Жыцьцё пад агнём
- Автор: Юрэвіч Лявон
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая древняя литература
Электронная книга - «Жыцьцё пад агнём». Краткое содержание книги:
Адным лістападаўскім вечарам я працаваў у гумне. Сонца ўжо заходзіла, дзьверы гумна былі адчыненыя, і я сьвістаў — малады, здаровы, перапоўнены спадзяваньнямі на ўцёкі, гатовы да дзеяньня. Раптам я заўважыў, што да мяне набліжаецца Хельга, павольна пагойдваючы клубамі. Сонца асьвятляла яе ззаду, і я, надзіва, мог бачыць ейнае цела праз спадніцу. Я бачыў ейныя сьцёгны. Мне здавалася, я мог бачыць ейныя похвы, але гэна, відаць, была толькі гульня ўяўленьня. Я кінуў працаваць — стаяў у дзьвярах і глядзеў, як Хельга падыходзіць да мяне. Яна ўсё набліжалася й набліжалася, і нарэсьце ейныя грудзі датыкнуліся да маіх. Яна была крыху ніжэйшай за мяне, і я паглядаў на яе зьверху ўніз і ня бачыў нічога, акрамя ейных вусен — прыадкрытых, чырвоных, спакушальных. Ейныя грудзі былі цяжкімі і, здавалася, рухаліся ўверх-уніз. Яна спыталася, як я пачуваюся, і я адказаў, што добра, але што я хвалююся, бо гэта вялікая рызыка — стаяць зь ёй вось гэтак побач, таму што мяне могуць павесіць, калі знойдуць разам зь ёй. Я папярэдзіў яе, што яна таксама рызыкуе, бо сустрэне толькі зьнявагу й непрыманьне з боку сваёй грамады, і што яны паголяць яе ў пакараньне. Але яна проста глядзела на мяне й не прамаўляла ні слова. Я ня бачыў у ейных вачах ні страху, ні няўпэўненасьці. Хельга ўсё мацней прыціскалася да мяне грудзямі. Я ня мог даць ніякай рады й паклаў ёй руку на задок, пругкі й крэпкі. Мая рука шукала забароненае месца, і мне здалося, што яно павільготнела. Хельга дрыжэла ад узбуджэньня й падштурхоўвала мяне да сена. Мне спатрэбілася шмат фызічных намаганьняў, каб вызваліцца зь ейных абдымкаў і пабегчы. Я рынуўся ў нашую хатку, кінуўся на салому й гатовы быў заплакаць ад злосьці й зьнявагі. Увайшоў Косьцік, каб даведацца, што адбылося. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб супакоіцца й распавесьці сваю гісторыю. Косьцік выказаў думку, што Хельга можа ўзлавацца на мяне й зрабіць што-небудзь такое, што зашкодзіць нашым уцёкам. Ён лічыў, што мы мусім паскорыць свае пляны, і мы вырашылі сысьці наступнай ноччу.
А нараніцу, перад тым як мы выйшлі на працу, мы заўважылі, што нейкія два жандары размаўляюць пра нешта з нашым наглядальнікам. Пасьля невялікай спрэчкі наглядальнік падышоў да нас з Косьцікам і паведаміў, што нас пераводзяць назад у лягер. Мы абодва зьбялелі. Можа нехта, напрыклад, Хельга, пасьпеў данесьці на нас? І можа, нас пакараюць сьмерцю, калі мы вернемся ў лягер?
Мы сабралі свае невялікія пажыткі, затым нас накіравалі ў паліцэйскі ўчастак, а потым — назад у шталяг 1А. Вароты зачыніліся за намі, і мы йзноў апынуліся за калючым дротам, у атачэньні аховы й кулямётаў.
Упершыню ў жыцьці на мяне навалілася дэпрэсія. Я ляжаў на саломе ў бараку, зь яшчэ больш як пяцьцюдзесяцьцю шумнымі й няветлівымі ваеннапалоннымі. У вачах у мяне стаялі сьлёзы. Я спрабаваў вызначыць, як гэта ўсё адбылося. Верагодна нехта чуў, як мы плянавалі ўцёкі й данес на нас наглядальніку альбо фермеру.
Праз два дні нашыя целы наводнілі вошы. У нас усё сьвярбела. Раз на тыдзень нас адпраўлялі на дэзынфекцыю, але на наступны дзень пасьля гэтага вошы зьяўляліся йзноў. Я пачуваўся так, як быццам вошы выбралі мяне ў якасьці сваёй ахвяры, бо дэпрэсія не адступала. Я страціў усялякую надзею й дэградаваў псыхічна й фізычна.
Мае думкі ляцелі дадому, да маёй маці. Апошні раз я сустракаўся зь ёю ў лячомніцы, пасьля гэнага здарэньня. Мне пачалі сьніцца пра маці сны — некаторыя прыемныя, некаторыя жахлівыя. Калі я бачыў іх сярод ночы, я ня мог ужо заснуць. Аднойчы мне прысьнілася, што маці кліча мяне дадому. Гэта абудзіла ўва мне ўспаміны майго дзяцінства, але вось будучыні ў мяне, здаецца, ужо не было. У мяне не было ніякай моцы дзейнічаць, ніякага жаданьня падымацца раніцай. Я толькі валяўся на саломе ў чаканьні ежы, прытым што ў мяне зусім не было апетыту. Я ўставаў толькі на ранішнія й вячэрнія перазовы.
Некалькі польскіх афіцэраў і лекары зь мясцовага лягернага лазарэта заклікалі мяне згуляць зь імі ў карты й наўчыцца гуляць у брыдж. Я пайшоў да іх, але ня мог сачыць за гульнёй. Мяне нішто не цікавіла. Я зранку да вечара блукаў па лягеры безь ніякіх пачуцьцяў альбо мэты. Аднойчы я ўзгадаў, як падчас майго візіту ў лячомніцу да маці, яна спыталася, ці пабачыць мяне яшчэ калі-небудзь, і я запэўніў яе, што я яшчэ занадта малады, каб паміраць. Я ўспомніў, як паабяцаў ёй і сабе, што стану лекарам і раптам усьвядоміў, што не магу болей губляць часу й мушу й надалей плянаваць свае ўцёкі.
Плянаваньне ўцёкаў — гэта сапраўднае збавеньне для ваеннапалонных, бо ты ўжо ўяўляеш сваё жыцьцё зьмененым, робісься больш жвавым і не зважаеш ні на што, акрамя сваіх плянаў.