Пабуджаныя
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00012-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пабуджаныя». Краткое содержание книги:
Усе замоўклі. Няпроста ўсё было. Але сёння Фрунзе не настойваў на жалезнай дысцыпліне, аднагалоссі, нават хацеў, каб было болей палемікі. Трэба было ж не толькі ведаць сапраўдныя думкі блізкіх людзей, але i з розных сцяжын да мэты выбраць найбольш патрэбныя.
— Думаю, поўнага «сожительства» з меншавікамі i бундаўцамі ў нас не выйдзе,— сказаў ён яшчэ пра тое, што найбольш усіх турбавала.— Кажу ж, будзем «саюзіцца», але заадно i гнуць сваё... Дык я за гэтыя пункты...— i падняў руку.
Услед за ім паднялі рукі i астатнія.
— I яшчэ адна закавыка, сябры, пра якую мы павінны мець ясны погляд сёння i далажыць заўтра,— Фрунзе адкінуўся i абвёў усіх учэпістым позіркам.— У Петраградзе паўстанцы раззброілі паліцыю, разагналі жандармерыю, спалілі ахоўнае аддзяленне, дзе былі палітычныя справы i нашых таварышаў, утварылі атрады народнай міліцыі... Што нам рабіць на гэты конт тут?
Зноў усе замаўчалі. Цяжкае было гэтае яго запытанне.
— Неразумна марудзіць альбо сядзець як мыш пад венікам, але небяспечна i паспяшаць, наляцець вераб'ём на каршуна...— прамовіў Ландар.
Усе адначасна ўсміхнуліся. З такой вось мудрагелістай парады.
— Ты не Карл, а мой цёзка, Саламон! — хітнуў галавою Магілеўскі.
— А ты што параіш? — пачырванеў Ландар.— Альбо якую мудрую думку свайго цёзкі можаш успомніць?
— Мой цёзка Саламон...
— Хлопцы,— перапыніў Мяснікоў, зірнуў на гадзіннік,— ужо трэцяя гадзіна...
— Не забывайма,— Ландар пачаў загінаць пальцы.— Тут паблізу фронт, амаль два мільёны штыкоў, дык Эверт «лішняга» не дазволіць; мінскі люд i мінскі гарнізон не такія актыўныя i рэвалюцыйныя, як у Петраградзе; сілы нашых баявых дружын невялікія; многае будзе значыць ад таго, што будзе сказана пра паліцыю ў сумеснай дэкларацыі Часовага ўрада i Савета...— таксама, як i Кнорын, крышку з прыбалтыйскім акцэнтам пачаў тлумачыць сваю нядаўнюю перасцярогу Ландар.
— ...Яшчэ многае будзе значыць i ад раптоўнай змены настрою ў Мінску,— дадаў Фрунзе.— Сёння тут было даволі спакойна, a заўтра... I хто ведае, што мы можам пачуць сёння-заўтра з Петраграда...
— Карацей, дружыны трэба прывесці ў гатоўнасць нумар адзін,— сказаў Мяснікоў.— Каб усімі дзесяткамі былі ў зборы, маглі ў любую хвіліну па першаму ж сігналу ўступіць у бой...
— Іншыя думкі ёсць? — зірнуў на ўсіх Фрунзе.
— Не,— сказаў Крывашэін.
За ім паднялі рукі i іншыя.
— Ну, тады ўсё,— прамовіў Фрунзе.— Цяпер давайце пакумекаем, што i як будзем рабіць заўтра, прыкінем, хто што возьме на свае плечы... Толькі давайце гаварыць коратка i ясна. Іначай мая Соня замерзне на дзяжурстве...— I пажартаваў: — Сход сходам, а жонка таксама ж дарагая...
Частка другая
ЗВАНАРЫ
Ніхто не вінаваты ў тым, калі ён нарадзіўся рабом; але раб, які не толькі цураецца імкненняў да сваёй свабоды, але апраўдвае i прыхарошвае сваё рабства..., такі раб ёсць халуй i хам, які выклікае законнае пачуццё абурэння, пагарды i агіды.