Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
Да арышту я верыў кожнаму лозунгу, кожнаму друкаванаму і афіцыйнаму слову, быў узорам бяздумнага «патрыятызму», згаджаўся, што ў нас усё перадавое, разумнае і неабходнае. «Перавыхаванне» ў лагеры мне расплюшчыла вочы, вучыла самастойна думаць, сумнявацца, пратэставаць у душы, але зацята маўчаць.
На пачатку 1942 года пайшлі этап за этапам мужчыны ў шынялях, без папруг і пятліц. Прыбывалі салдаты, камандзіры, штабныя работнікі — прадстаўнікі ўсіх родаў войск з Варонежскага і Калінінскага франтоў. Віна іх была ў тым, што трапілі ў акружэнне, з баямі прабіліся да сваіх, а каб не трапілі ворагам дакументы, частку іх знішчылі або закапалі, многія выйшлі без партыйных білетаў. «Ага, значыць, былі паражэнчыя настроі, не спадзяваліся выйсці з акружэння, а можа, і знарок хацелі здацца», — разважалі «асабісты» і «смершаўцы». А ў іх размова кароткая: «Рукі назад!» — і ў турму, а там, як прусакоў у шчылінах, поўна цывільных «шпіёнаў» і «ворагаў». Стаяць стаяком, на нары кладуцца па чарзе. Людзі падаюць у непрытомнасці. Без затрымак пачыналіся разгрузкі турмаў, падаваліся закратаваныя цялятнікі, і паехала на ўсход свежая рабсіла, і гэтых рабоў ехала мільёны.
Разам з вайскоўцамі прыбывалі жанчыны за тое, што асталіся пад акупацыяй, перахопленыя на дарогах на ўсход, пакінутыя начальствам у тыле ворага. Ніхто ніякага следства не вёў. Паспявалі толькі запоўніць фармуляры. У графе «артыкул і тэрмін» было напісана «следственный». I так у кожнага. Спадзяваліся — прыедуць следчыя і будуць разбірацца на месцы. Але ніхто так і не прыехаў.
У вачах учарашніх воінаў былі разгубленасць і адчай, на злінялых гімнасцёрках — цьмяныя сляды павыдзіраных ордэнаў і камандзірскіх адзнак, пілоткі без зорачак, і на гэтых былі шынялі да калень. У зоне стаяў шэры маўклівы натоўп былых акружэнцаў. Нядаўнія баявыя камандзіры і салдаты глядзелі на падвойны плот з калючага дроту, на вышкі, на змрочныя баракі, на лагернікаў у абшарпаных, прасмоленых на павале трантах, на схуднелыя, задубелыя на сцюжах, пад ветрам і дымам твары мужчын і на жанчын, якія даўно страцілі адзнакі хоць прыблізнай жаноцкасці. Старажылы лагера ўяўляліся ім страшэннымі злачынцамі, рэцыдывістамі, бандытамі і забойцамі, а да вахты цягнуліся былыя партыйныя работнікі, лётчыкі, настаўнікі, сяляне — «злосныя нядоімшчыкі, нехацімцы і сабатажнікі», каб пабачыць «новенькіх», распытаць, што на волі. на фронце, а можа, і сустрэць знаёмых. Этапнікі трымаліся насцярожана і маўкліва.
За натоўпам ваяк чуліся мілыя жаночыя галасы. I пайшлі ў зону ў прыгожых сукеначках, жакеціках і чаравічках пераважна маладыя, яшчэ не злінялыя ў камерах прывабныя маладзіцы і зусім юныя дзяўчаты. Начальнік УРЧ выклікаў прозвішчы: Коласава, Кальцова, Фокіна, Каравашкіна, Зяленіна, Гаўрылава, Волкава Зінаіда і Волкава Антаніна, Сальнікава, Андрэева. На пытанне «Артыкул і тэрмін?» адказ быў адзін — «следственная». Гэта быў сапраўдны парад прыгажунь з волжскіх узбярэжжаў. Прайшла з высока паднятаю галавою срэбравалосая чарнабровая жанчына, і я адразу ў ёй пазнаў былую настаўніцу і не памыліўся. Яна пяшчотна суцяшала разгубленых і заплаканых дзяўчат. Многія былі яе колішнімі вучаніцамі.
У шэрую і змрочную зону, з якое патыхала трупным тленам, уварваўся свежы, шматкалёрны промень жыцця. Нехта з начальніцкіх падбрэхічаў кінуў: «нямецкія падсцілкі», другі ўдакладніў: «аўчаркі». А яны, прыгнечаныя прадчуваннем свайго трагічнага будучага, моўчкі выціралі слёзы.
Мне, недасведчанаму ў юрыспрудэнцыі, нельга было зразумець і пагадзіцца, чаму гэтых няшчасных, над якімі нават не пачалося так званае следства, прыгналі ў лагер, а заўтра гэтым кволым дзяўчатам дадуць пілы і канадскія тапары і пагоняць у лес ставіць кубікі, выконваць нечалавечую норму, а начамі грузіць пульманаўскія вагоны. Я глядзеў на іх, і не верылася, што яны здатныя хоць на маленечкае злачынства ці здраду. Магчыма, нехта з іх і стаў ахвяраю гвалту нямецкага салдата ці афіцэра, але не больш.
Пакуль выклікалі астатніх, я ўгледзеў каля ганка страшнай баковачкі оперупаўнаважанага маленькую, як падлетак, зусім беленькую, у сіняй сукеначцы ў крапінку, дзяўчынку. Па шчоках каціліся буйныя слёзы. Мне яе зрабілася асабліва шкода. Яна здавалася бездапаможнаю і адзінокаю, нечым вылучалася з натоўпу кідкіх прыгажунь, запомнілася мне адразу і запала ў душу.
Этап развялі па бараках. Пра пасцелі не было чаго і думаць. Калі ёсць што, падсцілай, а няма — курчыся на голых нарах.
Прыгажуні з калінінскага этапу занялі палову барака. З клуначкаў, сабраных у дарогу сплаканымі мамамі, даставалі нейкія посцілачкі, фіраначкі, запіналі імі свае закутачкі, торбачкі набівалі стружкамі каля сталяркі, каб было на што прыхінуць галаву. Старастам барака абралі вядомую калінінскую настаўніцу Анастасію Рыгораўну Андрэеву. Яна была дэпутатам гарсавета, дырэктарам школы. У акупіраваным горадзе Андрэева берагла былых вучаніц. Каб не пагналі іх у Нямеччыну, яна ўсіх сабрала ў школу і адкрыла кравецкую майстэрню. Калі не было чаго шыць, латалі старое, даводзілася падкарочваць і расточваць афіцэрскія і салдацкія мундзіры і шынялі, абшываць дзяцей.