Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Жыцьцё пад агнём - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жыцьцё пад агнём

Электронная книга - «Жыцьцё пад агнём». Краткое содержание книги:

Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 84
Перейти на страницу:

Мой сябра Косьцік, які вучыўся ў тэхнічнай школе да таго, як яго прызвалі ў армію, мог няблага маляваць, а я, у сваю чаргу, умеў па-нямецку. Такім чынам, мы вырашылі распачаць у лягеры промысел, каб палепшыць сваё жыцьцё. Алоўкам Косьцік намаляваў «Омега» на маім танным гадзіньніку, каб той выглядаў даражэй, а я выправіўся прадаць яго альбо вымяняць у ахоўнікаў на хлеб, кілбасу, цыгарэты ці што яшчэ. Гэта было даволі небяспечна, бо калі б мяне злавілі, то расстралялі б. Аднойчы я блукаў па лягеры й адзін нямецкі салдат спыніў мяне й спытаў, што за гадзіньнік я маю. Я адказаў яму, што гэта бацькаў падарунак. Салдат заўважыў надпіс «Омега» і прапанаваў купіць у мяне гадзіньнік, бо палічыў, што ён сапраўдны, швэйцарскі. Я адмовіўся, бо, быццам бы, гадзіньнік гэны быў мне дарагі як памяць аб бацьку. Тады салдат прапанаваў мне два боханы хлебу й фунт кілбасы. Я йзноў адмовіўся. Немец расшчэдрыўся на тры боханы хлеба й два фунты кілбасы, на што я заўважыў: «Што карысьці ад успамінаў, калі чалавек, які мусіць іх захоўваць, ня зможа выжыць». Такім чынам, я памяняў свой гадзіньнік на хлеб і кілбасу!

Некаторыя з нас былі пазьней накіраваныя на палявую працу на ферму ў суседняй вёсцы Візандорф, каля сямідзесяці пяці кілямэтраў ад Кёнігзьбергу.

Нас разьмесьцілі ў нейкай старой хаце з саломай на подлозе замест ложкаў. Адзін немалады ўжо салдат, Хэрман, які, дарэчы, нагадваў мне пэрсанаж Шульца ў тэлевізійным шоў «Героі Хогана», быў даволі добразычлівым і зьвяртаўся да мяне проста, бо я разумеў па-нямецку. Ён параіў нам не рабіць ніякіх глупстваў, накшталт уцёкаў, бо мы й так будзем амаль вольнымі на гэтай ферме. Яшчэ ён растлумачыў, што будзе запіраць нас на ноч, а зранку будзіць. Ён пакінуў нас са словамі, што, калі мы будзем сябе добра паводзіць, то й ён таксама будзе спагадлівым да нас. Я паабяцаў, што, пакуль ёсьць ежа й годнае стаўленьне да нас, мы будзем стараннымі хлопцамі.

Я радаваўся, што мы ня ў лягеры. Сямья, на якую мы працавалі, паставілася да нас добра й нават выдавала нам чыстую бялізну. Дзякаваць гэтаму, у нас, прынамсі, не было вошай, хоць мы й павінны былі насіць сваю старую вайсковую форму. Акрамя таго, мне было прыемна бавіць дні на прыродзе, побач з коньмі. Я араў некалі на зямлі свайго дзеда, але тамака ў мяне быў просты плуг на аднаго каня, а тутака давялося мець справу з двума коньмі й падвойным плугам. Было цяжкавата кіраваць гэнымі коньмі, але, каб выжыць, мне трэба было наўчыцца рабіць гэта добра. Пасьля пары крывых баразён, гаспадар падахвоціў мяне, паказаўшы, як трэба кіраваць коньмі, і я пачаў набіраць спрыту.

Гаспадару было недзе каля шасьцідзесяці, і ён жыў са сваёй жонкай і дачкой Хельгай на ферме, а два ягоныя сыны былі на той час у арміі. Праца на ферме нагадала мне, як маленькім хлопчыкам я бывала йшоў за плугам свайго дзеда й размаўляў зь ім. На нейкі момант я забыўся, што быў ваеннапалонным. Але, калі надышоў вечар і мы пайшлі ў хату на вячэру, а дзьверы за намі зачынілі, я ўспомніў, што быў паднявольным.

Аднойчы ноччу я й Косьцік вырашылі сплянаваць уцёкі. Паколькі Косьцік быў адказным за фермерскую кухню (дзе харчавалася вялікая колькасьць работнікаў, шмат зь якіх таксама былі ваеннапалоннымі), ён мусіў забясьпечыць ежу. Я ж — распрацаваць маршрут, зрабіць усе неабходныя прыгатаваньні й прызначыць дату. Напачатку мы спыніліся на дваццатым лістапада, што дазволіла б нам зьнікнуць, пакуль ня выпадзе сьнег і нашыя сьляды будзе лёгка знайсьці.

Па начох мы, у моцным узбуджэньні й прадчуваньні, шэптам абмяркоўвалі свой плян. Гэныя пачуцьці вярнулі нас да жыцьця, і мы не маглі спаць — толькі размаўлялі да позьняй ночы. Мы марылі, як цудоўна гэта будзе: вярнуцца дадому, вучыцца. Мне — на лекара, а Косьціку — на інжынера. Як файна будзе йзноў пабачыць свае семьі, жыць дома, быць вольнымі.

Хельга прыносіла нам ежу на поле. Я стараўся трымацца ад яе далей і не падаўжаць нашыя кароткія сустрэчы, пазьбягаў усялякіх намёкаў. Я адчуваў, што гэная дзяўчына мела нешта да мяне, як, па-праўдзе, і я да яе. За палуднем я сустракаў позірк ейных блакітных вачэй, заглядаўся на ейныя сьветлыя валасы й файную, хаця й цяжкаватую крыху, фігуру. Для немкі яна была нават занадта прыгожай. Хельга звычайна апранала шырокую спадніцу й вузкую кашулю. Мне выдавала, што ейныя грудзі бы спрабуюць выскачыць з вузкага станіка. Але, калі дяўчына глядзела на мяне, я апускаў вочы, каб не прыцягнуць увагі ейнага бацькі. Ня думаю, што гэна было каханьне — хутчэй, фізычнае прыцяжэньне. Да таго ж, хаця Хельга й была ладна складзенай, маладой, здаровай жанчынай, поўнай жыцьця й энергіі, цень віселіцы стаў эмацыйным тормазам для маіх мараў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 84
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)