздыхаў, пазіраючы на агонь у грубцы. Дземідовіч скупа, але пераканаўча, як здавалася яму, расказаў пра становішча на франтах, у якім стане апынулася краіна ў выніку гэтага зьнянацкага нападу Гітлера, і як цяпер трудна ўсім і асабліва тым, што апынуліся на часова занятых фашыстамі тэрыторыях. Пра сябе ён яшчэ не сказаў ні слова, але Парфір, калі ён трохі прымоўк, раптам заўважыў, з-пад касмылявых брывоў зыркнуўшы на госьця:

— Цяпер вам трудна, гэта канешне. Але ж дзе, чалавеча, вы тады былі, як усім трудна было?

— Гэта калі? — не зразумеў Дземідовіч.

— А тады. Як стагналі ўсе, сьлёзы лілі. Галадалі і з голаду пухлі, як у трыццаць трэцім.

А, во ён пра што, з непрыемнасьцю падумаў Дземідовіч, ужо ці за нямецкую ўладу ён? За акупантаў? Усё ж цяпер Дземідовіч не хацеў абвастраць размову і даволі няпэўна адказаў:

— Было, канешне, і тады труднае. Індустрыялізацыю праводзілі, напружвалі ўсе рэсурсы. Трэба было.

— Можа, і трэба, — пагадзіўся Парфір. — Але ж нашто было з народу знушчацца? Над сваімі зьдзек утвараць?

— Ну гэта ты кінь, дзядзька, які зьдзек? Класавая барацьба была, гэта праўда. А зьдзеквацца над сваімі ніхто не хацеў.

— А тое, што, даўшы зямлю, назад адабралі — ня зьдзек? Што за працу з калгасу нічога не давалі — ня зьдзек? І што абіралі сялянаў: і мяса, і малако, і яйкі, і воўну? І скуры са сьвіней? І лён, і бульбу? І яшчэ грошы: налог, страхоўка, самааблажэньне… А пазыка? Я, думаеш, чаму тры калоды пчолаў завёў? Што дужа мёд люблю? За восем гадоў я яго лыжкі не паспытаў. Каб сплаціць усё — купіць і здаць, во для чаго. Пры тым што ў калгасе кожны дзень рабіў, летась трыста семдзесят працадзён выгнаў. А што атрымаў на іх — паўтара пуда гірсы. Ну як жыць было?

Такога Дземідовіч тут не чакаў, гэты проста аказаўся затоенай контрай. Бач ты, мала яму гірсы дасталося? Быццам іншым даставалася болей! Ці іншыя меней плацілі-здавалі дзяржаве. Але, глядзі ты, колькі накапіў крыўды!

— Дарма вы так, Парфір. Я лічыў вас сазнацельным калгасьнікам, а вы? — папракнуў Дземідовіч.

— А я і сазнацельны! — падняў ад грубкі счырванелы, аброслы сіваю шчэцьцю твар гаспадар хаты. — Я самы сазнацельны ў дзярэўні. Усё выконваў. Жылы з сябе цягнуў, а выконваў. Столькі мала хто тут стрываў, як я. Не хацеў быць несазнацельным, вінаватым дзяржаве, каб папракалі начальнікі.

— Яно і панятна. У цябе ж, здаецца, сын камандзір? Лётчык?

Парфір трохі прымоўк, бы ўспамінаючы штось невясёлае, і Дземідовіч падумаў, што пра сына сказаў, мабыць, дарэчы. Але Парфір нечакана сказаў:

— У тым-та і справа, што сын быў камандзір, лётчык. Ды сплыў. Пасадзілі лётчыка. Тры гады ні пісьма, ні прывета. Мо і жывога няма ўжо…

Ах, вось што…

— Да-а, — роздумна прамовіў Дземідовіч, са злосьцю думаючы, што і тут ашукаўся. І тут ня тое! Мабыць, гэты Парфір перажывае за сына, таму і такі ненастроены. А ён думаў: разумны дзядзька, з ім можна будзе паладзіць. Але начорта такія разумныя, што з іх карысьці? Толькі маўчаць да пары, падладжваюцца. Але во паразьвязвалі языкі, загаманілі пра тое, пра што маўчалі гадамі.

1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 94
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)