Авантуры студыёзуса Вырвіча
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом “Звязда”
- ISBN: 978-985-7083-16-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:
Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…
— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!
— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.
Памаўчаў, неахвотна прамовіў:
— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.
— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.
— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!
А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.
А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:
— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША
Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…
На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.
— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры. Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…
— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.
— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.
Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку:
— Стойце на месцы… — і няспешна паехаў у бок целаў.
— Вам, пан Палоній, трэба было дзяўчынай нарадзіцца, — пільна гледзячы ў спіну доктару, прагаварыў пан Гервасій сваю ўлюбёную за апошнія дні фразу. Багінская адказала ў звыклай манеры, але без ценю весялосці, таксама не адводзячы пагляду ад чорнай постаці на кані, што набліжалася да страшнай знаходкі:
— Гэта было б вашым найвялікшым няшчасцем, пан Гервасій. Бо вы б закахаліся ў мяне, і вашае сэрца было б разбітае маёй жорсткасцю.
Лёднік спыніў каня, праз нейкі час рэзка развярнуў яго і падскакаў да спадарожнікаў. Ягоны худы твар быў неяк занадта спакойны.
— Чума.
Паланэя зноў ускрыкнула, пан Гервасій зашаптаў пацеры…
— І… што рабіць? — як ні прыкра было прызнаваць гэта, але ў іхняй высакароднай кампаніі ў цяжкіх абставінах падобныя пытанні ўсе мімаволі найперш задавалі адзінаму невысакароднаму чальцу. Лёднік іранічна хмыкнуў.
— Ну што я магу вам прапанаваць, пан Вырвіч. Толькі тое, што стагоддзямі раілі мае калегі ў падобных сітуацыях: «Сito longe fugas et tarde redeas» — сыходзь хутка, далёка, і доўга не вяртайся.
І раптам прышпорыў свайго каня:
— Гайда!
Яны несліся па дарозе, далей ад крыжа з чэрапам, і здавалася, што за імі ляціць страшны цень з раскінутымі крыламі…
На наступным раздарожжы давялося прыпыніцца. Лёднік агледзеў пераляканыя твары.
— Пакуль баяцца няма чаго. Мяркуючы па паставах нябожчыкаў, пошасць у тым баку, адкуль яны рухаліся. А значыць, мы ад яе аддаляемся. Урэшце, з вамі доктар, і, паверце, я пабачыў не адну эпідэмію. Шкада, валіза з інструментамі ды лекамі страчаная…