Вятрак – птушка вольная
- Автор: Ткачев Василь
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вятрак – птушка вольная». Краткое содержание книги:
Ліда таксама просіцца.
– Усім адразу нельга, – разважліва і строга казаў тата. – З кім жа маці мы пакінем? Хто ёй пасобіць па хаце? Тут хапае работы. А другім разам, давай дамовімся, дачуша, я цябе вазьму з сабой. Не ўсё ж Юраську, а? Дамова?
Сястра не адразу пагаджаецца, і назаўтра ранічкай праводзіць тату з братам за вёску: спярша едзе разам з імі на калёсах, звесіўшы ногі ў акенцы драбіны, а потым вяртаецца назад.
– А пра сукенку не забудзеце? – напамінае яна сумна і з надзеяй.
У Журавічы яны ўехалі якраз у тыя хвіліны, калі моцны і строгі мужчынскі голас паведамляў па талерцы, якая боўталася на слупе перад крамай, у якой прадаюць хлеб і цукар, што пачалася вайна. Тата пацягнуў лейцы на сябе, і конь спыніўся. А калі дыктар скончыў гаварыць пра вайну, бацька сцебануў пугай каня па ўзмакрэлай спіне, і калёсы загрукацелі што ёсць моцы.
– Вайна не вайна, а не свяціць жа задам! – шлёгаў і шлёгаў ён пугай над спіной каня, нібы той быў вінаваты, што пачалася, калі верыць таму строгаму мужчынскаму голасу, вайна. – Нэ-э, маць тваю пройбу!..
Кірмаш гуў. Юраська сядзеў на возе, а тата цёрся недзе сярод людзей, якія сноўдалі ўзад-уперад, абыякава, беспарадкава. Раней ніколі не бачыў хлапчук тут такога гармідару. Ды і нідзе. Плакалі людзі, галасілі, але не ўсе. Спяшалі, пачуўшы страшную вестку, да сваіх гнёздаў – лезлі напралом, з крыкам і гвалтам, да прылаўкаў. І ўсё да нечага прыцэньваліся, прымяраліся.
Доўга сядзеў тады Юраська на калёсах, ажно спіна забалела. Як у дзеда якога старога. Не справа гэта, каб так было з ягонай спіной, і ён выпрастаўся. Ого, ды так і зусім добранька! І людзей усіх бачыш. Адно картузы ды чупрыны мількаюць. Яшчэ і хусткі. Самыя розныя: белыя, чорныя, квятастыя... Убачыў Юраська і тату. Ён у выцягнутых руках нёс над галавой пакупкі, нібы пераходзіў глыбокую раку, дзе яму вады было пад самы падбародак. Ага! Порткі ёсць!
З Журавічаў вярталіся не так хутка, хоць конь дамоў заўсёды бяжыць ахвотней, больш шпарка: тата ўмысна прытрымліваў лейцы, не даваў яму разгону. Чаму так, ён потым адкрыў сакрэт:
– Мала ў нас часу, сын, застаецца. Вайна... Давай пагаворым. Ніхто не падслухае. Тут мы – адзін на адзін. А пагаварыць трэба. Як мужчына з мужчы-нам. Не сёння-заўтра мяне прызавуць... гэта факт. Мабілізацыя, чуў у мястэчку, пачалася ўжо. Сур’ёзнае дзела, па ўсяму відаць. Адзін мужчына цяпер у хаце. Разумееш, што гэта значыць?
Юраська не ведаў, што адказаць. Палічыў за лепшае прамаўчаць. Так і зрабіў.
Конь ціха мясіў капытамі пыл, лёгка цягнуліся калёсы: кру-кру, – вялі колы на сухіх восях нудную мелодыю.
Хоць і збіраўся тата яму шмат чаго сказаць, а сказаў коратка і зразумела:
– Слухайся матку... Ты дарослы ў мяне. Паглядзі, якія вялікія парткі табе купілі. Крыху меншыя, чым на мяне. На чвэрць. – І тата расцягнуў штаны за калашыны, і, здалося, захінуў імі перад хлапчуком увесь белы свет...
... Юраська ўсё яшчэ сядзеў за сталом, на тата-вым месцы, нават так, як ён, – паставіў на абрус вострыя локці, а пальцы моцна сашчапіў у кулак. Адно хібіла – маўчаў, нічога не гаварыў. А што яму было сказаць? Не будзеш жа хваліцца, дзе брын-далі цэлы дзень, што бачылі? Хопіць, што грыбы на паркане вісяць, а каска нямецкая паляцела-пака-цілася, бы гарбуз. Не бабская гэта ўвогуле справа – слухаць пра ўсё гэта. І не мужчынская – расказваць...
Аднак Юраська ўсё ж не вытрымаў, папытаў:
– Немцы, кажуць, прыязджалі?
– Прыся, прыся ўжо да іх! – не спадабалася пытанне маці. – Калі-небудзь яны бяды наробяць. Сядзеў бы дома!
Дома сядзець справа няхітрая, але ж трэба неяк да дзеда Нупрэя збегаць. Жаданне вялікае ёсць. Але ж як скажаш пра гэта маці? Адразу пачне зноў павучаць, як паводзіць сябе пры акупацыі, нібы ён сам малакасос які. Бацька і той сказаў: ты – дарослы... Шкада, што яна не чула. А калі б пачула, то гэта шмат што б значыла. Хлопчык на ўсялякі выпадак папрасіў яго раскатурхаць рана, сказаў ціха, але горда:
– Я касіць пайду!
Маці моўчкі кіўнула. Касіць – гэта добра. Гэта не перад немцамі шныраць. Ды і жыць трэба, якой карысці з той бегатні? Юраська патупаў на сенавал, але спыніўся на двары. «Не, трэба на вятрак. Абавязкова. Як гэта пражыць дзень без дзеда Нупрэя?»
Вёска не спала. Было яшчэ рана, і яна толькі-толькі збіралася на спачын, да сну: то тут, то там патухалі цьмяныя агеньчыкі ў вокнах, бразгалі вочапы на веснічках. Вунь праплыла нечыя постаць у шэрым змроку, знікла з вачэй раптоўна, як і з’явілася. Скавыталі, надрываліся жабы ў копанцы.