Беларусь і суседзі
- Автор: Шкялёнак Мікола
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Białoruskie Towarzystwo Historyczne
- ISBN: 83-915029-4-5
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь і суседзі». Краткое содержание книги:
Перадусім неабходна, каб Беларускі Народ у сучасную хвіліну, калі вырашаюцца лёсы народаў, заявіў перад сьветам сваё становішча, што да тых міжнародных юрыдычных махінацыяў, якія прараблялі над ім Масква і Польшча за апошнія дзесяткі год і выказаць сваю запраўдную волю. Ведама, што ад часу Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917-1918 гг. у Менску, разагнанага бальшавікамі, аж да сёньнешняга дня мы ня мелі магчымасьці склікаць такога поўнага ўсебеларускага прадстаўніцтва, якое было-б запраўдным выказьнікам волі нашага народу ў пытаньнях, якія датычылі, ці датычаць ягонай Бацькаўшчыны. А гэтых пытаньняў было ня мала. Сьвет чуў толькі сфальшаваную волю беларусаў і, ня ведаючы ўсіх ашуканчых камбінацыяў Масквы і Польшчы, мог у добрай веры думаць, што мае дачыненьне з запраўднымі жаданьнямі беларускага народу. Цяпер, калі мы атрымалі магчымасьць склікаць усенароднае беларускае прадстаўніцтва ў форме 2-га Усебеларускага Кангрэсу, для нашай агульнай справы неабходна, каб ён выказаў сваё становішча, што да бальшавіцка-польскае маны аб імкненьнях, жаданьнях і волі беларускага народу, пры помачы якой яны хацелі прыхіліць на свой бок грамадзкую Думку, каб лягчэй і цішэй праводзіць зьнішчэньне беларускага народу.
Другім важным матывам, які змушае нас заняцца справаю польска-бальшавіцкіх дагавораў, ёсьць факт, што, як бальшавіцкая Масква, так і г. зв. польскі эміграцыйны ўрад паклікаюцца перад усім сьветам на менаваныя дагаворы, як на крыніцы іхняга права да ўсяе, ці толькі да часткі Беларусі. Яны імкнуцца ізноў, супроць волі беларускага народу, загарнуць ці то ўсю Беларусь (гэтага хоча Масква), або ўтрымаць прынамся той падзел яе, які быў зроблены ў Рызе ў 1921 г. (так хочуць палякі). І бальшавікі, і палякі сьведама замоўчваюць, ці робяць міну, што не заўважваюць тых, ужо нязьлічаных праяваў волі нашага народу, якіх мы былі сьведкамі за гады гэтай вайны і якія над усялякую няпэўнасьць даводзяць, што беларусы маюць собскія нацыянальна-палітычныя мэты і ніколі ня згодзяцца з паваротам таго стану рэчаў, які існаваў у нас да вайны.
Вось чаму голас так аўтарытэтнага прадстаўніцтва, як гэты 2-гі Усебеларускі Кангрэс, будзе мець у закранутым пытаньні вялікае значэньне. Іншая рэч, ці ён знойдзе зразуменьне; мы маем вельмі мала прыяцеляў, але ў так адказную хвіліну ён павінен быць сказаны. Неабходна раз на заўсёды выбіць з рук нашых ворагаў усе тыя аргумэнты, якімі яны і сяньня ў сваіх мэтах імкнуцца падрабіць волю і жаданьні беларускага народу.
Кіруючыся гэтымі меркаваньнямі Беларуская Цэнтральная Рада ўважала за патрэбнае паддаць пад абрады Кангрэсу справу менаваных польска-бальшавіцкіх дагавораў, аб'ектам якіх ёсьць нашая беларуская тэрыторыя і народ, і выясьніць ягонае становішча ў гэтай справе, каб з аднаго боку — адхіліць усе няяснасьці ў паглядах на гэту справу ў беларускім грамадзтве, а з другога боку — падаць сьвету голас праўнага беларускага прадстаўніцтва, каб раз на заўсёды пазбавіць нашых ворагаў магчымасьці спэкуляваць жаданьнямі і воляй беларускага народу.
