Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 69
Перейти на страницу:

Аўстрыяк жаласьліва ўсьміхаўся і выстаўляў наперад далонь. Ён не разумеў ані слова. Ён хацеў занурыцца ў сваю брашуру, якая тлумачыла яму на мясцовым, досыць сярдзітым дыялекце ангельскай мовы, што Беларусь стала членам ЮНЭСКА ў 1954 годзе і што нацыянальнай жывёлай гэтай краіны ёсьць бізон. Апрача таго, брашура паведамляла, што захаваньне гістарычнай спадчыны — гэта абавязак кожнага грамадзяніна і найважнейшы дзяржаўны клопат.

Аўстрыяк ня ведаў, што такое ЮНЭСКА. Ён прыехаў сюды, каб знайсьці якую-небудзь недарагую рускую жанчыну і прывезьці яе дамоў да наступленьня зімовых халадоў. Зімовыя халады яго пужалі. Расказвалі, што некалі тут замярзалі жыўцом цэлыя арміі. Аўстрыяк быў уражлівым чалавекам — вось і цяпер, у самы разгар лета, седзячы ў гэтым аўтобусе, дзе ўвесь час грала аглушальнае радыё, а чалавек побач зь ім траскатаў, як бразыльскі футбольны камэнтатар, аўстрыяк уяўляў сабе бясконцую чараду ледзяных салдатаў, замерлых уздоўж дарогі. Салдатаў, якіх зацярушвае дзікая славянская завея. А недарагія жанчыны, якіх хацелі ўратаваць тыя ваяры, бегаюць паўголыя па сьнезе, рагочуць і ганяюць бізонаў. І кожная ведае, што ў 1954 годзе іхная краіна ўступіла ў гэтае загадкавае ЮНЭСКА.

Жанчыну ён, здаецца, знайшоў — толькі наконт кошту пакуль не дамовіўся. І яна, не сказаўшы пакуль ні «так», ні «не», выправіла яго сюды. Абвясьціла, што яму трэба абавязкова зьезьдзіць у іхны беларускі замак, інакш яна пакрыўдзіцца. ЮНЭСКА — сказала яна, падняўшы палец угару. Што ўсё ж значаць гэтыя шэсьць вялікіх, як праваслаўныя купалы, літар? — раздражнёна падумаў аўстрыяк. І як іх маглі туды ўзяць, у тое ЮНЭСКА, зь іхнымі бізонамі, зь іхнымі халадамі, іхным страшным альфабэтам? І што, дзеля ўсяго сьвятога, хоча ад мяне гэты надакучлівы сусед, у якога так непрыемна пахне з рота?

А чалавек у акулярах не пакідаў яго ў спакоі: «Яны кажуць: Краіна Замкаў! Ня бачылі? Так і пішуць: Беларусь — Краіна Замкаў! Хаха».

«Хаха», — паўтарыў умольна аўстрыяк, зноў выставіўшы наперад далонь — але марна.

«Краіна Замкаў! — пагардліва крэкнуў неадчэпны сусед. — А іх тут раз-два і… Ну Мір, ну Нясьвіж, яшчэ парачка, ну і гэты, куды мы едзем, не хачу называць… Усё. Кажу вам: рэальна ўсё! Дый тое, зараз пабачыце — пасьля рэстаўратараў там жывога месца не засталося. Ня замак, а, выбачайце, ахвяра аборту!»

Ён пераможна азірнуўся і абвёў вачыма іншых пасажыраў, якія старанна рабілі выгляд, што ня слухаюць.

«Дык а чаго ты на экскурсію едзеш, калі ахвяра? — нарэшце ляніва запытаўся нехта ззаду. — Сядзеў бы дома».

«Вот народ, всё б своё обсирать, не могу», — адразу ж сказала нейкая Жанчына ў Зялёным, не адрываючы позірку ад акна.

Над замкам вісела хмара, праколатая тонкім сонечным променем. І прамень апускаўся да самай замкавай вежы, і там, дзе ён дакранаўся да яе, лунала дзіўная сьвецень.

«А я ганаруся нашай краінай», — тонкім голасам сказаў чалавек са значком і падняўся зь месца. Нехта запляскаў, іранічна, павольна, з адцяжкай.

«Вы ў аўстрыяка спытайце!» — чалавек у акулярах паказаў пальцам на свайго суседа, які цяпер вымушаны быў жаласьліва ўсьміхацца ўсяму аўтобусу. Аўстрыяка ўважліва разглядзелі, нехта нават азірнуўся, каб паціснуць яму руку.

«А что этот австрияка? Его дедуля здесь, видать, в свое время наделал делов, — сказаў мужчына з вусамі, пра якога з дакладнасьцю можна сказаць, што ў яго ёсьць дача ў пасёлку для адстаўных вайскоўцаў. — Австрийцы тоже в вермахте служили, забыли, а? Ещё и добровольцами записывались. Семьдесят лет родину после них отреставрировать не можем. А что, не так? Пусть расскажет».

«Господа! — з дакорам прамовіла жанчына з турбюро, якая сядзела ля дзьвярэй. — Господа, вы же взрослые люди! Мы уже почти приехали!»

Цёмна-чырвоныя муры, забытыя на жоўтым узгорку, цені на іх, хуткія, бясшумныя, як манахі — падбіраюць крысьсе, апускаюць капюшоны, таропка прашмыгваюць ля самай зямлі. Кажуць, яны пражылі разам ужо шэсьцьсот гадоў: гэты замак, гэтая хмара, гэтае сонца.

Недзе мы такое ўжо бачылі. У нейкім навукова-папулярным сьне.

«Девушка, а вы одна едете? — нахіліўся да маўклівай дзяўчыны ў белым вясёлы, страката апрануты барадаты бляндын, які глядзеў на яе ўсю дарогу. — Давайте я ваш рюкзак…»

Яна зірнула яму ў вочы і ўсьміхнулася, але прамаўчала. Усьмешка яго падбадзёрыла.

«Я говорю, давайте я ваш рюкзачок того, — навісаў ён. — Того, на полочку».

«Зачем?» — спытала яна, зноў ўсьміхнуўшыся. Тонкая, застылая, пазычаная ўсьмешка, але бляндынчык падняўся зь месца, расправіў плечы, ухапіўся за паліцу дзьвюма рукамі, быццам хочучы на ёй падцягнуцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)