Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
Як толькі вызвалілі горад, за «супрацоўніцтва з ворагам» уся майстэрня апынулася ў турме. Пасядзелі два тыдні, і пачалася разгрузка камер, яны спатрэбіліся для новых «пасобнікаў». Так цэлы этап «следственных» апынуўся ў лагеры. Усе дзяўчаты паважалі і слухаліся сваю колішнюю настаўніцу. Ад фашысцкага рабства яна іх уратавала, а тут не дала рады. Андрэева супакойвала і суцяшала дзяўчат, што вось-вось прыедзе следчая камісія, разбярэцца і адпусціць дадому. Амаль усе дзяўчаты збераглі свае камсамольскія білеты і нідзе сябе нічым не заплямілі.
Акружэнцаў разбілі на тры лесапавальныя брыгады, жанчын прызначылі ў калону грузчыкаў. Вагоны падавалі пераважна ноччу, а ночы з дня на дзень станавіліся ядраней і сцюдзёней. У сонны жаночы барак, грукаючы па стойках нараў, з ліхтарамі «лятучая мыш» урываюцца дзяжурнякі: «Пад’ём, бабы. Дзесяць хвілін на зборы. Андрэева, давай стопрацэнтны вывад на пагрузку! » Неапрытомненыя, спрасоння ўскакваюць жанчыны, адразу не ўцяміць, дзе яны і што з імі. Сарамяжа прыкрываюць ногі, грудзі і плечы, а нахабныя дзяжурнякі лыпаюць вачыма, прыспешваюць і адпускаюць цынічныя жарцікі.
Андрэева абураецца: «Выйдзіце, дайце апрануцца дзяўчатам. Не бойцеся, усе будуць на вахце». Жарабцы з дрынамі і ліхтарамі агрызаюцца: «Фрыцаў не саромеліся, а тут цыпачак з сябе строяць». Калоцячыся ад холаду, нервовага напружання, нявыспаныя і галодныя жанчыны цягнуцца на вахту. Пры цьмяным святле ліхтароў яны зрабіліся непазнавальнымі зданямі з чорнымі праваламі вачніц. Доўга дрыжаць на вахце, пакуль прыйдуць не вельмі таропкія стралкі. Нарэшце ідуць, грукаючы абцасамі і прыкладамі, канваіры, адчыняецца брама, пры святле ліхтароў вахцёр уголас лічыць нявольніц і адзначае колькасць на доўгай і вузкай фанерцы.
Я ўсё часцей думаю пра тую кволенькую, у сіняй сукеначцы, дзяўчынку. З многімі я ўжо гаварыў, распытваў пра жыццё на волі, пра акупацыю; да яе падысці ніяк не адважваўся. Некаторыя яе сяброўкі ўжо круцілі з дзесятнікамі і брыгадзірамі, а яна, як бездапаможнае птушаня, што выпала з гнязда, цуралася людзей, хадзіла адна і блізкіх сябровак не мела.
Лагернай вопраткі на ўсіх не хапала, таму новенькія дадзіралі на пагрузцы свае сукенкі, жакецікі і чаравікі. У канцы жніўня раздажджылася. Твань на дарогах і ў зоне была непралазная, ліпкая і чорная, як каламазь, а нудны і сцюдзёны дождж ліў удзень і ўначы. Коўзаючыся па гразі, мокрыя, панурыя ішлі ў сталоўку дзяўчаты, а яна паўзла, як на лыжах, у вялікіх лапцях на босых маленькіх ножках. Мне здалося, што яна ўжо на мяжы пагібелі, і захацелася хоць чым-небудзь ёй дапамагчы.
Я быў лагерным старажылам, каб мы не выручалі адзін аднаго, пазагіналіся б усе. Кухарам рабіў мінскі зямляк Андрэй Андросік, хлебарэзам — друг па самадзейнасці Ванька Воранаў, пякарняй загадваў ленінградскі караблебудаўнік Васіль Краўцоў, капцёркаю — Якаў Міхайлавіч Смірноў. Мы з ім разам вандравалі з лагпункта на лагпункт і даўно папрыціраліся. Шаўцом стаў колішні днявальны на дзевятым лагпункце, што некалі лічыў мяне блацяком, а цяпер стаў лепшым другам. Ды і я ўжо круціўся каля прыдуркаў, то пры КВЧ , то начальнік, ведаючы мае філалагічныя схільнасці, часта выклікаў перапісваць справаздачы і «састаўляць» даклады для вольнанаёмных.
Здаровых лагерных служачых праглынула вайна, а да нас зноў прыбывалі эвакуіраваныя з Пскоўшчыны, з Тарапца і займалі вызваленыя пасады ў КВЧ, УРЧ , бухгалтэрыі, планавым аддзеле. Спецыфікі лагернага ўліку, жыцця і ўзаемаадносін яны не ведалі і не адразу асвойталіся, таму было шмат блытаніны і недакладнасцяў. Начальнік выклікаў мяне і загадаў весці ўлік рабсілы, усю справаздачнасць, а «бабы няхай падпісваюць». Я разгубіўся і напомніў, што ў мяне пяцьдзесят восьмы артыкул. «А ты не высоўвайся, а там неяк адбрэшамся». I я шчыраваў ад пад’ёму да поўначы. Тады ж уся краіна працавала начамі, пакуль пакутаваў ад бяссоння крамлёўскі гаспадар. А раптам аднекуль пазвоняць, некаму спатрэбіцца нейкая лічба. I так не драмаў увесь ланцужок ад Масквы да самых да ўскраін. Такі быў стыль — «гарэць на рабоце». Гарэлі і дагаралі і ў лагеры.