Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
- Автор: Ницше Фридрих Вильгельм
- Язык: белорусский
- Переводчик: Василий Сергеевич Сёмуха
- Жанр: Философия
Электронная книга - «Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)». Краткое содержание книги:
Хто мяне яшчэ любiць?
Дай мне цяпла тваiх рук,
Дай жару астыламу сэрцу!
Дай самотнiку лёду!
Бо сем зледзянелых покрываў
Навучылi мяне сумаваць па ворагах,
Скарыся мне, лiхамыснiк!
Дай мне - сябе!
Памчаўся прэч!
Пакiнуў мяне, адзiны, апошнi сябар,
Першы непрыяцель,
Нязведаны Бог, Бог, тартураў i смерцi!
- Не! Вярнiся!
Вярнiся з усiмi пакутамi!
Вярнiся да апошняга самотнiка!
Патокi слёз маiх цякуць за табою
I полымя сэрца!
О вярнiся!
Мой нязведаны Божа!
Мой боль!
Маё апошняе шчасце!
2
Але тут Заратустра ўжо не мог стрымацца, схапiў кiя i штосiлы пачаў бiць зарумзанага чарадзея. "Перастань! - усклiкнуў ён са злым смехам. - Перастань ты, камедыянт! Утры нюнi! Фальшываманетчык! Зацяты хлус! Я бачу цябе наскрозь!
Вось зараз я табе ўвалю, подлы чарадзей, гэта я ўмею - разаграваць такiх спруцянелых, як ты!"
"Кiнь! - крыкнуў стары i ўскочыў з зямлi. - Не бi мяне больш, о Заратустра! Я толькi пацвялiў цябе!
Гэта - адна выява майстэрства майго; я хацеў выпрабаваць цябе, падсiлiць цябе гэтай спакусе! I сапраўды, ты раскусiў мяне!
Але i сам ты - нямала даў мне ўведаць пра цябе: ты жорсткi, мудры Заратустра! Моцна б'еш сваiмi "iсцiнамi", i твая доўбня выбiла з мяне гэтую iсцiну!
"Не лiжыся, - адказаў Заратустра, усё яшчэ гневаючыся, i змрочна зiрнуў на яго, - не лiжыся мне, зацяты блазен! Ты хлус: цi табе гаварыць пра iсцiну!
Ты, паўлiн над паўлiнамi, ты, мора славалюбства, што разыгрываў ты перад мною, у каго павiнен быў паверыць я, калi ты размазваўся перад мною так нiкчэмна?"
"Я прытвараўся тым, хто каецца духам, - сказаў стары, - iм я прытвараўся: ты сам выдумаў калiсьцi гэты выраз,
- паэта i чарадзея, якi канчае тым, што паварочвае дух свой супроць сябе самога, я разыгрываў пераўтворанага, якi замярзае ад свайго няведання i благога сумлення.
I прызнайся ж, Заратустра: не адразу разгадаў ты мае хлусню i прытваранне! Ты паверыў у гора маё, калi аберуч падтрымлiваў маю галаву.
- i я чуў, як ты жалiўся: "Яго надта мала любiлi, надта мала любiлi!" I тайна радавалася злосць мая, што здолеў я так спрытна цябе абдурыць".
"Ты ашукваў i больш празорлiвых за мяне, - рэзка адказаў Заратустра. - Я не баюся падманшчыкаў, я павiнен жыць без асцярожлiвасцi: так хоча мая доля.
А ты - павiнен падманваць: настолькi я ведаю цябе! Твае словы павiнны заўсёды мець два, тры, чатыры i болей сэнсаў. I тое, у чым ты прызнаваўся цяпер, не было да канца нi праўдай, нi хлуснёю!
Ты, подлы фальшываманетчык, хiба можаш iнакш? Ты i хваробу сваю замажаш грымам, калi давядзецца табе паказацца голым свайму лекару.
Так i цяпер прыхарошыў ты перад мною сваю хлусню, кажучы: "Я назнарок разыгрываў гэта!" У гэтым было i нешта сур'ёзнае, i ў табе самым ёсць нешта ад таго, хто каецца духам!
Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамi ўсiх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося нi маны, нi хiтрасцi - ты сам у сабе расчараваны!
Ты жнеш агiду як адзiную тваю iсцiну. Усё, што сыходзiць з вуснаў тваiх, хлусня i фальш, i толькi самыя вусны - адзiнае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агiда прылiпла да вуснаў тваiх".
"Хто ты такi, каб так гаварыць са мною, найвялiкшы з жывых?" - пагардлiва сказаў стары чарадзей, i зялёная маланка блiснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панiк i сумна сказаў:
"О Заратустра, я стамiўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агiднае, я не вялiкi - навошта прыкiдвацца! Але табе добра вядома - я шукаў велiчы!
Я толькi хацеў паказаць вялiкага чалавека i многiх пераканаў у сваёй велiчы: але мана аказалася вышэйшай за мае сiлы. На ёй я паламаўся.
О Заратустра, усё - мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё - гэта праўда!"
"Гэта робiць табе гонар, - змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! Гэта робiць табе гонар, што шукаў ты велiчы, але гэта сама i выдала цябе. Ты не вялiкi.
Ты - гаротны стары чарадзей, гэта i ёсць сама лепшае i праўдзiвае ў табе, i я шаную цябе за тое, што ты стамiўся ад самога сябе i сам прызнаў, што не вялiкi.
За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно iмгненне, але ты быў праўдзiвы!
А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў i ў маiх лясах? I калi дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?
- у чым спакушаў ты мяне?"
Так гаварыў Заратустра, i яго вочы блiшчалi. Стары чарадзей памаўчаў крыху i адказаў: "Хiба я цябе спакушаў? Я толькi шукаю.
О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзiвага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсiм, праведнiка пазнання, сасуд мудрасцi, вялiкага чалавека!
Хiба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру".
I тады настала доўгае маўчанне, i Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калi вярнулiся да субяседнiка думкi, ён узяў чарадзея за руку i сказаў яму ветлiва, але не без хiтрасцi:
"Ну што ж! Там, угары, - дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй i шукай, каго ты хацеў знайсцi.
I спытайся парады ў маiх звяроў - у арла i ў змяi: яны дапамогуць табе ў тваiх пошуках. А пячора мая вялiкая.
Праўда, сам я нiколi яшчэ не бачыў вялiкага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлiвых на ўсё вялiкае. Сёння пануе чэрня.
Я ўжо сустракаў многiх, якiя цягнулiся ўгору i надзiмалiся, а народ крычаў: "Глядзiце, вось вялiкiя людзi!" Але якi толк у кавальскiх мяхах! Урэшце паветра выходзiць з iх.
Зрэшты, лопаецца i жаба, якая надта доўга надзiмалася, i паветра выходзiць з яе. Па-мойму, неблагая штука - тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткi!
Усё сённяшняе належыць чэрнi: хто сёння ведае, дзе вялiкае, дзе малое? У каго пошукi велiчы ўвянчалiся поспехам? Толькi ў бязглуздых: iм дадзена гэта шчасце.
Ты шукаеш вялiкага чалавека, дзiўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хiба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нiкчэмны шукальнiк, навошта спакушаеш мяне?"
Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваiм, i, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.
У адстаўцы
Па доўгiм часе пасля таго, як Заратустра пазбавiўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзiць на дарозе, якою ён iшоў, - нейкi высокi чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмi засмуцiўся, убачыўшы яго. "Шкада, - сказаў ён сэрцу свайму, - вось сядзiць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што iм трэба ў царстве маiм?