2) Крыніцы расейска-польскіх прэтэнсіяў
Калі спыніцца над пытаньнем, з якіх крыніцаў Масква і Польшча выводзяць свае прэтэнсіі да Беларусі, дык трэба сьцьвердзіць, што ў васнове іх ляжыць не якоесь права, а звычайнае захопніцтва гэтых нашых суседзяў. Нарадзілася яно не ў вапошніх дзесятках год, а мае сваю доўгую гісторыю.
Была пара, калі гэтыя суседзі ў параўнаньні з нашым народам былі слабыя і не маглі перашкодзіць разьвіцьцю нашага народу і ў васобнасьці — будаваньню ягонай дзяржаўнасьці. І таму, калі Масква і Польшча выйшлі на шырокую гістарычную арэну, беларускі народ меў ужо сваю вялікую і моцную дзяржаву і мог весьці ня толькі памысную абарону, але і прадпрыймаць войны з мэтай задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у сваім гаспадарсьцьве. У гэты час дачыненьні з Масквою і Польшчаю з юрыдычнага гледзішча складаліся нармальна. Ня было мовы аб іхных «правох» на беларускія землі. А часам гэтыя суседзі самі шукалі дапамогі і знаходзіліся ў фактычнай апецы беларускага гаспадарства. З прычыны, аднак, шэрагу гістарычных памылак, не давялося нам сваечасна зразумець, што на ўсходзе і захадзе растуць заўзятыя ворагі беларускага народу і ягонае свабоды; ужо ад паловы XV стагодзьдзя мы бачылі вялікія зьмены ў нашых дачыненьнях з гэтымі суседзямі, а наўперад з Масквою. Узмацаваўшыся, яны пачынаюць свой наступ на Беларусь. Маскоўскі князь Іван III ужо афіцыйна выражае свае прэтэнсіі на беларускія землі ды імкнецца ў вельмі прымітыўны спосаб іх абаснаваць. Галоўным яго аргумэнтам была супольнасьць веры ў беларусаў і маскалёў. Прэтэнсіі Масквы, якія падтрымоўваліся наступнікамі Івана і былі прычынаю доўгай і ўпорыстайбарацьбы Беларусі з гэтым ворагам, якая цягнулася стагодзьдзямі. Яе імкнуцца выкарыстаць палякі, каб шляхам дагавораў, г. зв. «вуніяў», асягнуць уключэньне беларускага гаспадарства ў склад Польскае Рэчыпаспалітае. Шляхам выкрутнае сафістыкі і сьведамага перакручваньня сэнсу і зьместу гэтых дагавораў, яны хацелі вывесьці сваё права на Беларусь. У васнове, аднак, іх прэтэнсіяў ляжыць толькі захопніцтва. Вуніі не даюць ім ніякага права. Нават апошняя з іх — Люблінская з 1569 г., хоць і ўводзіла значныя зьмены ў нас і тварыла супольную Рэчпаслітую, але не падпарадкавала Беларусі Польшчы, бо ў сваёй істоце яна была дагаворам роўных з роўнымі. Дарэмна прадстаўнікі маскоўскай і польскай дзяржаўнасьці, не перабіраючы сродкамі, імкнуліся знайсьці, хоць для вока, нейкае «права» на нас. Усе іхныя меркаваньні на гэтую тэму пацьвярджалі толькі іхны імпэрыялізм. Мінуўшчына Беларусі ня можа быць для іх крыніцаю ніякага права. Наадварот, яна паказвае, што беларускі народ, нават у найцяжэйшыя хвіліны ўмеў змагацца супроць маскоўскага і польскага захопнікаў і бараніць свае правы да свабоднага жыцьця.