Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Праклятыя госці сталіцы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Праклятыя госці сталіцы

Электронная книга - «Праклятыя госці сталіцы». Краткое содержание книги:

Аўтар: “Гэта мая першая спроба раману. Тэатральны раман. Як і ўсе мае кнігі, яна шматузроўневая, шматслойная, ёсьць некалькі асобных сюжэтаў. Што да зьместу, нічога сказаць не магу. Бо я быў бы занадта кепскім пісьменьнікам, калі б мог адным-двума сказамі сказаць, пра што кніга. Яна, напэўна, больш крытычная ў параўнаньні з астатнімі маімі кнігамі. Бо тут вельмі пазнавальная беларуская рэчаіснасьць. У тым ліку і палітычная беларуская рэчаіснасьць”
(http://www.svaboda.org/).
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:

Наўкола панаваў аранжавы стэп, тутэйшымі тотэмамі былі рыба, кавуны й лякаматывы. Недалёка застыла ўласнае Мёртвае мора – салёнае возера, у якім немагчыма патануць, чароўная лямпа мінэральнага аладзіна. Мясцовыя насельнікі рэдка наведвалі гэтую перліну роднай прыроды, затое ўлетку сюды дзікунамі прыязджалі пракажоныя нават зь Фёдара-Кузьмічска, ставілі палаткі, адольвалі, абуўшы гумовыя віетнамкі, саляныя таросы, што, нібы бялок яешні, атачалі жаўток густой, нерухомай вады, уваходзілі ў возера асьцярожна, як паганцы, якія надумалі храсьціцца.

Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту №7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.

14.

Мы ўсе падобныя да знакамітых людзей, хаця б звонку. Няхай не цалкам, няхай не да кагосьці пэўнага, а адразу да некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да...” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.

Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.

15.

Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.

“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай і блішчэлі, як у нутрыі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)