Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Раздзел VI
1...
Клава апрытомнела ў нейкай незнаёмай цемнаватай каморцы. Яна ляжала на ложку, накрытая да шыі коўдраю.
Калі Клава расплюшчыла вочы, яна ўбачыла перад сабою незнаёмую жанчыну, — перш за ўсё маршчыністыя рукі, якія папраўлялі падушку пад яе галавой, ды латку знізу кофтачкі. Клава крыху павярнула галаву: у жанчыны з-пад хусткі выбілася пасма цёмнарусых, з сівізною, валасоў.
— Прачнулася, дачушка!..— прамовіла пяшчотна тая, нахіліўшы галаву над дзяўчынаю, і дакранулася мяккаю рукою да Клавінага ілба.— Не бойся, гаротніца. Мы свае...
Клава не баялася: яна цяпер нічога не баялася, была абыякавая да ўсяго. Нейкі няцямны позірк яе вачэй безуважна прайшоў па вопратцы жанчыны, утаропіўся ў бярвенні сцяны, на якой блізка вісела амаль пустая торба.
Жанчына павярнула Клаву на спіну. Клавін позірк на хвіліну прыпыніўся на маленькім акенцы, за якім віднелася ціхае шэра-блакітнае неба. Набліжаўся вечар. Блакітны водбліск неба на міг успыхнуў у дзявочых вачах і згас.
Прачнулася яна ўжо ўраніцу. На рамцы маленькага акенца цяпер ясна ружавела сонца, а ў куточку шыбкі весела звінела муха.
Дзяўчына ад яркага прамяністага святла прыплюшчыла вочы і раптам у першы раз за гэтыя дні ўсміхнулася. Яна з цікавасцю прыслухалася да звону мухі,— гэты гук здаўся ёй радаснай музыкай, і Клава, не варушачыся, нейкі час слухала яго. Калі ж з намаганнем павярнула галаву і ўбачыла на сцяне сонечны зайчык, на бледных шпаках яе затрапяталі ямачкі, а поўныя, без крывінкі губы самі сабой засмяяліся.
Але ўсмешка хутка занямела, і твар спахмурнеў. Дзяўчына, перастаўшы заўважаць усё вакол, доўга ляжала нерухома, тады як памяць нагадвала ёй забытыя на той час падзеі перажытага. Як гэта -страшна!— не падумала, а адчула Клава цяпер, халадзеючы, калі пачала ўспамінаць апошні досвітак. Яна хутчэй расплюшчыла вочы, каб адагнаць прывіды-ўспаміны. Няўжо тое ўсё была праўда?
А што, калі яно зноў вернецца?! Гэты непакой зусім абудзіў Клаву і як бы вярнуў яе да жыцця. Дзяўчына трывожна падумала — дзе яна?
Як яна сюды трапіла?
Яна прыслухалася, нібы чакаючы, што нехта адкажа. Пустая каморка маўчала, але гэтая маўклівасць не толькі не палохала, а нават спакваля супакойвала знясіленую дзяўчыну.
Дзверы ціха расчыніліся, і ўвайшла жанчына, якая была тут учора. Але Клава не пазнала яе ці, можа, не помніла ўчарашняга, бо зірнула насустрач ёй насцярожана і трывожна.
— Прачнулася, дачушка?— дайшоў да Клавы голас, пяшчотны і спачувальны.
Ёй здалося, быццам яна ўжо не раз недзе чула гэты голас, толькі не магла прыгадаць дзе; ад яго ў Клавы ажыло штосьці вельмі шчаслівае. Ах, вось дзе яна чула: гэтак калісьці пыталася маці, будзячы ісці ў школу...
Жанчына, як бы размаўляючы з сабою, прызналася з палёгкай:
— Я ўжо думала, што ты і не прачнешся... Баялася я вельмі за цябе, ой, як баялася... Такая ты кволая была... А. ты вось, глядзі,— ажыла! Ажыла, мая ластаўка, гаротніца мая!..
2...
На другі дзень жанчына села каля Клавы на ложак, разгаварылася.
Яна расказала, як знайшла Клаву ў тую раніцу ў жыце, схавала, а ўвечары прынесла дамоў. Потым пачала апавядаць пра сваё гора, пра тое, што журыцца, жыве адна: дачку Зосю і сына малога, Паўліка, забралі ў Германію. Ёй прышло адтуль тры кароценькія, з прытоенымі намёкамі лісты.
Яна прынесла гэтыя лісты Клаве, пажоўклыя, пацёртыя на загінках, і, калі тая стала моўчкі, аднымі вачыма, чытаць, тлумачыла:
— Пішуць: «Жывецца нам тут вельмі добра, аж хочацца скакаць, як удава Аляксеіха». А гэтая Аляксеіха скочыла летась у раку, утапілася! Знайшлі яе на другі дзень у чароце, каля «Гала»,— кіламетры чатыры адсюль. Каваль Сямён знайшоў... Яшчэ і жанчына была маладая. Не вытрымала, гаротніца, бяды: сына яе Пятра паліцаі павесілі. Партызанам быў яе хлопец, ну і, вядома, калі-ні-калі заходзіў у сяло, а паліцаі неяк падсачылі яго ды і схапілі... А то яшчэ, як там?— «Уся надзея на нашага бацьку ды яго таварышаў». То ж ба на Чырвоную Армію, бо іх бацька ў арміі,— яшчэ ў першы год пайшоў...
Яна гэтыя лісты ведала ўжо, мусіць, напамяць.
Праз дзень Клава не ўтрывала і паспрабавала падняцца з ложка. Яна скінула з сябе коўдру і, перасільваючы нязвыклую слабасць у руках і ва ўсім целе, села на ложку, спусціўшы ногі.
Ёй неспадзявана вельмі захацелася пахадзіць! Яна спусціла ногі ніжэй, але, як толькі Клава ступіла на падлогу, перад вачыма яе ўсё адразу захісталася, паплыло, аслабелыя ногі самі сабою падагнуліся. Яна ўпала.