Рэквіем для бензапілы
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:
Правёўшы сяброўку на тралейбус, я выбіраў такі зваротны маршрут, каб трымаць на воку сваё вакно, аднак нічога падазронага ні разу не заўважыў. Спыняючыся на пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі, а потым каля кватэры, я ператвараўся ў слых, ды ніякіх мелодыяў ці іншых гукаў з-за маіх дзвярэй не даносілася. Зрэдку пах дыму ў кватэры меў большую насычанасць, чым тады, калі я выкурваў абавязковую цыгарэту перад адыходам. У такім разе, распрануўшыся, я даставаў з пачка яшчэ адну. Аднак выпадалі вечары, калі ў гэтым не было ніякае неабходнасці, і ўва мне мацнеў голас, які пераконваў, што грудкі попелу ў вачніцах у аднарогага чорта, гэтаксама як уключаны не маёй рукою вентылятар, цені за матавым шклом і ўсё астатняе, калі і не прымроілася мне, дык адплыло ў невараць. Здаралася, я толькі прыслухоўваўся да супакойлівага голасу, а здаралася - з ахвотаю браўся дапамагаць яму, успамінаючы просценькую параду Дэйла Карнэгі: пасадзіце непрыемнасці ў купэ і адпраўце цягнік ва ўчарашні дзень.
Я занатоўваю дэталі так падрабязна, бо хачу - гэта ўяўляецца мне вельмі істотным - намаляваць як мага дакладнейшы «партрэт» свайго тагачаснага псіхічнага стану.
Кастрычнік стаяў пагодлівы і прыгожы. Мой унутраны ландшафт вярнуў сабе раўнавагу, і эксперыменты працягваліся ўжо пераважна па інерцыі. Я навучыўся на далёкіх подступах блакаваць няўтульную думку, што хтосьці паралельна ставіць доследы нада мною і што мае ўласныя эксперыменты - толькі запланаваная частка ягоных, падпарадкаваных свайму рытму і свайму строгаму графіку.
Здаецца, я пісаў, што перыяд эксперыментаў завяршыўся першым сном, які не быў у поўным сэнсе падарожжам. Згадзіцеся, гучыць настолькі ж няўцямна, як і велягурыста. Эксперыменты падразумяваюць канкрэтыку і матэрыяльныя доказы, таму ўношу ўдакладненне: той перыяд завяршыўся недакуркамі са слядамі памады.
Зноў была пятніца, дзень, калі мы з Наташаю належалі адно аднаму даўжэй, чым звычайна. Ад раніцы церусіў дождж - надвор'е, якое яна любіла болей за любое іншае. Нам з ёю ніколі не бывала сумна ні за сталом, ні ў пасцелі, але ў дажджлівыя дні мы, дзякуючы Наташы, як быццам пілі ўсё з поўных келіхаў. Яе фантазія абавязкова нараджала што-небудзь незвычайнае на кухні. Яшчэ больш пікантныя стравы падаваліся ў ложак, які ў дождж мая сяброўка залішне рамантычна называла каравелай.
Таго дня наш карабель пад акампанемент кропляў на падваконні плыў наперад пад усімі ветразямі...
Мы выбавіліся з дому каля дзевятай гадзіны, але па дарозе пачалі пад парасонам цалавацца і, не згаворваючыся, павярнулі назад. Я трымаў Наташу за руку, глядзеў на мокрае цёмна-бурштынавае лісцё пад нагамі і ўпершыню думаў, што ў нас з ёю ўсё можа атрымацца і тады, калі мне не трэба будзе праводзіць яе ўвечары на тралейбус.
У калідоры мы, быццам сустрэліся пасля доўгай ростані, проста задыхнуліся ў пацалунку.
Я ўпэўнены: наша фізічная іпастась, самі чалавечыя целы, таксама надзеленыя дарам прадбачання і прадчування і бываюць чуйнейшымі за душы. У той вечар душы залагоджана драмалі, а целы... Целы, чуючы блізкае расстанне, кінуліся развітвацца.
Наташа, сяброўка мая, ты не прачытаеш гэтых старонак, аднак, калі ўсё ж прычыніцца неверагоднае, ведай, што, як мы другі раз ішлі на прыпынак, ішлі, забыўшы парасонку, хутка, быццам уцякаючы, і я стараўся думаць, што ў цябе на твары не слёзы, а дажджавыя кроплі, у тыя хвіліны ты не пачула ад мяне ніводнага хлуслівага слова. Гэта праўда, ні з кім да цябе я не адчуваў сябе настолькі мужчынам і настолькі самім сабою...
Але праўда і тое, што здарылася, калі мы запалілі святло.
Наташа паднялася з ложка і прайшлася па пакоі ва ўсёй раскошы свайго жаночага хараства.
На вішнёвым кіліме стаялі шклянкі, недапітая зялёная бутэлька і попелка. Наташа перанесла шклянкі на пісьмовы стол і вярнулася па чорта з адбітым рогам. Я працягваў любавацца ёю і тады, калі яна, паставіўшы поўную недакуркаў попелку на край стальніцы, павярнулася да мяне з нязвычна разгубленым тварам.
- Можна ў цябе запытацца? - Яе голас вібраваў, як струна.
Я сеў.
- Ты фарбуеш вусны?
- Не разумею... - Надышла мая чарга разгубіцца.
- Тады адкажы, што гэта такое?
Яна выбрала некалькі недакуркаў, паклала іх на далонь і, як бы нечага баючыся, наблізілася да мяне.
Гэта былі пяць ці шэсць скураных ледзьве напалову або адразу патушаных цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn» з трыма тонкімі - параю залатых і пасярэдзіне іх зялёным - абадкамі, каля якіх густа пунсавелі сляды памады.