Хроніка дзетдомаўскага саду
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Хроніка дзетдомаўскага саду». Краткое содержание книги:
Арцельшчыкі, казённікі, колькі ні наглядаў за імі Уладзік, здаецца, саромеюцца самі таго, што робяць. I нездаецца, хутчэй за ўсё так яно і ёсць. План на рыбу ім спушчаны дай божа. I яны мацюкаюцца на гэты план, лаюць яго, але мусяць выконваць. А чаму лаюць, таму што ведаюць: шкоднікі. Добрай, сапраўднай рыбінай яго не выканаеш, таму і бяруць усё да самай апошняй маляўкі. I не-не ды калі-нікалі і вырвецца ў каго-небудзь:
— Знайшоўся б чалавек, забараніў гэтую грабілаўку.Дзе, дзе ён, той пан, што колісь за рэчкай сачыў, не даваў глуміцца, здзекавацца з рыбіны...
Скоса зірнуць на яго таварышы-паплечнікі, загне мацюка брыгадзір:
— Упраўней, маць тваю...— I галаву ўніз. Лена папоўз, запаласкаўся ў вадзе невад. Глуміцца дзень, адрабляецца план. А гэтыя двое і ў цемры, як пры красным сонейку. I што, калі памяняць іх месцамі, арцельшчыкаў бы аддаць начальству, а гэтых у арцель.
Як бы пачуўшы Уладзіка, Анісім крыкнуў з лодкі Кандрату:
— Вось пра што даўно хачу спытаць цябе...
— Пытай,— дазволіў Кандрат, ломячыся, што конь, праз лазу.
— Ты вось даўно каля начальства круцішся. Як яно табе здаецца?
— Ты і сам цяпер круцішся, сам начальнік, лічы,— прабурчаў Кандрат.
— Кручуся, але штосьці я яго не разумею.
— А што яго разумець, чым меншы начальнік, тым большае... З высокага ёсць яшчэ людзі. I культурныя, і з паняццем... Пляшку каньяку не дапіў — зноў у мех сабе не суне...
— Ды я не пра тое. Я і сам сабе цяпер магу каньяку купіць.
— А я пра тое. Чалавека ўсюды відно: хоць ты яго ўводу, хоць на прыроду, хоць у агонь.
— Во, а чаму ж тады так, чаму? Ніхто нічога бачыць не хоча, ніхто не хоча глядзець. Ну, дасціг ты пастоў вялікіх, дык не свіняч жа і другім не давай свінячыць. Ты думаеш, я мужык няграматны, дык не хочу жыць па совесці...
— Па совесці рана сёння, на ўсіх не хопіць яе. Што ён, выжыльваўся, пнуўся, гнуўся перад кожным, каб цяпер толькі па совесці, ды бачыў ён яе і нас з табою. Яму ж трэба ўзяць тое, што недабраў, пакуль дзёрся на гору.А ты тут са сваёй совесцю, пайшоў вон. У цябе дзеці, а ў яго што — сабакі? Ты іх хочаш вышэй сябе ўзняць, і ён жа таго хоча, хоча, каб яны вышэй бацькі скочылі.
— То я, браце, разумею. Чаго дзеля дзіцяці не зробіш. Але ж ты і пра справу сваю не забывай. Усе мы роўныя, але, выходзіць, ёсць раўнейшыя. Колькі ж красці і расцягваць можна гэтую зямлю...
— Ого, куды ты. Ты што думаеш, начальства не бачыць, што мы сёння з табой злодзеі?
— Дык чаго ж яно нас за руку не схопіць?
— А хто для дзела застанецца? Мы з табой для дзела. I мы з табой па рыбіне ў торбачку, а хтосьці — і па яшчыку ў машыну. I ўсё шыта-крыта. Не дай табе вось гэтую сённяшнюю рыбіну...
— А што, і не дай. Не дай украсці, дай купіць, капейчыну маю.
— Ідзі купі. Маленькія, не дараслі яшчэ твае куплялкі. Таму і дазволена табе ўкрасці.
— Вялікага граха, што я злаўлю сабе на вячэру рыбіну, не бачу.
— А ён ужо прошчаны, дараваны табе твой грэх.
— Куды ж мы прыйдзем, Кандрат, калі так?
— А куды трэба. Плаўся, бярыся да берага, нешта ўжо ёсць, торгае ў руку. Мо і язюк, не ўсё чужому дзядзьку на губу, трэба і нам рот падмазаць... Вось сустрэў я неяк нашага былога адзінаццатага старшыню калгаса. Ты таксама ведаеш яго, яўрэйчык, Гудман, пытаецца ён у мяне: «То ў вас цяпер за старшыню Карабель?» — «Карабель»,— гавару. «То добра, яно вамі накіруе, яно ў мяне ў школе вучылася. Ой-ой, каго выбралі, няўжо ета горш нікога нельга было прыдумаць, хто ўгору сёння ідзе...» Бярыся круцей да берага.
I Анісім скіраваў лодку да берага. Пры святле ліхтарыка яны выбралі сетку, папляваліся, пагаравалі: «Здаецца ж, білася, а ўцякла, няма рыбы. Куды тая рыба падзелася...» Перакурылі, седзячы на борце лодкі, і зноў пачалі заводзіць сетку і аддаляцца. Пайшлі, схаваліся разам уначы, вада замыла іх сляды, зноў стала вусцішна. Маўчала, спала вёска за спіною Уладзіка, як яе і не было. Паснулі прыбярэжныя лозы і дубнякі, нябачныя і нячутныя. Усё схавалася, паснула і, здавалася, ніколі ўжо больш не абудзіцца. Сон гэты будзе доўжыцца стагоддзі, стагоддзі ўсё вакол будзе ахутана змрокам, спавіта спакоем і дрымотаю. Нікому не абудзіць ночы, усё і ўсе аддаліся ёй, уціхамірыліся і спадзяюцца толькі на яе літасць.