Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.
…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.
Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.
Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.
— Аднаго ведаю, — шэптам сказаў ён. — Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…
Паківач спалохаўся.
— Ты што?
На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:
— Іх усіх — пад корань… панянят, княжат…
— Ну і дурань, — сказаў Грынь. — З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.
— Залішняй злосці не бывае, — сказаў Корчак. — Хадзем адсюль.
Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.
А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.
Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы «гейзер», амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.
— Бацька вады, — шэптам сказала Майка.
— Бацька вод, — паправіў Алесь. — Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.
— Жывая вада, — сказала Яня.
І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.
— Піце. Будзеце жыць сто год…
Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.
А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.
XIV
Усё праходзіць. Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач, мала спалі: абуджаліся раней за птушак, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ва ўсіх вокнах, і вокны гараць расплаўленым золатам і дом нібы пылае ўнутры, і клаліся позна.
Паехалі. Толькі і засталося, што ўспаміны ды надзея. Бо нездарма ж Майка казала: «На ўсё жыццё». Суцяшала гэта дрэнна.
Цэлымі днямі адзін — Фельдбаўха і француза ў сябры сабе не возьмеш, — маці чытае або вышывае другі ваздух, бацька цэлымі днямі на палях, а то на паляванні.
І вось у адзін з дзён, — стаяла сярэдзіна жніўня, — бацька і маці нешта доўга шапталіся за вячэрай, а твары ў іх былі ўстрывожаныя і ўрачыстыя. Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала:
— Дзядуля прыслаў з пасыльным ліст, сынок.
Алесь узняў вочы.
— Ён просіць, каб ты прыехаў да яго… Адзін.
Бацька выняў з пулярэса ліст паперы і прачытаў:
«Мізантропія мая і хандра разгуляліся. Мне цяжка бачыць новых людзей. Таму і не зваў вас. Твар падабенства божага мне абрыдзеў, так мала ў ім божага. Але паколькі настрой гэты ўсё цягнецца і канца яму не відаць, а ў жываце нашым бог волен кожны дзень, то ўнуку майму Аляксандру належыць ведаць ва ўладанне чым ён уступіць пасля мае смерці і паспяховага адыходу ў тое, што пасля яе. Таму хай прыязджае да мяне на адзін-два дні…»
Матуля закрыла вочы рукою, пальцы яе дрыжалі.
— Я ведаю, Georges, чаму ён не хоча бачыць цябе. Гэта праз Кроера. Праз яго ён і мяне не любіць.
— Недарэчнасць, — сказаў пан Юры. — Ах, чорт стары, семдзесят восем год, я ён блазуе, як недаростак. У яго капрызы, як у цяжарнай! Ты для яго — слабая святоша. Я — сабачнік, няздатны на справу.
— Georges! Пры дзіцяці?! Ты што?
— А таму, каханая, — нечакана цвёрда сказаў пан Юры, — што з цябе здзекавацца я нiкому не дазволю, хоць бы і роднаму бацьку. Звык, у другім веку жывучы, мудраваць і свае прыхамаці вышэй за ўсё ставіць.
— Пакінь, — сказала пані Антаніда. — Я, напэўна, памылілася. Ён сапраўды старога веку чалавек. Столькі бачыў, што яму абрыдлі людзі, хочацца спакою.
І тут нечакана ўмяшаўся Алесь.
— А ў мяне ніхто не пытае, — сказаў ён.
— А што тут пытаць? — азваўся бацька.
— А тое, што я не паеду, — упарта сказаў сын. — Я не лялька. Цяжка яму бачыць людзей — хай не бачыць. Я таксама чалавек, а не кацянё якое.
Пані Антаніда спалохалася.